Сілавікі затрымалі 22 палітвязняў, якія адбываюць пакаранне на «хіміі»


Ад раніцы 30 кастрычніка ў папраўчых установах адкрытага тыпу па ўсёй Беларусі байцы ГУБАЗіКу і АМАПу ладзілі затрыманні, ператрусы, допыты і выняцце тэлефонаў на «праверку» ў палітзняволеных, асуджаных да абмежавання волі («хіміі»). Па інфармацыі ПЦ «Вясна», «зачыстка» прайшла мінімум у 12 папраўчых установах.

Тэлеграм-каналы сілавікоў 31 кастрычніка апублікавалі некалькі «пакаяльных» відэа з палітвязнямі, якія нібыта прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце «плана Перамога», а пазней яшчэ і відэа з затрыманнямі вязняў за татуіроўкі. Так, напрыклад, на адным з каналаў сцвярджаецца, што ў гомельскім ПУАТ-17 і мазырскім ПУАТ-21 ГУБАЗіКам і АМАПам «была праведзена вялікая прафілактычная праца, а асабліва непанятлівыя былі затрыманыя за адміністрацыйныя правапарушэнні і змешчаныя ў ІЧУ».

Агулам затрыманыя мінімум 22 чалавекі, але праваабаронцы ведаюць прозвішчы пакуль толькі шаснаццаці з іх. Палітвязняў судзяць па адміністратыўных справах і ўтрымліваць у раённых ІЧУ.

Вядома, што Дэвіду Шаракову і Дзмітрыю Гурэеву з ваўкавыскай ПУАТ-29 прызначылі па 6 содняў арышту, а Арцёму Ляшнеўскаму – 20 базавых велічыняў штрафу. Арышты палітвязні адбываюць у ІЧУ Ваўкавыска. Таксама суды прайшлі над Аляксандрам Сячко і Андрэем Разуваевым, але вынікі невядомыя. А 4 кастрычніка будуць судзіць па арт. 19.11 КаАП палітзняволеных Кацярыну Батуру і Алену Лысковіч, якія адбываюць тэрмін на гарадзенскай »хіміі« – ПУАТ-25.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў