У Беларусі створаць рэестр распаўсюднікаў рэкламы. Не ўключаным у спіс размяшчаць рэкламу забароняць


Плакат з сацыяльнай рэкламай «Ламаць – не будаваць» ва Уруччы. Менск, Беларусь. 19 сакавіка 2021.
Фота: АВ / Белсат

На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з’явіўся Указ №426 ад 2 лістапада «Аб размяшчэнні (распаўсюдзе) рэкламы», падпісаны Лукашэнкам. Дакумент прадугледжвае стварэнне з 1 студзеня рэестру рэкламараспаўсюднікаў. З 1 лютага тым, хто не ўвойдзе ў рэестр, будзе забаронена аказваць паслугі па размяшчэнні рэкламы.

Фармаваць рэестр будзе Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. На сайце МАРГ і мусіць быць размешчаны рэестр.

Без уключэння ў рэестр можна будзе аказваць паслугі па размяшчэнні наступных відаў рэкламы:

  • вонкавая рэклама;
  • рэклама на транспартных сродках і ўнутры іх салонаў;
  • рэклама з дапамогай тэлефоннай, тэлекснай, факсімільнай, сотавай электрасувязі, электроннай пошты;
  • рэклама ў будынках (памяшканнях, збудаваннях), а таксама ў месца правядзення культурных, адукацыйных, спартовых, спартова-масавых, турыстычных мерапрыемстваў, спаборніцтваў, конкурсаў, выставаў, семінараў, канферэнцый і іншых падобных мерапрыемстваў;
  • рэклама на папяровых носьбітах, якія не адносяцца да друкаваных сродкаў масавай інфармацыі;
  • рэклама ў Інтэрнэце, не звязаная з размяшчэннем у сеткавым выданні.

Рэкламараспаўсюднікаў змогуць выключыць з рэестру ў выпадку парушэння заканадаўства аб рэкламе, і калі рэкламараспаўсюднік не выправіць гэтае парушэнне. Савет міністраў таксама можа вызначыць іншыя падставы для выключэння з рэестру. Да рэкламараспаўсюдніка рашэнне аб выключэнні мусіць быць даведзеная цягам 5 дзён. За паўторным уключэннем у рэестр можна будзе звяртацца толькі праз паўгады.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў