«Схема даволі простая». Як «Рогі і капыты» дапамагаюць рэжымам Беларусі ды Расеі абыходзіць санкцыі


У Літве заўважылі, што Казахстан і Узбекістан могуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцыяў, уведзеных краінамі Захаду супраць Расеі. Але крыніцы «Белсату» ў лагістычнай галіне кажуць, што спіс краінаў, уцягнутых у нелегальныя схемы, можа быць значна большы.

Літоўскі эканаміст Жыгімантас Маўрыцас заўважыў, што з траўня пачаў расці экспарт тавараў з Літвы ў Казахстан і Узбекістан. У чэрвені экспарт у Казахстан вырас на 118%.

«З 28 да 62 мільёнаў еўраў, ва Узбекістан – на 10 мільёнаў еўраў. А ў Расею знізіўся на 74 мільёны еўраў. У гэтых двух краінах рост складае палову кошту перапыненага гандлю з Расеяй. Частку тавараў спрабуюць завезці ў Расею праз іншыя прыязнаыя да яе краіны», – сказаў эканаміст.

Літоўскія мытнікі з 1 сакавіка выявілі больш за 3 тысячы спробаў абысці санкцыі і не выпусцілі грузаў.

«У пачатку тыдня з Літвы не выпусцілі грузу з раслінамі і саджанцамі. Падчас правярання дакументаў высветлілася, што канчатковы пункт разгрузкі – у Расеі. Але экспарцёр падаў яшчэ адну мытную дэкларацыю, а ў ёй ужо не было Расеі. Былі падазрэнні, што экспарцёр хоча абысці закон, таму распачалі працэсуальныя дзеянні», – распавялі мытнікі, перадае «Delfi».

Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by

Як працуе схема

Крыніца «Белсату» ў лагістычнай галіне пацвярджае, што на постсавецкай прасторы ёсць шэраг краінаў, якія дапамагаюць абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць Расеі ды Беларусі.

«Схема даволі простая. Яна была вядомая і да гэтага. Ёю карысталіся, але з іншаю мэтаю. Гэтым, напрыклад, займаюцца польскія кіроўцы. Займаліся б беларускія і расейскія, аднак цяпер ім проста няма ходу ў Еўразвяз», – адзначыў суразмоўца.

І распавёў, як працуе гэтая схема:

«Ёсць грузы, якія забаронена ўвозіць на тэрыторыю Беларусі і Расеі. Аднак іх не забаронена ўвозіць, напрыклад, на тэрыторыю Арменіі.

Рэгіструецца фірма ў Арменіі, якая купляе кучу ўсяго ў Еўропе. Кіроўцы едуць на мяжу, паказваюць мытні дакументы, што армянская ТАА «Рогі і капыты» купіла якую-небудзь нафтаздабыўную тэхніку. Мытнікі адзначаюць дакументы, бо Арменіі можна гэта ўвозіць, і кіроўца мінае мяжу польскую. Дакументы армянскія ён знішчае, дастае дакументы на Беларусь ці на Расею і ўжо да беларускіх мытнікаў заязджае з гэтымі дакументамі.

Фармальна адбываецца «продаж у дарозе», калі «армянская фірма, не размытваючы ў сябе грузу, перапрадае яго беларусам і расейцам».

Таксама, паводле крыніцы, «існуе тэма завозу грузаў у Стамбул, а з Турэччыны – ужо праз Новарасійск у Расею».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў