«Дайшла да таго, што прапанавала стварыць альтэрнатыўны Мінінфарм». Як судзяць Ксенію Луцкіну


У Менскім гарадскім судзе з 1 верасня ідзе слуханне справы былой журналісткі БТ Ксеніі Луцкіной. Яе вінавацяць у змове з мэтаю захапіць уладу.

Ксенія Луцкіна ў судзе.
Фота: sb.by

Справу супраць Луцкіной разглядае суддзя Таццяна Фалькоўская. Падчас паседжання пракурор распавёў, у чым вінавацяць журналістку, ягоныя словы перадае «СБ. Беларусь сегодня».

«З 17 жніўня 2020 года Луцкіна не выходзіла на працу, брала ўдзел у пратэставых акцыях каля будынку Белтэлерадыёкампаніі. Падпісала патрабаванне арганізаваць і правесці забастоўку. У хадзе шматлікіх інтэрв’ю прадстаўнікам недзяржаўных і замежных СМІ Луцкіна пазіцыянавала сябе як кіраўніца стачачнага камітэту тэлекампаніі», – казаў пракурор.

Луцкіной ставяцца ў віну сустрэчы з Марыяй Калеснікавай, а таксама тое, што яна падчас размовы з чальцамі прэзідыуму Каардынацыйнай рады «выступіла з ініцыятываю стварыць альтэрнатыўнае тэлебачанне для трансляцыі кантэнту пратэставай накіраванасці».

«Інтэрактыўны медыярэсурс планавалася выкарыстоўваць для ўтойвання і скажэння рэальных фактаў, эскалацыі пратэставай актыўнасці, стымулявання расколу ў грамадстве і фармавання ў людзей негатыўнага меркавання пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Урэшце Луцкіна дайшла да таго, што фактычна прапанавала стварыць… альтэрнатыўны Мінінфарм», – піша «СБ».

Ксенія Луцкіна ў судзе.
Фота: sb.by

Бок абвінавачання сцвярджае: паводле матэрыялаў следства, новы медыярэсурс мусіў фінансавацца журналісцкаю майстэрняй «Прэс-клуб», паралельна шукаліся спонсары.

Пракурор зачытаў характарыстыкі, якія выдала Ксеніі Луцкіной БТ:

«…Працу ў адным калектыве з Луцкіной нельга было назваць камфортнай. Калегі адзначаюць ейны эгацэнтрызм, невыкананне этычных нормаў, якое выяўлялася ў нястрыманасці ў словах, а таксама ў камунікацыі з калегамі, асабліва маладымі, у загадным тоне, іхным маральным прыгнёце. Пры запуску і вытворчасці новага праекту працаваць з Луцкіною пагаджаліся далёка не ўсе».

Ксенію Луцкіну таксама вінавацяць у тым, што яна зняла рэкламны ролік для ініцыятывы «INeedHelpBy», і ён нібыта выкарыстоўваўся для актывізацыі пратэставага руху.

Ксенію Луцкіну затрымалі ў снежні 2020 года.

У зняволенні ў журналісткі пачаліся моцныя праблемы са здароўем – у яе расце пухліна ў галаўным мозгу. Вядома, што жанчына адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

Журналістцы пагражае ад 8 да 12 гадоў турмы. На волі яе чакае няпоўнагадовы сын.

Беларускія праваабаронцы прызналі Ксенію палітзняволенай.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў