Закрылі суд над старшынём Аб’яднанай грамадзянскай партыі Казловым


Мікалая Казлова судзяць за разгалошванне звестак следства. Ён заяўляе, што нічога сакрэтнага не выдаў.

Мікалай Казлоў.
Фота: Николай Козлов / Facebook

Днём 3 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова. Яго вінавацяць у «Разгалошванні звестак папярэдняга следства», паводле ч.1 арт. 407 КК РБ яму пагражае штраф або арышт да трох месяцаў. З суду вёў рэпартаж праваабарончы цэнтр «Вясна».

Канкрэтныя эпізоды абвінавачвання невядомыя – вядома толькі, што тая крымінальная справа была супраць Каардынацыйнай рады. Казлоў раней неаднаразова адмаўляўся даваць падпіску аб неразгалошванні пасля допытаў у Следчым камітэце, за што яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, садзілі пад арышт на 15 дзён.

Hавiны
Мікалай Казлоў распавёў пра катаванні ў зняволенні
2021.04.08 16:27

Суддзя Таццяна Шоцік зрабіла суд закрытым, абгрунтаваўшы гэта тым, што «ў матэрыялах крымінальнай справы ўтрымліваюцца звесткі папярэдняга следства, якія не падлягаюць разгалошванню». Казлоў заяўляў суддзі адвод, згадаўшы «больш за 1500 сутак арышту і вар’яцкую колькасць штрафаў», але яна яго адхіліла.

Казлоў таксама патрабаваў матэрыялы ранейшай адміністрацыйнай справы супраць яго (адмову даць падпіску аб неразгалошванні злічылі за «Непадпарадкаванне»). Ён казаў, што гэта трэба, каб зразумець, ці «засакрэчаныя» чальцы следчай групы, якіх пералічвалі ў дакументах адкрытага судовага паседжання. Суддзя адхіліла і гэтае хадайніцтва.

«Нічога сакрэтнага я не выдаў, – заявіў тады Казлоў. – І мне дзіўна, што Высокі суд не хоча гэты доказ далучыць да крымінальнай справы. Я яшчэ раз заклікаю Высокі суд быць аб’ектыўным і непрадузятым і даследаваць усе доказы. І не абмяжоўвацца нейкімі паперамі, якія не маюць адносінаў да матэрыялаў гэтай справы і дадзенай сітуацыі».

Да таго, як суд паспеў агучыць, у чым жа вінавацяць Казлова, пракурор заявіў хадайніцтва аб закрыцці працэсу, суддзя пагадзілася. Казлоў заявіў, што справа «палітычна матываваная, сфабрыкаваная і ставіць сваёй мэтай проста пакараць мяне за маю палітычную дзейнасць».

АА belsat.eu

Стужка навінаў