EPAM прадаў сваю расейскую юрыдычную асобу «EPAM Systems»


EPAM прадаў сваю расейскую юрыдычную асобу «EPAM Systems» расейскай кампаніі «Группа Рексофт», піша «Интерфакс» са спасылкаю на звесткі адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў. Угода адбылася 2 жніўня.

EPAM. 
Фота: EPAM.Global/ Facebook

Сумы ўгоды не называюць. Пакупнік для расейскіх актываў EPAM знайшоўся яшчэ ў канцы 2022 года. Але ўвесь гэты час угоду адкладалі з прычынаў, якіх не тлумачылі публічна. У траўні кампанія паведаміла, што атрымала дазвол ад расейскіх уладаў на ўгоду.

Кампанія «EPAM Systems» была зарэгістраваная ў 2001 годзе. У 2022-м скараціла выручку на 47,6 % – да Br 15 мільярдаў. Кампанія атрымала чыстую страту Br 3 мільярды супраць прыбытку  Br 5,5 мільярдаў у 2021 годзе.

«Группа Рексофт» – адзін з асноўных расейскіх распрацоўнікаў лічбавых развязанняў для банкаўскай, фінансавай галінаў, дзяржаўнага сектару, рытэйлу, транспарту, лагістыкі, медыяў, гатэльнага бізнесу. Паводле звестак на жнівень 2022 года, 20 % кампаніі «Группа Рексофт» належыць структуры «Интерроса» расейскага алігарха Уладзіміра Патаніна. «Интеррос» набыў долю ў «Рексофте» ў красавіку 2022-га. Патанін казаў, што гэтая ўгода мае стратэгічную важнасць на фоне сыходу з расейскага рынку заходніх кампаніяў, як EPAM, «Accenture», SAP.

EPAM паведаміў пра намер пакінуць Расею ў 2022 годзе. Тады ж спынілі абслугоўванне мясцовых кліентаў. У верасні 2022-га кампанія заявіла, што падпісала пагадненне аб продажы практычна ўсіх сваіх расейскіх актываў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў