Міжнародны алімпійскі камітэт распачаў расследаванне спробы прымусовага вывазу атлеткі Ціманоўскай

МАК хоча «дакапацца да сутнасці», таму невядома, колькі часу зойме расследаванне.

Крысціна Ціманоўская. Фота: ВВС

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага алімпійскага камітэту Марк Эдамз заявіў 3 жніўня, што МАК расследуе абвінавачанні, выстаўленыя Беларусі аб спробе гвалтоўна вывезці з Алімпійскіх гульняў у Японіі беларускую атлетку Крысціну Ціманоўскую.

«Нам неабходна ўсталяваць поўныя факты, гэта можа заняць час, – перадае BBC словы Эдамза. – А пакуль наш першы клопат – атлетка».

Расейскі «Інтэрфакс» дадае, што Эдамз казаў: невядома, колькі часу зойме расследаванне, бо «нам трэба дакапацца да сутнасці».

МАК чакае тлумачэнняў ад Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі ўжо сёння.

Тым часам Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен назваў здарэнне з Ціманоўскай «яшчэ адным актам транснацыянальных рэпрэсіяў» беларускага рэжыму.

Што будзе з беларускім НАК за скандал з Ціманоўскай?

Сама Ціманоўская мае бліжэйшым часам паляцець у Польшчу, дзе збіраецца прасіць палітычнага прытулку.

Польскі бок гатовы падтрымліваць беларусаў незалежна ад рэакцыі афіцыйнага Менску і Аляксандра Лукашэнкі. Такую заяву зрабіў намеснік міністра замежных справаў Марцін Пшыдач на радыё Бі-Бі-Сі, піша Opole.pl.

«Мы падтрымліваем грамадзянскую супольнасць і свабодныя СМІ ў Беларусі апошнія 30 гадоў, бо лічым, што людзі маюць права жыць у дэмакратычнай, незалежнай, суверэннай краіне, – сказаў Пшыдач. – Мы будзем працягваць гэтую дзейнасць разам з іншымі краінамі ў рэгіёне і ў супрацы з Еўрапейскім Звязам.

Цяжка прадказаць, якая будзе рэакцыя Менску, але спадзяюся, што яны ўрэшце зразумеюць, што прымушаць людзей сыходзіць – гэта памылка».

Крысціна Ціманоўская раніцай 3 жніўня сустрэлася з амбасадарам Польшчы ў Японіі Паўлам Мілеўскім. Фота: Paweł Milewski / Twitter

«Гучыць як галівудскі трылер». Што пішуць замежныя медыі пра Ціманоўскую?

Крысціна Ціманоўская мелася выступіць на Алімпіядзе 2 жніўня ў папярэднім забегу на дыстанцыі 200 метраў, аднак НАК Беларусі адхіліў яе ад удзелу ў Алімпіядзе і прыняў рашэнне адправіць Ціманоўскую дадому ў сувязі «з яе эмацыйна-псіхалагічным станам». Спартовы арбітражны суд адмовіўся скасаваць адхіленне атлеткі ад гульняў.

1 жніўня Ціманоўская ў такійскім аэрапорце звярнулася ў паліцыю і запісала відэа, у якім прасіла дапамогі, бо казала, што на яе ціснуць і спрабуюць вывезці без ейнай згоды. Паліцыя суправадзіла дзяўчыну ў гатэль, на наступны дзень Польшча дала ёй гуманітарную візу.

Да таго Ціманоўская апублікавала відэа, у якім расказвала, што яе, не спытаўшы, выставілі на спаборніцтвы, да якіх яна не рыхтавалася: на эстафету «4 па 400». Яна раскрытыкавала спартовых чыноўнікаў Беларусі за тое, што лёгкаатлетак, якія мусілі бегчы гэтую эстафету, не дапусцілі да Алімпіяды праз недастатковую колькасць допінг-пробаў. Чыноўнікі пагражалі ёй за гэтае відэа.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны