ФСБ: Грамадзянін Расеі рыхтаваў замах на кіраўніка Крыму Аксёнава


Федэральная служба бяспекі Расеі паведамляе пра затрыманне расейскага грамадзяніна, які нібыта рыхтаваў замах на кіраўніка Крыму Сяргея Аксёнава. Затрыманы даў прызнальныя паказанні.

Сяргей Аксёнаў.
Фота: Андрей Стенин / РИА Новости

ФСБ Расеі 3 ліпеня паведаміла пра перадухіленне замаху на кіраўніка Крыму Сяргея Аксёнава. Затрымалі выканаўцу меркаванага замаху, ён даў прызнальныя паказанні: кажа, што быў завербаваны Службаю бяспекі Украіны.

«Затрыманы грамадзянін Расеі, 1988 года нараджэння, які быў завербаваны супрацоўнікамі СБУ і прайшоў на тэрыторыі Украіны курс навучання выведна-падрыўной дзейнасці, у тым ліку – навучанне мінна-выбухной справе», – гаворыцца ў паведамленні.

ФСБ сцвярджае, што мужчына планаваў падарваць машыну Аксёнава, але яго злавілі, калі забіраў бомбу са схованкі. Пачалі крымінальную справу паводле артыкулаў аб замаху на тэракт і незаконным набыцці выбухоўкі. Затрыманага ўзялі пад варту.

Паводле расейскага прапагандысцкага агенцтва «РИА Новости», затрыманы па абвінавачанні ў замаху на Аксёнава расейскі грамадзянін прызнаўся, што нібыта ў чэрвені прыбыў у Крым і прыступіў да рыхтавання тэракту. Агенцтва прыводзіць ягоныя словы, распаўсюджаныя ФСБ.

«У снежні 2022 года быў завербаваны спецслужбамі Украіны, куратарам Ігарам, атрымаў пазыўны Каратыст і праходзіў навучанне на палігоне падрыўной справе, маскаванню і нанясенню грыму, адыходу ад пераследу і таму падобнаму. Затым я атрымаў заданне паехаць у Крым, у Сімферопаль. Для пачатку мне трэба было зняць жытло, купіць тэлефон, уладкавацца на працу. Я выходзіў кожны дзень на сувязь з Ігарам, чакаў далейшых указанняў. Чакаў адрас, дзе стаіць аўтамабіль, каб устанавіць міну, каб потым паставіць гэты аўтамабіль на вуліцу Севастопальскую для падрыву картэжу Сяргея Аксёнава», – прыводзіць «РИА Новости» словы затрыманага.

Украінскі бок пакуль што гэтую інфармацыю не каментуе.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў