Дзяржсакратар ЗША заклікаў вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Рэпрэсіі за 3 ліпеня


«Белсат» працягвае сачыць за палітычна-матываваным пераследам у Беларусі, які чыніць рэжым Лукашэнкі. Распавядаем пра рэпрэсіі, пра якія стала вядома 3 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / belsat.eu

Суд Смаргонскага раёну 3 ліпеня, нягледзячы на афіцыйнае свята, прысудзіў былому палітвязню Рамуальду Улану 7 содняў адміністрацыйнага арышту. Яго затрымалі яшчэ 30 чэрвеня і трое содняў пратрымалі ў ІЧУ. Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» Рамуальд Улан у студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Яму паставілі ў віну тое, што ён распаўсюдзіў «заведама непраўдзівыя звесткі, якія ганьбяць гонар і годнасць міліцыянераў». У траўні стала вядома, што яго вызвалілі па амністыі.

У Горадні 1 ліпеня супрацоўнікамі міліцыі была затрыманая Аліса Дольнікава, паведамляюць праваабаронцы. Пакуль невядома, дзе яна знаходзіцца і што паслужыла прычынай затрымання дзяўчыны.

Суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова адмовіліся замяніць пакаранне ўніяцкаму святару з Полацку Аляксандру Шаўцову. Праз гэта пастанова ад 26 траўня раённага суда застаецца без змены і Шаўцоў будзе вымушаны адбыць 15 содняў арышту за нібыта распаўсюд у сацыяльных сетках «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Hавiны
Сілавікі ноччу ўварваліся ў дом да асуджанага па палітычным артыкуле, але ён там даўно не жыве
2023.07.03 22:07

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі заклікаў вызваліць усіх беларускіх палітвязняў:

«Вашая мужнасць, трываласць і настойлівасць у дасягненні дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні Беларусі натхніла свет. З-за мураў турмы, у гарадах, дзе вы апынуліся ў выгнанні, і дома ў Беларусі вы працягваеце выказвацца і адстойваць сапраўды незалежную і дэмакратычную будучыню вашай краіны, дзе можна жыць свабодна ад рэпрэсіяў і самастойна вызначаць свой лёс».

Таксама ён заявіў, што ЗША высока ацэньваюць і падтрымліваюць нястомныя намаганні беларусаў адстаяць унікальнасць беларускай мовы, культуры і ідэнтычнасці.

«Мы захапляемся вашай настойлівасцю ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Мы заклікаем да безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў і за спыненне рэпрэсій, што працягваюцца ў Беларусі. Больш за 30 гадоў ЗША выступаюць за дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь. Нашая прыхільнасць застаецца непахіснай», – дадаў Блінкен.

Hавiны
У калоніях Наваполацку і Мазыра зняволеным не даюць тэлефанаваць родным
2023.07.03 17:56

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў