Колькасць замежнікаў у Польшчы павялічваецца. Беларусы – на другім месцы


У Польшчы з кожным месяцам павялічваецца колькасць замежнікаў, лік ужо дасягнуў 1 мільёна 85 тысячаў чалавек. Інфармацыю з польскіх афіцыйных крыніцаў і медыяў прааналізаваў тэлеграм-канал «Dzik Pic. Откровенно о польском ИТ».

Колькасць Беларусаў у Польшчы. Інфаграфіка: picodi

Паводле выдання Pulshr.pl, у польскай сістэме сацыяльнага страхавання ZUS колькасць зарэгістраваных замежнікаў у траўні павялічылася да 1 мільёна 85 тысячаў. За красавік прырост склаў 8,3 тысячы, з якіх 1,9 тысячы – беларусы.

Паводле аналітыкі Picodi.com, у красавіку 2023 года ў Польшчы колькасць беларусаў, якія легальна жывуць у краіне, павялічылася да 75,7 тысячы, што складае 10,5 % ад агульнай колькасці замежнікаў у краіне. Найбольш беларусаў жыве ў Мазавецкім ваяводстве. Паводле статыстыкі, з пачатку года ў Польшчу пераехалі яшчэ 7 тысяч грамадзянаў Беларусі.

«Dzik Pic» тлумачыць, што яшчэ больш дакладна колькасць беларусаў адлюстроўвае рэестр імёнаў PESEL, які ўлічвае і беларусаў з польскім грамадзянствам. Паводле названага рэестру, у 2023 годзе PESEL маюць 249 тысяч беларусаў.

Літва – другая краіна Еўразвязу паводле колькасці беларусаў, якія там жывуць. Згодна са статыстыкаю, за 2022 год колькасць беларусаў там павялічылася на 17,8 тысячы да 48,8 тысячы беларусаў на пачатак 2023-га.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў