У Магілёве ў распальванні варожасці абвінавацілі былую загадчыцу кафедры адной з ВНУ гораду


Былую загадчыцу кафедры адной з магілёўскіх ВНУ вінавацяць у распальванні варожасці. Жанчына цяпер пад вартаю, паведамляе Следчы камітэт Беларусі. Імя затрыманай не называюць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: 0512.com.ua

Жанчыну затрымалі супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці.

Паводле следства, у сакавіку – красавіку 2022-га 47-гадовая жыхарка Магілёва на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы размяшчала публікацыі, у якіх «не саромелася ў выказваннях у дачыненні беларусаў, расейцаў і вайскоўцаў, заклікала да дзеянняў, звязаных з гвалтам і прычыненнем шкоды».

Жанчыне выставілі абвінавачванне ў распальванні варожасці паводле ч. 1 арт. 130 КК РБ.

Затрыманая амаль 20 гадоў прапрацавала ў адной з магілёўскіх ВНУ, мае навуковую ступень.

Паводле «Нашай нівы», імаверна, гаворка пра Наталлю Мартусевіч.

Жанчына скончыла біяфак Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Куляшова з адзнакай у 1998-м, праз чатыры гады абараніла кандыдацкую дысертацыю па фізіялогіі. З 2004 года Наталля Мартусевіч працавала дацэнтам ва ўніверсітэце, які скончыла, і больш за 15 гадоў не толькі займалася навукай, але і выкладала.

Відэа з жанчынаю выйшла ў сакавіку на канале магілёўскага ГУБАЗіКу. У ім Наталля кажа, што «пісала ў экстрэмісцкіх чатах» і «зарэгістравалася ў плане «Перамога». Праўда, мяркуючы са скрыншотаў, у фэйкавым плане «Перамога». ГУБАЗіК пагражае жанчыне крымінальнаю справай і зняволеннем.

Першапачаткова выкладчыца была на волі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў