Іракцы адкрыта расказваюць, як з Беларусі трапіць у Літву без дакументаў

У сацыяльных сетках і Telegram-каналах няцяжка знайсці не толькі «карысныя парады», але і кантакты асобаў, гатовых паспрыяць з пералётам або дапамагчы ўжо ў Беларусі.

Фота: «Таксі з Беларусі ў Літву» / Facebook

Штодзень літоўскія памежнікі ловяць сотні мігрантаў, якія спрабуюць нелегальна трапіць у Літву з тэрыторыі Беларусі. Літоўскія ўлады падазраюць рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі плыні нелегальнай міграцыі, вінавацяць беларускіх памежнікаў у бяздзеянні. Некаторыя мігранты кажуць, што на беларускім баку іх інструктуюць невядомыя.

Літва вырашыла вяртаць у Беларусь мігрантаў, якія нелегальна перайшлі мяжу

Знайсці старонкі з парадамі аб нелегальнай міграцыі няцяжка па запыце «Беларусь» на арабкай мове (بيلاروسيا). Напрыклад, на Facebook-старонках кшталту «Беларусь па-арабску» ці «Паслугі ў Беларусі для турыстаў» падрабязна асвятляюць дзеянні Літвы адносна нелегальнай міграцыі і карысныя парады для арабаў у Беларусі – нават парады па тым, як шукаць спрэй ад камароў.

У падобных суполках могуць, напрыклад, падказаць (архіўная копія) таксіста ў Беларусі, які размаўляе і па-расейску, і па-арабску. Нумар у WhatsApp – 00***********52. Іншы таксіст мае (архіўная копія) і беларускі нумар тэлефона: + 375 (44) ***-**-68.

На адным з відэа (архіўная копія) суполкі «Паслугаў для турыстаў» людзі выпраўляюцца праз мяжу пад вельмі драматычную музыку, але даволі спакойнай хадой.

Скрыншот з Telegram-чата, які прапануе дапамогу ў нелегальнай міграцыі праз Беларусь

У адкрытай Telegram-суполцы «Ад Багдада да Беларусі, пункт прызначэння – Літва, а мара – Еўропа» даюць (архіўная копія) такую інструкцыю. Найперш трэба падаць заяўку на беларускую візу, працэс яе атрымання і квіток на самалёт каштуюць $ 750–1000 (у ранейшых паведамленнях – $ 400–500, у чаце «Беларусь-Літва-Нямеччына» прапануюць дарогу з Беларусі адразу да Нямеччыны па $ 5000 за 4 чалавек). За дзяцей ад 2 да 8 гадоў – $ 550, за немаўля – $ 200. Вылет – з багдадскага аэрапорту ў Менскі. Браніраваць рэйсы можна па нумары 0770 *** ** 00, філіі ёсць у Багдадзе і іншых гарадах.

У аэрапорце па прылёце сустрэнуць «прадстаўнікі кампаніі», яны забяруць пашпарты (можна не аддаваць, але тады не паселяць у гатэль). Машына, як абяцаюць, забярэ з аэрапорту і даставіць у менскі гатэль, дзе трэба будзе адпачыць дзень-другі. Потым трэба ехаць у Беняконі, што недалёка ад літоўскай мяжы, дарога каштуе $ 70. Застаецца толькі перасячы агароджу – і ўсё, вы ў Літве. Там ужо можна ісці пешшу да Вільні (гэта шэсць дзён дарогі) або здацца ўладам, каб тыя адвезлі ў лагер уцекачоў.

Скрыншот з Telegram-чата, які прапануе дапамогу ў нелегальнай міграцыі праз Беларусь

Падобна, агароджа з калючым дротам не спыніць «аматараў падарожжаў у Еўропу», як часам яны сябе называюць. Напрыклад, у Facebook-суполцы «Іміграцыйная віза ў Еўропу» публікуюць (архіўная копія) відэа, як людзі кідаюць на агароджу драбіны і без праблем пералазяць.

Спыняе іншае: адзін з удзельнікаў суполкі «Ад Багдада да Беларусі» піша, што ў літоўскім лагеры ўцекачоў чакае жабрацтва, таму лепей заставацца ў Беларусі.

А іншы піша: «Вось найлепшая дарога! Ніхто яшчэ не ведае!» – і публікуе скрыншот Google Maps, на якім стрэлка ідзе з Беларусі на расейскі Санкт-Пецярбург, а адтуль – у Фінляндыю.

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны