Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 3 жніўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 жніўня чытайце ў нашым аглядзе.

Байцы Нацыянальнай гвардыі Украіны ўдзельнічаюць у трэніроўках каля лініі фронту ў Харкаўскай вобласці, Украіна. 3 жніўня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 161-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 41 350 чалавек забітымі.

Генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы Ігар Раманенка мяркуе, што ў выніку баявых дзеянняў Расея ўжо страціла траціну ад свайго ваеннага патэнцыялу, які быў у яе на 24 лютага. Цяпер, паводле Раманенкі, расейская групоўка ва Украіне складае каля 115 батальённа-тактычных групаў.

Hавiны
«Іх мэты разбіваюцца аб ЗСУ». Украінскі генерал распавёў пра планы і задачы Расеі
2022.08.03 10:38

Цягам апошніх содняў на валынскім і палескім кірунках сітуацыя істотна не мянялася. Адзначаецца, што расейцы працягваюць выкарыстоўваць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь для перакідання дыверсійна-выведвальных групаў ва Украіну.

На сіверскім кірунку расейцы здзяйсняюць абстрэлы ўкраінскіх пазіцыяў са ствольнай артылерыі. Разам з тым вораг працягвае праводзіць паветраную выведку ў памежных раёнах Чарнігаўскай і Сумскай вобласцяў.

На слабажанскім кірунку праціўнік праводзіць баявыя дзеянні з мэтаю ўтрымання занятых пазіцыяў і недапушчэння наступу падраздзяленняў ЗСУ.

На суседнім харкаўскім кірунку расейцы намагаліся прасунуцца ў бок лініі Качубееўка – Дзяменціеўка, але былі спыненыя ўкраінскімі сіламі ды адступілі на старыя пазіцыі.

Акрамя гэтага вораг абстраляў з артылерыі тэрыторыі каля населеных пунктаў Харкаў, Прудзянка, Пітомнік, Рускія Цішкі, Новая Мікалаеўка, Рубежнае, Пішчанае, Баршчова, Замулаўка, Лябяжае, Карабочкіна, Базалееўка і Басова.

На славянскім кірунку акупанты намагаліся праводзіць наземную выведку каля Мазанаўкі, але варожая група была выяўленая ды знішчаная ЗСУ.

Абстрэлы былі зафіксаваныя каля Новай Дзмітраўкі, Багародзічнага, Чэпілю, Карнавухаўкі, Даўгенькага, Барвінкава, Шнуркоў, Гусараўкі і Дзмітраўкі.

На краматорскім кірунку праціўнік праводзіў штурмавыя дзеянні каля Івана-Дар’еўкі, але поспеху не меў ды адступіў на старыя пазіцыі. Таксама былі здзейсненыя абстрэлы ўкраінскіх тэрыторыяў каля Серабранкі, Сіверску, Званаўкі і Данецкага.

На кірунку Сіверску расейцы здзейснілі абстрэлы каля самога гораду, а таксама населеных пунктаў Серабранка і Грыгораўка.

На суседнім бахмуцкім кірунку штурмавыя дзеянні акупантаў у бок лініяў населеных пунктаў Валадзіміраўка – Якаўлеўка, Семігор’е – Кодзема, Відраджэнне – Кодзема, Даламітнае – Семігор’е і каля населенага пункту Бераставое поспеху не мелі, вораг адступіў. Цяпер баі працягваюцца ў кірунках Валадзіміраўка – Салядар і Пакроўскае – Бахмут.

Таксама праціўнік абстраляў з артылерыі ваколіцы населеных пунктаў Кодзема, Семігор’е, Траўневае, Выемка, Бераставое, Бахмуцкае і Вопытнае.

Інспекцыйная дэлегацыя, якая падымаецца на борт грузавога судна Razoni, якое стаіць на якары ля чарнаморскага ўваходу ў праліў Басфор, недалёка ад Стамбула, Турцыя. 3 жніўня 2022 года.
Фота: Depo Photos / ABACA / Abaca Press / Forum

На аўдзееўскім кірунку расейцы намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча, але са стратамі адышлі назад. Таксама былі абстраляныя ваколіцы Аўдзееўкі.

На навапаўлаўскім і запарожскім кірунках расейскія абстрэлы былі зафіксаваныя каля населеных пунктаў Касцянцінаўка, Навасёлкі, Вялікая Навасёлкі, Чароўнае, Малая Такмачка, Наваполле, Юркаўка і Гуляйполе.

На паўднёвабужскім кірунку акупанты абстралялі ваколіцы Пацёмкіна, Таполінага, Князеўкі, Вялікай Кастромкі, Апосталава, Стэпавай Даліны, Пасад-Пакроўскага, Новагрыгораўкі, Лупарова, Ліманаў, Кобзарцаў, Шырокага Квітнёвага і Белагоркі.

Генерал-лейтэнант ЗСУ ў адстаўцы Ігар Раманенка адзначае, што цяпер Расея павялічвае сілы на правым беразе Дняпра ў Херсоне, ствараючы там ударную групоўку. Украінскі бок у сваю чаргу пакуль не гатовы да контрнаступу. Напачатку ЗСУ давядзецца ў абарончых баях знішчыць як мага больш жывой сілы і тэхнікі праціўніка, і толькі потым ад абароны перайсці ў контрнаступ на гэтым кірунку.

Разам з тым у акваторыі Чорнага мора ў гатовасці да ўжывання высокадакладнай зброі знаходзяцца два варожыя носьбіты крылатых ракетаў марскога базавання тыпу «Калібр».

Тым часам Міністэрства абароны Турцыі паведаміла, што першае судна з украінскім збожжам прыбыло ў порт Стамбула. На борце судна «RAZONİ» знаходзіцца 26 тысяч тонаў украінскай кукурузы.

Hавiны
Першы карабель з украінскім збожжам прыбыў у Турцыю
2022.08.02 22:35

Пасля агляду прадстаўнікамі Турцыі, Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Украіны і Расеі, паміж якімі і было заключана пагадненне аб стварэнні калідора для вывазу ўкраінскага збожжа па Чорным моры, судна працягне свой шлях – яно накіруецца ў Ліван, дарога зойме да шасці дзён.

BK belsat.eu

Стужка навінаў