У Расеі пачалі масава вербаваць на вайну жанчын з калоніяў


У Расеі пачалі масава вербаваць жанчын з калоніяў на вайну ва Украіне, распавяла «Можем объяснить» праваабаронца і заснавальніца праекту «Русь сидящая» Вольга Раманава. Паводле ейных словаў, жанчыны больш схільныя верыць прапагандзе ды ідуць ваяваць ахвотней за мужчынаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: dialog.ua

Вольга Раманава распавяла, што жаданне асуджаных і не асуджаных расейскіх жанчын ісці на вайну вельмі вялікае.

«У адрозненне ад мужчынаў, жанчыны ў турме вельмі схільныя да прапаганды. Мы можам чакаць навінаў і з іншых жаночых зонаў. І жанчыны нават больш хочуць ваяваць», – кажа праваабаронца.

Паводле сведчанняў палонных зэкаў, пра якіх ведае Раманава, жанчыны ваююць у складзе Мінабароны ў падраздзяленнях штурмавікоў. У многіх пазыўны Ваўчыца. Іх утрымліваюць разам з мужчынамі, але ваююць яны асобна.

Да апошняга часу актыўная вярбоўка жанчын ішла на акупаваных тэрыторыях. Паводле звестак Раманавай, каля 50 жанчын былі завербаваныя з калоніі ў горадзе Сняжное, яшчэ 100 зняволеных узялі з калоніяў з поўдня Расеі. Таксама каля 30 асуджаных жанчын з ВК-7 у ліпецкай Новауглянцы завербаваліся на вайну, заключыўшы кантракт з Мінабароны. «У Ліпецку была менавіта масавая вярбоўка. Ведаю, што жанчыны выбывалі нават з маскоўскіх СІЗА», – кажа Раманава.

Праваабаронца адзначае, што гэта новая з’ява: «На працягу апошняга паўтара года мы атрымлівалі паведамленні, што жанчыны вярбуюцца». Яшчэ ў кастрычніку ўкраінскія СМІ сталі паведамляць, што ў палон сталі трапляць вайскоўцы-расейкі.

«Жанчына зараз таксама можа адправіцца ваяваць ва Украіну і пазбегчы пакарання», – адзначае Раманава.

У прынятым 24 чэрвеня Дзяржаўнай думай законе, які прадугледжвае спыненне крымінальнага пераследу ў дачыненні добраахвотнікаў, якія запісаліся на вайну, не гаворыцца, якога полу павінен быць грамадзянін.

Раней Генштаб ЗСУ паведамляў, што расейцы пачалі вербаваць зняволеных жанчын з калоніяў на акупаваных тэрыторыях для папаўнення стратаў на фронце. Пасля вярбоўкі іх накіроўваюць у Расею для праходжання падрыхтоўкі.

Каментар
Як расейскіх зэкаў вярбуюць на вайну: гарматнае мяса за € 3000
2022.07.12 15:31

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў