Дзяржсакратар ЗША Блінкен заклікаў безумоўна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў


Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці Беларусі даслаў зычэнні народу Беларусі. Пра гэта паведамляе амбасада Злучаных Штатаў у Беларусі.

Энтані Блінкен.
Фота: Амбасада ЗША / by.usembassy.gov

3 ліпеня з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен даслаў беларускаму народу цёплыя зычэнні, адзначыўшы, што больш за 30 гадоў Злучаныя Штаты выступаюць за дэмакратычную, незалежную і суверэнную Беларусь:

«Нашая прыхільнасць застаецца непахіснаю. Вашая мужнасць, трываласць і настойлівасць у дасягненні дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні Беларусі натхніла свет. З-за муроў турмы, у гарадах, дзе вы апынуліся ў выгнанні, і ўдома ў Беларусі вы працягваеце выказвацца і адстойваць сапраўды незалежную і дэмакратычную будучыню вашай краіны, дзе можна жыць свабодна ад рэпрэсіяў і самастойна вызначаць свой лёс».

Кіраўнік амерыканскага дыпламатычнага ведамства таксама адзначыў, што Злучаныя Штаты высока ацэньваюць і падтрымліваюць нястомныя намаганні беларусаў адстаяць унікальнасць беларускай мовы, культуры ды ідэнтычнасці:

«Мы захапляемся вашаю настойлівасцю ў абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Мы заклікаем да безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, якіх больш за 1500, і за спыненне рэпрэсіяў, што працягваюцца ў Беларусі».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў