«Financial Times» склала спіс найуплывовейшых жанчын 2023 года. Хто ў яго ўвайшоў


Брытанскае выданне «Financial Times» апублікавала штогадовы спіс самых уплывовых жанчын свету. Ён складзены на падставе думак журналістаў рэдакцыі, чытачоў і экспертаў з розных галінаў. Удзельніцы спісы класіфікуюцца паводле трох катэгорыяў: «Стваральніцы», «Лідаркі» і «Гераіні», аднак у самім спісе адсутнічае рэйтынг.

Самыя ўплывовыя жанчыны паводле «Financial Times».
Фота: ft.com

У спіс найуплывовейшых жанчын трапілі ўладальніцы прэстыжных узнагародаў, «але нават Нобэлеўскія прэміі, Пулітцэраўскія прэміі, Грэмі і Кубкі свету не могуць цалкам адлюстраваць шматграннага характару іхнай працы», заявіла рэдактарка «Financial Times» Роўла Халаф.

Стваральніцы

Узначальвае спіс стваральніц Марга Робі – аўстралійская акторка і прадзюсарка, вядомая ролямі ў блокбастарах «Атрад самазабойцаў», «Аднойчы ў Галівудзе» і многіх іншых. Робі двойчы намінавалася на «Оскар», чатыры разы – на «Залаты глобус» і пяць разоў – на прэмію Брытанскай кінаакадэміі. Спрадзюсаваны пры ейным удзеле і фільм «Барбі», дзе яна да таго ж згуляла галоўную ролю, здолеў сабраць больш як 1 мільярд долараў касавых збораў за лічаныя тыдні.

Таксама ў спіс увайшлі амерыканская пісьменніца і паэтка Барбара Кінгсолвэр, узнагароджаная сёлета «Пулітцэраўскай прэміяй», дызайнерка Фібі Філа, пад кіраўніцтвам якой марка «Old Céline» увайшла ў тройку самых запатрабаваных брэндаў у свеце, ды амерыканская спявачка Б’ёнсэ, якая за сваю карʼеру атрымала 28 прэміяў Грэмі, што стала абсалютным рэкордам. Апроч таго, у намінацыю трапілі індыйская акторка і спявачка Алія Бхат, нігерыйская пісьменніца і арганізатарка фестываляў Лола Шанеін і паўднёвакарэйскі дзявочы гурт «Aespa».

Лідаркі

Катэгорыю лідаркі ачольвае Міра Мураці – тэхнічная дырэктарка «OpenAI», што займаецца штучным інтэлектам. Раней яна працавала над аўтамабілем «Tesla Model X» і займалася распрацоўваннем тэхналогіяў у «Leap Motion».

Апроч яе, у спіс трапілі генеральная дырэктарка «General Motors» Мэры Бара, старшыня Еўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен, генеральная дырэктарка біятэхналагічнай кампаніі «Kiverdi» Ліза Дайсан і генеральная дырэктарка японскай кампаніі «Suntory Beverage and Food» Макіка Она. Спіс лідарак дапоўнілі акторка і прэзідэнтка прафсаюзу Фрэн Дрэшэр, першая жанчына, якая ўзначаліла фірму «вялікай чацвёркі», Джанэт Трункале, радная Федэральнай рады Швейцарыі Карын Келер-Сатэр, выканаўчая дырэктарка «United Parcel Service» Кэрал Томэ і міністарка навакольнага асяроддзя і змены клімату Бразіліі Марына Сіўва.

Гераіні

Сярод гераінь першай адзначаная іранская праваабаронца і палітычная зняволеная, лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру Наргес Магамадзі, якой агулам прысудзілі 31 год пазбаўлення волі і 154 удары бізунамі.

Кампанію ў спісе ёй склалі палітычна актыўная амерыканская тэнісістка, шасціразовая пераможца WTA Tour у адзіночным разрадзе і васьміразовая ў парным Коры Гаўф, танзанійская юрыстка Элізабэт Марума Мрэма, якая займае пасаду намесніцы выканаўчага дырэктара Праграмы ААН у навакольным асяроддзі, першая лэдзі Украіны Алена Зяленская, нобэлеўская лаўрэатка з Вугоршчыны Каталін Карыка, якая дапамагла перамагчы каронавірус, тайваньская актывістка Чэн Чыен-Джоў і іспанская футбалістка Джэні Эрмоса.

Агляд
Хто такая Наргес Магамадзі, якой далі Нобэлеўскую прэмію міру? І чаму не далі Ціханоўскай
2023.10.06 19:40

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў