Спявачку Патрыцыю Свіціну, якая адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі, асудзілі да «хатняй хіміі»


У судзе Цэнтральнага раёну Менску 2 жніўня агучылі прысуд спявачцы Патрыцыі Свіцінай. Вікторыя Шабуня пакарала дзяўчыну двума з паловаю гадамі «хатняй хіміі», паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Патрыцыя Свіціна.
Фота: Вясна / Telegram

Патрыцыю затрымалі 18 траўня. На «пакаянным» відэа дзяўчына апавядала, што «брала ўдзел у пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту». Таксама казала, што публікавала ў сацыяльных сетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, «спецаперацыю, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны», «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».

Суд прызнаў спявачку вінаватай паводле арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»).

Патрыцыю ўтрымлівалі пад вартаю 2,5 месяца, пасля абвяшчэння выраку вызвалілі ў зале суда.

Патрыцыя Свіціна сталася лаўрэаткаю стыпендыі Лукашэнкі для падтрымання таленавітай моладзі, але адмовілася ад яе.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў