«Мы на вашым баку», – сказаў Джонсан Ціханоўскай.
Святлана Ціханоўская 3 жніўня распачала візіт у Вялікую Брытанію. У офісе на Даўнінг-стрыт 10 у Лондане з ёй сустрэўся брытанскі прэм’ер-міністр Борыс Джонсан.
«Мы цалкам на вашым баку, мы вельмі падтрымліваем тое, што вы робіце, – перадае «Reuters» словы Джонсана, звернутыя да Ціханоўскай. – Прыемна бачыць вас».
Паводле Бі-Бі-Сі, сустрэча Святланы Ціханоўскай з Барысам Джонсанам працягвалася каля 25 хвілінаў. Палітыкі абмеркавалі праграму дапамогі грамадзянскай супольнасці: палітвязням і іх семʼям, студэнтам, медыкам, працоўным і іншым, а таксама размова вялася і пра санкцыі супраць беларускіх уладаў.
«Прэм’ер-міністр абмаляваў крокі, прынятыя Вялікай Брытаніяй для прыцягнення рэжыму да адказнасці, уключна з увядзеннем санкцыяў супраць самога Лукашэнкі. Ён падкрэсліў прыхільнасць Вялікай Брытаніі справе дапамогі беларускаму народу і, у прыватнасці, паведаміў, што сродкі, якія выдзяляюцца на падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці ў гэтым годзе, будуць павялічаны ўтрая», – гаворыцца ў прэс-рэлізе Даўнінг-стрыт.
«Мы рашуча падтрымліваем народ Беларусі і, я думаю, мы былі аднымі з першых, хто ўвёў санкцыі пасля згону лайнера з Раманам Пратасевічам», – дадаў брытанскі прэмʼер.
Ціханоўская таксама плануе сустрэчу з міністрам замежных справаў Аб’яднанага каралеўства Домінікам Раабам і публічную дыскусію пра ролю Вялікай Брытаніі ў змаганні за дэмакратыю ў Беларусі.
На мінулым тыдні Ціханоўская завершыла двухтыднёвы візіт у Злучаныя Штаты. Яна сустракалася з шэрагам галоўных чыноўнікаў ЗША, у тым ліку з прэзідэнтам Джо Байдэнам.
АА belsat.eu