Беларусь – адзіны шанец для Расеі пераламіць сітуацыю


Паўзучая акупацыя Беларусі працягваецца. Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што Беларусь можа апынуцца пад ударам, таму фармуюць супольную абарончую прастору: ад функцыянавання адзінай рэгіянальнай групоўкі да агульнай сістэмы паветранай абароны. Хіба Расея гатовая стварыць паветраны шчыт над Беларуссю, бо разумее, што рана ці позна можа быць адказ на запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі. Пуцін выкарыстае Беларусь, каб паспрабаваць змяніць хаду вайны?

Калі вайна і не да маштабных супольных вучэнняў. Крэмль і Лукашэнка ствараюць у Беларусі два дадатковыя навучальна-баявыя цэнтры для супольнага рыхтавання войскаў да двух ужо існых. Іх размяшчэнне пакуль невядомае, але вядомая задача нумар адзін: падрыхтаваць расейскіх мабілізаваных, якіх, як у топку, кідаюць на першую і другую лініі на поўдні і ўсходзе Украіны.

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка мяркуе, што з самога пачатку вайны было зразумела: Лукашэнка абраў ролю лагістычнага памагатага Расеі. І робіць усё, што Расея можа жадаць:

«Цалкам лагічна, што ў Беларусь прыедзе не нейкая вялізарная вайсковая армада, а прыедуць расейскія мабілізаваныя, не здатныя да вядзення баявых дзеянняў. Іх трэба дзесьці навучаць, у Расеі цяпер бракуе і структураў, і банальна афіцэраў у расейскай арміі не паболела».

Гэтыя цэнтры могуць рыхтаваць не гарматнае мяса, а спецыялістаў для абслугоўвання зенітна-ракетных комплексаў С-400 і пілотаў для самалётаў-знішчальнікаў Су-30. А нават спецыялістаў для расейскіх «Іскандэраў-М». Але ёсць нюанс. Паводле міжнароднага права, ракетныя комплексы з дальнасцю больш за 300 кіламетраў Беларусь мець не можа.

«На акупаванай тэрыторыі размяшчаецца тое, што неабходна акупанту, – каментуе дырэктар «New Geopolitics Research Network» у Кіеве Міхайла Самусь. – Ёсць бюракратыя па інерцыі. Калі казаць пра пілотаў авіяцыі, там можна праводзіць навучанне, супольныя заняткі. Гэта карысна. Калі казаць пра паветраную абарону, то ў Беларусі можна размяшчаць С-400. Гэта нармальна. Але калі мы кажам пра рэжым Пуціна і Лукашэнкі як пра далягляд планавання, то да бюракратыі гэта не адносіцца. Бюракраты нават наступнага дня пасля ліквідацыі Пуціна будуць у тых загадах і папяровых замках, якія ў іх існуюць».

Акрамя дадатковых двух навучальна-баявых цэнтраў, Лукашэнка заявіў пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў. Паводле афіцыйнага Менску, у Беларусь прыбудуць каля 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, 170 танкаў і 200 браняваных баявых машынаў. Што праўда, пакуль не відаць такой колькасці ні людзей, ні тэхнікі. Аднак эксперт мяркуе, што найбліжэйшымі тыднямі ў Беларусь масава завязуць расейскіх мабілізаваных:

«Упэўнены, што Расея паспрабуе перакінуць да 50 тысяч «мобікаў», у любым выпадку такая логіка працэсаў. Беларусь насамрэч можа застацца адзіным шанцам для Расеі, каб пераламіць сітуацыю. З 24 лютага Беларусь застаецца залатой акцыяй. Калі яны страцяць Беларусь, то крах будзе вельмі хуткі».

Пакуль для Расеі складваецца такая сітуацыя, што застопарыўся фронт на поўдні і на ўсходзе. Няма ніякіх магчымасцяў. Колькі б туды мабілізаваных ні кінулі, яны трапляюць у топку. А ў Беларусь, калі завезці 50 тысячаў мабілізаваных і дадаць да іх каля 20 тысяч кантрактнікаў з УС РБ, можна ўжо думаць, каб пайсці зноў на Кіеў, Чарнігаў ці нанесці ўдар па заходняй частцы Украіны. Такі сцэнар можа азначаць адно – не канец Украіны, а канец жыцця Лукашэнкі: не толькі палітычнага, але і фізічнага.

Паводле Міхайлы Самуся, няма сумневу, што ўкраінская армія пойдзе на Менск:

«Я ўжо некалькі разоў казаў. Дэмакратычнае кіраўніцтва Беларусі па-за Беларуссю пакуль не рэагуе. Я раю проста цяпер ствараць Нацыянальную гвардыю дэмакратычнай Беларусі, думаю, на тэрыторыі Украіны, гэта будзе найлепш. Усе грамадзяне Беларусі па жаданні могуць туды ўступаць, і гэтая Нацгвардыя стане асноваю новых узброеных сілаў Беларусі».

У кантэксце гэтага старшыня КДБ замест байкі пра баявых камароў пужае войскамі NATO, якія нібыта вераломна ўвойдуць у Сінявокую з боку Польшчы.

«Антыпольская, антылітоўская рыторыка стала магутнаю часткаю лукашэнкаўскай прапаганды, асабліва пасля 2020 года. Яна скіраваная на ўнутраную аўдыторыю, але таксама, каб паказаць Маскве: глядзіце, мы тут не спім у шапку. Мы абараняем нашыя заходнія рубяжы саюзнай дзяржавы», – упэўнены Вадзім Мажэйка.

У Беларусі не спыняюцца вайсковыя зборы. Камісарыяты закупляюць рэкордную колькасць бланкаў для позваў. Усё гэта прыкметы магчымай мабілізацыі.

Вольга Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў