Як Расею змянялі прайграныя войны


Расейскія ўра-патрыёты любяць распавядаць, што «Расея цягам усёй сваёй гісторыі ніколі ні на кога не нападала». Чым больш зацягвалася вайна ва Украіне, тым часцей на мітынгах казалі пра «непераможную Расею». Насамрэч яна з моманту самаабвяшчэння ў 1547 годзе Івана Жахлівага «царом і вялікім князем усяе Русі» і перайменавання Маскоўскага царства ў Расейскае зведала шмат паразаў.  Іх наступствы часта мелі нашмат большы ўплыў за перамогі. «Белсат» падабраў прыклады найбольш вядомых.

Лівонская вайна (1558–1583)

Цар Іван Жахлівы ў 1558 годзе вельмі паспяхова распачаў вайну з Лівонскаю канфедэрацыяй. Тая ў сваю чаргу папрасіла дапамогі ў Вялікага Княства Літоўскага, з якім у 1561-м заключыла Віленскую унію. Пасля гэтага маскоўскае войска вайною пайшло на ВКЛ і захапіла Полацк. Тэрытарыяльныя страты ВКЛ прывялі да заключэння ў 1569-м уніі з Каралеўствам Польскім і ўтварэння Рэчы Паспалітай. Стэфан Баторы атрымаў перамогу над Іванам Жахлівым, і ў 1582-м было заключанае перамір’е на 10 гадоў.

 

Стэфан Баторый пад Псковам. Аўтар: Ян Матэйка (1872) Крыніца: Каралеўскі замак у Варшаве.

Іван Жахлівы адмаўляўся ад Лівоніі ды захопленых раней беларускіх земляў, а ў наступным годзе па перамір’і са Швецыяй Расейскае царства страціла шэраг гарадоў над Балтыйскім морам, пакінуўшы да яго вузкі праход. Яшчэ ў часе Лівонскай вайны ў 1565 годзе Іван Жахлівы разгарнуў шырокія рэпрэсіі, якія ўвайшлі ў гісторыю як апрычніна. Апрычнікі рабавалі мірнае насельніцтва, а створанае з іх войска засведчыла небаяздольнасць.

Пасля паразы ў Лівонскай вайне Расейскае царства апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы. Цар памёр праз два гады. На ягоным сыне Фёдару спынілася дынастыя Рурыкавічаў.

Параза на захадзе спрычынілася да пашырэння каланізацыі з боку Расейскага царства на ўсходзе – найперш у Сібіры.

Вайна з Рэччу Паспалітаю (1609–1618)

Ад цяжкай паразы ў Лівонскай вайне Расейскае царства паспела аправіцца толькі на пачатку XVIІ стагоддзя, як Расею захлынуў так званы смутны час. У 1609 годзе Рэч Паспалітая пачала адкрытую вайну за вяртанне страчанага Вялікім Княствам Літоўскім  стагоддзе раней Смаленску. У 1610-м войскі Рэчы Паспалітай авалодалі маскоўскім Крамлём. У дадатак Швецыя разарвала вайсковы саюз з Расейскім царствам і захапіла Наўгародчыну.

Паразы ў войнах з суседзямі прывялі да першага ў гісторыі Расеі абрання цара. У 1613 годзе ім стаўся Міхаіл з роду Раманавых. У 1617-м, нягледзячы на страту выхаду да Балтыйскага мора, Расейскае царства заключыла Сталбоўскі мір са Швецыяй, якая вяртала Ноўгародчыну. У снежні 1618 года заключылі Дэулінскае перамір’е: Рэч Паспалітая вяртала страчаныя ў войнах Вялікага Княства Літоўскага з Масковіяй землі Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і Севершчыны.

У 1619 годзе з палону ў Рэчы Паспалітай вярнуўся мітрапаліт Філарэт, яго абвесцілі патрыярхам. Ён быў бацькам Міхаіла Раманава і фактычна кіраваў дзяржаваю. Пачалося рэфармаванне ў падаткаабкладанні, умацаванне цэнтральнай улады праз абмежаванне месніцтва, стварэнне новага, больш сучаснага войска і абмежаванне сялянаў з мэтаю іх запрыгоньвання. Заснавалі Нямецкую слабаду, куды прыбывалі замежныя спецыялісты ў вайсковай галіне ды інжынеры. У Расейскім царстве з’явіўся першы завод для вытворчасці жалеза – каля Тулы, а таксама ішла далейшая каланізацыя на Усходзе ажно да Ціхага акіяну.

Расейска-турэцкая вайна (1710–1711)

Няўдалы Пруцкі паход 1711 года ў Малдову скончыўся акружэннем расейцаў турэцкімі войскамі. У выніку цар Пётр І паабяцаў не толькі аддаць туркам Азоў ды іншыя заваяваныя на поўдні гарады, але і Ліфляндыю шведам, а таксама не ўмешвацца ў справы Рэчы Паспалітай. Такім коштам Пётр І захаваў сваё войска, але страціў нядаўна пабудаваны на поўдні флот. На баку турак у гэтай вайне змагаліся запарожскія казакі на чале з нарадзінцам Беларусі Піліпам Орлікам.

Пётр Першы на рацэ Прут у 1711 годзе. Аўтар: Міхаіл Іваноў. Крыніца: Руниверс.

Наступствам гэтай паразы Расейскага царства сталася звальненне з расейскай арміі замежных афіцэраў і генералаў. Але праз паразу і заключанае пагадненне Расея пазбавілася другога фронту падчас Паўночнай вайны ды цалкам сканцэнтравалася на вайне са Швецыяй. Пётр І яшчэ больш узмацніў свае намаганні ў перабудове войска і ў 1716 годзе ўвёў Воінскі статут. 2 лістапада 1721-га Пётр І абвесціў сябе імператарам, а Расейскае царства – Расейскай імперыяй.

Крымская вайна (1853–1856)

Вайна пачалася з захопу Расейскай імперыяй у Асманскай імперыі Дунайскіх княстваў (Малдовы і Валахіі). На бок апошняй сталі Брытанская імперыя ды Францыя. Еўрапейцы здолелі высадзіць дэсант у Крыме і асадзіць Севастопаль – галоўную базу Чарнаморскага флоту Расеі. Падчас вайны памёр імператар Мікалай І. У сакавіку 1856 года ў Парыжы падпісалі трактат, згодна з якім, на ўзамен перададзенага Расеі Севастопалю туркам вярталіся Дунайскія княствы. Чорнае мора абвяшчалася нейтральным: Расеі ды Асманскай імперыі забаранялася мець тут вайсковыя флоты.

Расея апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы праз вялікія выдаткі на вайну. Аднавіць курс рубля пасля гэтай паразы яна здолела толькі праз 41 год – у 1897-м. Былі зробленыя высновы пра неабходнасць развіваць чыгунку і паскорыць каланізацыю Далёкага Усходу, а ў імперыі выбралі шлях да шырокага кола рэформаў, распачатых новым імператарам – Аляксандрам ІІ. Сярод іх – адмена прыгоннага права ў 1861 годзе.

Расейска-японская вайна (1904–1905)

Пачалася нечаканым нападам японскага флоту на расейскую эскадру ў Порт-Артуры, пасля чаго японцы высадзіліся на Квантунскім паўвостраве і пачалі асаду расейскай вайсковай базы. Да канца 1904 года расейскі гарнізон капітуляваў. У лютым 1905-га японцы атрымалі перамогу ў Мукдэнскай бітве, у часе якой страты бакоў склалі каля 160 тысячаў чалавек (з іх 24 тысячы забітых) і, нарэшце, у траўні 1905 года нанеслі паразу расейскаму флоту ў Цусімскай бітве. Згодна з Портсмуцкім мірам, падпісаным у верасні 1905-га, Расея страчвала паўднёвую частку Сахаліну і выкідвалася з кітайскага Ляадунскага паўвострава.

Еўропа і Азія. Малюнак Кісабуры Ахара часоў расейска-японскай вайны. 1904 год. Крыніца: Cornell University: Persuasive Cartography: The PJ Mode Collection 

Вайна прывяла да вялізных эканамічных стратаў (пры бюджэце каля 2 мільярдаў рублёў золатам, расходы на вайну склалі 2,6 мільярда, яшчэ 4 мільярды – нанесеныя вайною страты). У Расеі пачалася рэвалюцыя, у часе якой царызм вымушаны быў пайсці на рэфармаванне – абсалютная манархія ператваралася ў канстытуцыйную. Уводзіліся шырокія дэмакратычныя свабоды, у тым ліку свабода друку, дзякуючы чаму сталі выдавацца ў тым ліку газета «Наша доля», а затым і «Наша ніва».

Першая сусветная вайна (1914–1918)

Расея ўступала ў вайну на баку Антанты разам з Францыяй і Вялікай Брытаніяй супраць Нямеччыны ды Аўстра-Вугоршчыны і Асманскай імперыі. Патрыятычны ўздым пачатку вайны хутка змяніўся расчараваннем уладай. Гэтаму спрыялі паглыбленне эканамічнага ды палітычнага крызісаў і паразы на фронце. У 1916 годзе пры спробе накіраваць на працы ў тыле жыхароў усходніх рэгіёнаў імперыі ўспыхнулі паўстанні на яе ўскраінах. У выніку лютаўскай рэвалюцыі 1917 года Расейская імперыя спыніла існаванне. Аднак расейцы пастанавілі працягваць вайну, спыніць якую абяцалі бальшавікі на чале з Леніным, якія ў кастрычніку 1917-га ажыццявілі дзяржаўны пераварот.

3 сакавіка 1918 года ў Берасці падпісалі сепаратную мірную дамову з Нямецкай імперыяй. Бальшавікі пагадзіліся страціць 1,21 мільёна квадратных кіламетраў тэрыторыі былой Расейскай імперыі з прыблізна 56 мільёнамі жыхароў. Падпісанае пагадненне прывяло да распаду палітычнага саюзу бальшавікоў і левых эсэраў, у Сібіры і Паволжы былі абвешчаныя ўласныя ўрады. Грамадзянская вайна ў Расеі з невялікіх сутычак перайшла ў шырокамаштабнае змаганне.

Бальшавікі ж пасля заключэння пагаднення з Нямеччынай апублікавалі сакрэтныя дамовы царскага ўраду з краінамі Антанты з планамі перабудаваць свет.

Польская-савецкая вайна (1919–1921)

Гісторыі
Цуд над Віслаю і стан могілак польскіх жаўнераў у Беларусі
2022.08.15 17:34

Бальшавікі намагаліся зрэалізаваць план сусветнай рэвалюцыі, спынены каля Варшавы Цудам над Віслай у 1920 годзе. Адначасова бальшавікі вялі войны з Украінаю, Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Фінляндыяй, якія абвесцілі незалежнасць.

Пасля паразы ў вайне з Польшчаю савецкае кіраўніцтва вымушанае было адмовіцца ад сваіх планаў экспартаваць рэвалюцыю ў іншыя еўрапейскія краіны. У 1922 годзе ўзнік СССР, дзе пачалася палітычная барацьба паміж Троцкім і Сталіным. Сталін скарыстаўся паразаю ў вайне з Польшчай, каб прасунуць ідэю пабудовы «сацыялізму ў адной краіне» замест працягу «сусветнай рэвалюцыі», якую адстойваў Троцкі.

Пасля паразы ад палякаў 14 сакавіка 1921-га Ленін згарнуў ваенны камунізм і абвесціў новую эканамічную палітыку, што прадугледжвала ўвядзенне рынкавых элементаў у краіне. У 1922–1924 гадах улады ажыццявілі грашовую рэформу і ўвялі рубель.

Афганская вайна (1979–1989)

25 снежня 1979 года СССР увёў войскі ў Афганістан «на просьбу» яго ўраду і згодна з Дамовай аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацы. За амаль дзесяцігоддзе былі забітыя каля 15 тысячаў савецкіх салдатаў. Дакладнай сумы сродкаў, выдаткаваных на вайну, дасюль не апублікавалі. Але штогод яны дасягалі 3–8 мільярдаў долараў. І гэта ў той час, калі ў СССР паглыбляўся эканамічны крызіс. У выніку Афганская вайна паспрыяла і падзенню СССР. 24 снежня 1989 года Сход народных дэпутатаў СССР пастанавіў «маральна і палітычна асудзіць» уваход сваіх войскаў у Афганістан.

Першая чачэнская вайна (1994–1996)

У 1991 годзе была абвешчаная Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя на чале з Джахарам Дудаевым, які 1 лістапада падпісаў указ аб дзяржаўным суверэнітэце. 30 лістапада 1994-га прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын пачаў спецаперацыю ў Чачэніі, якая фактычна на той час была незалежнай ад Расеі. У часе баявых дзеянняў сталіцу Чачэніі – Грозны – ператварылі ў руіны. Чачэнцы адказалі тэрарыстычнымі актамі, а ў 1996 годзе расейцам удалося пры дапамозе запеленгаванага сігналу тэлефона забіць Джахара Дудаева. У жніўні 1996-га чачэнцы неспадзяваным для расейцаў ударам адбілі Грозны, а ўжо 31 жніўня былі падпісаныя Хасаўюртаўскія пагадненні. Згодна з імі, расейцы вымушаныя былі вывесці свае войскі з Чачэніі, а вызначэнне статусу рэспублікі адкладалася да 31 снежня 2001 года. Расейцы страцілі каля 5 тысячаў забітымі, амаль 18 тысяч салдатаў былі параненыя. Чачэнцы – каля 17 тысячаў забітымі. Былі забітыя ад 50 да 80 тысячаў мірных жыхароў.

Мясцовыя жыхары на вуліцах разбуранага Грознага. 1995 год. Крыніца: https://vatnikstan.ru/archive/chechnya-v-foto/

Параза ў чачэнскай вайне прывяла да расчаравання шмат якіх расейцаў у Барысе Ельцыне і расейскай дэмакратыі, а таксама папулярызавала ідэю цвёрдай рукі. Першая чачэнская выглядала як працяг распаду СССР і ва ўспрыманні расейскай эліты выглядала пагрозаю для існавання Расейскай Федэрацыі ў цэлым. Яна падрыхтавала спрыяльную глебу для прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна, які другою чачэнскаю вайною падпарадкаваў Чачэнію і ўсталяваў у ёй уладу сям’і Кадыравых.

Барыс Булат  belsat.eu

 

Стужка навінаў