Халодныя супы – як не галадаць у спёку і не зварыцца на кухні


Хто не ходзіць летам з ружовымі плямамі ад халадніку на адзенні – той дарма марнуе цёплыя часіны. Мы сабралі для вас і пратэставалі тры рэцэпты супоў, якія насамрэч хочацца есці, нават калі за акном +35 °С.

Адзін суп – бясспрэчная класіка; другі суп – цікавы досвед; а трэці суп – дзёрзкі эксперымент. Абяцаем, што пліту трэба будзе ўключыць максімум на хвілінаў 20. Рэцэпты мы расставілі паводле часу гатавання, пачалі з самага доўгага.

Халодны рыбны суп – эксперымент

Гэты чароўны паўночны суп мае шмат варыяцыяў. Вядома, можна замарочыцца і абсмажваць цыбулю, моркву, дадаваць муку і яшчэ рознае, але па факце прапанаваны намі рэцэпт максімальна просты і вельмі смачны.

Халодны рыбны суп.
Фота: Марыя Мурашка / Белсат

Складнікі: ласось – 2 бляшанкі (кансервы тут ідэальна пасуюць, толькі глядзіце, каб былі без таматаў ці іншых выкрутасаў, трэба проста рыба), бульба – 4–5 штук, морква – 3–4 сярэднія, маленькая цыбуліна, вяршкі 10 % – 200 г, лаўровы ліст, перац, соль.

Пачынайце з бульбы: пакуль закіпае вада, вы яе палупілі і нарэзалі кубікамі, затым кідайце ў кіпень. Туды ж кідайце цыбуліну. Тым часам на сярэдняй тарцы дзярыце моркву і кідайце да бульбы. Як будзе гатовая бульба, калаціце ў бляшанцы рыбу, закідвайце ў агульны рондаль і налівайце вяршкі. Як толькі закіпіць – выключайце, іначай вяршкі ператворацца ў тваражок. Саліце напрыканцы! Зразумець, колькі трэба будзе солі да таго, як дададуцца вяршкі, вельмі складана.

Студзіце і атрымліваеце ідэальны абед, калі ад спёкі нічога не хочацца, а галава ўжо не цяміць ад голаду. На ўсё не больш за 20–30 хвілінаў.

Халаднік – м-м-м, класіка

Калі вы думаеце, што можна секчыся толькі за муку ў драніках, то вы мала камунікуеце з аматарамі халаднікоў. Тут у святую бітву гатовыя ісці аматары супу на квасе, мінералцы, вадзе, кефіры і нават бярозавым соку. То мы вам проста пакладзем тут рэцэпт, як самі ямо, а вы ўжо вызначайцеся. І так, там няма бульбы…

Халаднік бураковы — галоўны летні суп.
Фота: Марыя Мурашка / Белсат

Складнікі: 4 гуркі, 3 вараныя яйкі, 3 сярэднія вараныя бурачкі (ёсць ужо гатовыя ў краме – гэта ідэальны варыянт, каб амаль не ўключаць пліты), зялёная цыбуля, кроп, вада, смятана, соль, перац.

Варыце яйкі. Пакуль яны гатуюцца – наразаеце гуркі. Іх можна не лупіць, ну шчыра, яны і з лупінамі смачныя (калі яны не здзервянелі ўжо, вядома). Туды ж зеляніну, трыце буракі на бурачковай тарцы. Зварыліся яйкі – лупім і рэжам, у рондаль да ўсяго папярэдняга, заліваеце вадзічкай, потым пару лыжак смятаны, перамяшалі і гатова! Суп можна не студзіць, а адразу есці. А за стол сядаць – абавязкова ў белым.

Халаднік бурачковы — галоўны летні суп.
Фота: Марыя Мурашка / Белсат

Крэм-суп з авакада – выклік

Тут дакладна не трэба варыць ніводнага складніку, і гэта самы хуткі суп з нашай падборкі. Добра пасуе веганам і людзям, у якіх на гатаванне ёсць толькі 10 хвілінаў. І які ж гэта неймаверны гастранамічны досвед, чароўны!

Складнікі: 2 авакада, 4 гуркі, 50 г шпінату ці болей, базілік, пятрушка, мята (не бойцеся, мы ўжо каштавалі – улёт!), соль, перац, аліўкавы алей, жменя лёду.

Крэм-суп з авакада.
Фота: Марыя Мурашка / Белсат

Калі вы не запанікавалі ад складнікаў, то возьмемся! Тут таксама раяць лупіць агуркі, але, калі шчыра, розніцы ніякай. Абабіраем авакада, яго разам з вялікімі кавалкамі гурка і астатнімі складнікамі прабіваем у місцы блэндарам. Усё! Нават менш за 10 хвілінаў, калі ў вас кавалкі лёду не з кулак. Разліваеце ў талеркі і выпраўляецеся ў свет смелых гастранамічных фантазіяў.

Марыя Мурашка, belsat.eu

Стужка навінаў