Зянон Пазняк: Гэтае «свята» – фарс, якім хочуць ашукаць сто разоў ашуканы народ


Чарговы Дзень Незалежнасці Беларусі святкуецца ва ўмовах вострага палітычнага крызісу, які распачаўся ў 2020 годзе. Самаабвешчаны кіраўнік краіны і чыноўнікі імкнуцца паказаць адзінства, стварыць вобраз урачыстага адзначэння галоўнага дзяржаўнага свята. Але насамрэч атрымліваецца не пераканаўча. Лідар КХП-БНФ і руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк у студыі «Белсат» кажа, што насамрэч мы бачым ганебную з’яву, якая не мае дачынення да незалежнасці, бо і самой незалежнасці няма, а краіна сёння акупаваная.

Святкаванне Дня Незалежнасці ў парку Янкі Купалы Менск, Беларусь. 3 ліпеня 2021 года.
Фота: Белсат

У Беларусі ўлады афіцыйна адзначаюць Дзень Незалежнасці. Гэтае свята з’явілася ў 1996 годзе ў выніку галасавання на рэферэндуме, які, паводле апазіцыі і міжнароднай супольнасці, зладзілі з істотнымі парушэннямі заканадаўства. Да гэтага рэферэндуму Дзень Незалежнасці Беларусі адзначаўся 27 ліпеня, паколькі ў гэты дзень у 1990-м Вярхоўны Савет БССР прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

На думку Зянона Пазняка, кіраўніка КХП-БНФ і руху «Вольная Беларусь», святкаванне Дня Незалежнасці насамрэч проста пастаноўка, маўляў, тут мы, тут людзі, якія нас падтрымліваюць, быццам бы ёсць нейкая незалежнасць, але гэта фікцыя.

«Дата таксама не мае ніякага дачынення да незалежнасці. Гэта дата расейскай акупацыі, бо тады расейскія войскі ўвайшлі ў Менск. Да 3 ліпеня Менск быў папсаваны, але пасля іх уваходу, расейцы разбамбілі яго цалкам. А тое, што зраіў Лукашэнка – гэта такі здзек над нацыяй», – кажа палітык.

Зянон Пазняк нагадвае, што ўлады краіны забаранілі нацыянальны сцяг, сапраўдны Дзень Незалежнасці. А сёння святкаванне – ганебная з’ява, якая не мае дачынення да незалежнасці, самой незалежнасці няма, краіна акупаваная.

«27 ліпеня – дзень прыняцця дэкларацыі аб незалежнасці. Гэта вельмі важная дата. І гэта сведчыла, што гэта легітымная з’ява. Пасля дэкларацыя стала асновай для аб’яўлення незалежнасці 25 жніўня. Гэта рэальная гісторыя, за якой стаяць людзі, закон, чыны. А тое, што прапанаваў Лукашэнка – гэта да незалежнасці ніякага дачынення не мае. Гэта вяртанне ў савецкую сістэму мыслення, якая была сфармаваная пасля вайны, маўляў, перамаглі фашызм, што выратавалі ўсіх», – кажа Зянон Пазняк.

Аб’ектыў
31 год Незалежнасці Беларусі
2022.08.26 00:01

Палітык адзначае, што пяць пакаленняў ужо змянілася з моманту заканчэння вайны, але ўлады ўсё яшчэ хочуць эксплуатаваць гэтую тэму. Таму, відаць, нацыя павінная перажыць такі перыяд ілжы, подласці.

«Але я аптымістычна гляджу, народ жывы, мільёны выехалі за мяжу, але яны вернуцца дадому. Усё што мы бачым – агонію. Не трэба вешаць галаву, маўляў на гэтым усё загіне, але загінуць яны. Хоць і не разумеюць гэтага. Потым жа маладым трэба гэта паказваць, маўляў, што можа быць, калі нацыя будзе русіфікаваная, калі людзі будуць пазбаўленыя сваёй гісторыі, мовы. Вось да чаго прыводзіць гэта», – звяртае ўвагу субяседнік «Белсату».

Сустрэча Зянона Пазняка з беларусамі і ўкраінцамі ў Кіеве, Украіна. 25 студзеня 2023 года.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Палітык кажа, што беларусы цяпер перажываюць вельмі гнюсны перыяд гісторыі, калі ўлада і частка грамадства жыве па ілжы. І гэта вельмі небяспечна для самых людзей, бо гэта дэмаралізуе людзей і гэтыя «прадстаўленні» – гэта брыдкі фарс, якім хочуць ашукаць бедны, сто разоў ашуканы народ. Мы бачым дажыванне гэтай сістэмы ілжы, подласці, здрады. І няма ж нічога новага, яны не могуць нічога новага прапанаваць і сказаць. Адзінае, што маладых людзей прыводзяць, а яны скончваюць лукашысцкія школы і ў выніку не ведаюць гісторыі, нічога. А гэта небяспечна. Але мы не можам параўнаць як гэта было ў 40-я гады, бо цяпер існуе інтэрнэт. Моладзь можа там пабачыць шмат, кажа палітык.

«Людзей могуць кінуць у турму нават за беларускае слова, за падабайку. Дзякуй Богу людзей не расстрэльваюць. Я думаю, што гэты перыяд дарма не пройдзе. Як чалавек, які перахварэў віруснай хваробай, потым мае імунітэт. Так і з нашай нацыяй, хвароба будзе пераадоленая і застанецца імунітэт. Важна, каб быў суд над спраўцамі. Абавязкова патрэбен суд над асобай, якая стаіць перад трыбунай. За ўсю гісторыю як раз менавіта гэтая асоба прынесла столькі шкоды для нацыі і краіны».

Каментар
Праз прымус да ўдзелу ў святкаваннях беларусы большымі прыхільнікамі рэжыму не стануць
2023.07.03 18:15

Што да віншавання Пуціна з нагоды Дня Незалежнасці, то, паводле Зянона Пазняка – гэта проста рыторыка.

«Якая ў нас агульная гісторыя? Сотні гадоў у гісторыі была вайна з Расеяй. Вось гэта гісторыя. З палякамі ў нас таксама была некалькі стагоддзяў агульная гісторыя. Але мы з імі ніколі не ваявалі. А з Масковіяй – наадварот. Разбураныя гарады, забітыя тысячы людзей. А вось тое, што яны цяпер твораць – яны за гэтае адкажуць. Ёсць міжнароднае заканадаўства. Гэта не абыдзецца так як з маршам Прыгожына. Для Пуціна будзе ўрок глыбокі, як і для Лукашэнкі таксама. Важна, каб яны засталіся жывымі і пайшлі пад суд».

Зянон Пазняк таксама раскрытыкаваў паведамленні пра магчымае размяшчэнне байцоў ВПК «Вагнэра» ў Беларусі і лічаць, што паведамленні пра такія планы – хлусня.

Палітык кажа, што кале пачне сыпацца рэжым Пуціна, адпаведна будзе сыпацца і рэжым Лукашэнкі. Таму грамадзянскай вайны ў Беларусі не будзе. Зянон Пазняк перакананы, што беларусы з беларусамі не будуць ваяваць. Беларуская армія не хоча ні з кім ваяваць. Калі рэжым будзе падаць, то ён абрынецца без адзінага стрэлу. Таму размовы пра сілавыя сцэнары – несур’ёзныя размовы.

Глобус Беларусі
Рыхтуем Дзень Незалежнасці разам! Сюрпрыз ад арміі. Прэм’ера
2023.07.01 15:02

У справе дэбатаў вакол рэпарацыяў Украіне з боку Беларусі палітык адрэзвае, што гэта поўная лухта.

«Мяне здзіўляюць некаторыя ўкраінскія палітыкі. З аднаго боку, канечне, там працуе расейская агентура, ёсць людзі, якія не разбіраюцца. Ніякіх рэпарацыяй не можа быць. Яны кажуць пра тое, каб аб’явіць агрэсіўнай дзяржавай Беларусь. Але так не ёсць. Гэта акупаваная краіна, рэжым, які здаў краіну, непрызнаны, нелегітымны, ён парушыў Канстытуцыю і з’яўляецца злачынным. Гэтыя аспекты ў міжнародным праве ўлічваюцца».

Расейскія САУ на станцыі Берасце-Паўднёвае, 21 студзеня.
Фота: modmilby / Telegram

Таму, паводле Зянона Пазняка, немагчыма аб’явіць Беларусь агрэсіўнай краінай, а вось акупаванай – так. І чаму кажам пра рэпарацыі з боку Беларусі, а не кажуць пра рэпарацыі з боку Расеі? Пра гэта трэба гаварыць. А яны пра гэта не гавораць. Вайна закончыцца нейкім мірам. Але палітык выказвае здагадку, што Расея не будзе плаціць ніякіх рэпарацыяў. Крэмль можа плаціць рэпарацыі толькі тады, калі на галаву будзе разбіты і адбудзецца акт капітуляцыі. Тады і суд будзе. Калі ж будзе нейкі мір, то ніякіх рэпарацыяў не будзе, больш таго, Расея прад’явіць патрабаванне Украіне плаціць рэпарацыі.

«Яны ж зладзілі рэферэндум, вядома, гэта ліпа, але гэта зачэпка каб прадʼявіць прэтэнзіі і надалей будзе развівацца канфлікт. Я ведаю палітыку Крамля».

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін абмяняліся поціскамі пад словы Такаева пра адну на дваіх ядравую зброю. Масква, Расея, 24 траўня 2023 года. Скрыншот з відэа: «Пул Первого» / Telegram

Адным з вельмі небяспечных палітычных захадаў Крамля зʼяўляецца ініцыятыва размяшчэння тактычнай ядравай зброі ў Беларусі. Паводле палітыка, тактычная ядравая зброя – гэта не стратэгічная, бо ёй валодаюць, як кажуць, генералы. Каманда будзе ісці з Масквы, яна можа не дайсці, яе могуць не паслухаць і выкарыстаць ядравую зброю. Таму прысутнасць ядравай зброі ў Беларусі, чужой зброі краіны, якая вядзе такую палітыку – вельмі небяспечна. А Лукашэнка робіць чарговае злачынства перад народам, сведчыць лідар КХП-БНФ.

«Калі пералічыць колькасць зла, якое зрабіў і робіць Лукашэнка, то няма ніякага пакарання, якое б магло кампенсаваць тое, што ён зрабіў. Павінен быць нацыянальны Нюрнбэрг, каб была ўся нацыя, каб усе бачылі, каб працэс быў адкрыты, каб бачылі, да чаго прывяла гэтая палітыка. Расейцы ніколі не адчувалі віны, а мы павінныя зрабіць суд, каб больш такога не паўтарылася», – кажа Зянон Пазняк.

У аспекце перспектывы незалежнасці Беларусі палітык захоўвае аптымізм. Ён кажа, што незалежнасць Беларусі ёсць і будзе. Мільёны жыццяў пакладзена за нашую дзяржаву, за нашую незалежнасць. Пасля ўсіх апошніх падзеяў беларуская нацыя будзе мацнейшай. Зянон Пазняк разважае, што калі Расея пасля вайны ва Украіне разваліцца і імперыі не будзе, то пытанне пагрозаў здымаецца. Асноўныя беды, няшчасці Беларусі ідуць з Расеі, перакананы Зянон Пазняк.

Інтэрв’ю
«Размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі панізіць суверэнітэт і незалежнасць». Рубэн Гарутуньян, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі
2023.06.24 20:28

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў