Прэм’ера! «Галасы. Дзе мой край» – дакументальны фільм пра Вольны хор і яго стваральнікаў


Суполка беларускіх дакументалістаў «DocWave» пры падтрыманні «Белсату» прэзентуе першую частку дакументальнага праекту «Галасы».

У жніўні 2020 года ў Менску, каб выказаць пратэст супраць фальсіфікацыі выбараў, на прыступках Беларускай дзяржаўнай філармоніі сабраліся людзі. Яны трымалі плакат «У нас скралі голас» і маглі супрацьпаставіць гвалту толькі песні, якія спявалі разам.

Улады прагналі іх з прыступак, але неўзабаве хор пачаў з’яўляцца на пратэсных маршах, у гандлёвых цэнтрах і метро, натхняючы людзей спевамі пра годнасць, мужнасць, долю і веру беларусаў. Гэтак нарадзіўся адзін з сімвалаў беларускага супраціву – Вольны хор.

Падчас акцыяў і канцэртаў спевакі хавалі свае твары і прытрымліваліся адмысловых захадаў бяспекі. Спадзеючыся запужаць актывістаў, улады некалькі разоў затрымлівалі меркаваных дырыжораў і ўдзельнікаў калектыву. Але «партызанскі» хор працягваў свае адважныя выступы.

Гэта вельмі раздражняла ўлады, і яны распачалі сапраўднае паляванне. Людзей звальнялі з працы і некалькі разоў кідалі на содні. Збягаючы ад пераследу, шмат хто са спевакоў быў вымушаны з’ехаць з Беларусі.

Гісторыю нараджэння і дзейнасці Вольнага хору распавядзе сям’я Аляксандра і Сашы Сердзюковых, музыкаў, працаўнікоў Дзяржаўнай філармоніі. Пара не асабліва цікавіліся палітыкай, але, жывучы ля Стэлы і пабачыўшы на ўласныя вочы ўсю жорсткасць сістэмы, не магла заставацца збоку. Маладзёны сталі аднымі з ініцыятараў крэатыўнага супраціву. Пасля адной з акцыяў віяланчэліст Аляксандр Сердзюкоў быў затрыманы на працоўным месцы і арыштаваны на 15 содняў. Пасля выхаду з турмы ён пастанавіў адысці ад актывізму і сканцэнтравацца на сямейных справах і хобі, але па яго зноў прыйшлі. Пара, якая чакала дзіця, была вымушаная ўцякаць з Беларусі.

У пошуках прытулку ў замежжы Сердзюковы разам з тысячамі зʼехалых беларусаў задаюцца пытаннем: «Дзе мой край?»

Глядзіце на YT-канале «Белсат DOC» і ў прыкладанні для тэлевізараў «BelsatSmart».

Стужка навінаў