Літва вырашыла вяртаць у Беларусь мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу

Паводле Літвы, маштабы гібрыднай агрэсіі Беларусі павялічваюцца – плынь мігрантаў расце.

Літоўскі памежнік. Літва. 20 ліпеня 2021 года. Фота: ІА / Белсат

Міністарка ўнутраных справаў Літвы, кіраўніца аперацыяў дзяржаўнай надзвычайнай сітуацыі Агне Білатайце пастанавіла: усе службы, адказныя за ахову дзяржаўнай мяжы, абавязаныя прымаць усе магчымыя захады з недапушчэнні незаконнага праходу людзей у краіну, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы.

Сярод іншага асобаў, якія перайшлі мяжу незаконна, вырашылі расцэньваць як злачынцаў, абавязаць пераходзіць мяжу ў законных месцах і законным чынам, законным шляхам хадайнічаць аб прытулку, накіроўваць іх на бліжэйшы міжнародны пункт памежнага кантролю або ў дыпламатычнае прадстаўніцтва.

На беларуска-літоўскай мяжы прапануюць усталяваць чатырохметровы сеткаваты плот

Кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Кашчунас піша на Facebook:

«Рэжым Лукашэнкі сёння паведаміў, што адкрываюцца дадатковыя авіярэйсы ў тры іракскія гарады. Нелегальныя мігранты свядома супрацоўнічаюць з беларускім рэжымам і нахабна, цынічна і беспакарана парушаюць законы Літвы».

Ён пацвярджае: рэзалюцыя значыць, што літоўскіх сілавікоў абавязалі неадкладна вяртаць мігрантаў, якія перайшлі мяжу незаконна, у Беларусь.

Літоўскі бок вінаваціць улады Беларусі ў тым, што яны не рэалізуюць дамову аб прававым рэжыме мяжы. Літва заяўляе, што беларускія памежнікі спрыяюць арганізацыі незаконнага пераходу мяжы.

Што будзе з мігрантамі, якіх адмовіцца прыняць і Літва, і Беларусь назад ад Літвы, у навінах і каментарах палітыкаў не ўдакладняецца. Мігрантам у Літве таксама прапануюць добраахвотна вярнуцца не ў Беларусь, а адразу на радзіму.

Еўразвяз пагражае Менску санкцыямі за пастаўку мігрантаў

З пачатку 2021 года на літоўска-беларускай мяжы літоўцы затрымалі 3832 мігрантаў. Гэта ў дзясяткі разоў больш, чым за цэлы мінулы год – цяпер нават за адзін дзень затрымліваюць утрая больш, чым за цэлы мінулы год.

Абсалютная большасць – грамадзяне не Беларусі, а арабскіх і афрыканскіх краінаў або асобы без дакументаў, якія заяўляюць аб такім грамадзянстве.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны