Жузэп Бурэль: Свет не можа прыняць такі мір ва Украіне, які зробіць з яе другую Беларусь


Вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэп Бурэль выступіў на форуме па бяспецы «Дыялог Шангры-Ла», які праходзіць 2-4 чэрвеня ў Сінгапуры, дзе выказаўся пра тое, які мір ва Украіне патрэбны свету.

Жузэп Бурэль.
Фота: europarl.europa.eu

Міністр абароны Інданезіі Прабава Субіянта прапанаваў неадкладна спыніць агонь ва Украіне, стварыць дэмілітарызаваную зону пад кантролем міратворцаў і правесці пад эгідай ААН новыя рэферэндумы на «спрэчных тэрыторыях».

Жузэп Бурэль адхіліў гэтую прапанову. Ён заявіў, што свет не можа прыняць такі мір ва Украіне, які стане «мірам наймацнейшых» і такім чынам зробіць Украіну другой Беларуссю.

«Вайна скончыцца, але пытанне не ў спыненні вайны, а ў тым, як мы яе скончым, – зазначыў прадстаўнік ЕЗ. – Вось чаму мы працягваем падтрымліваць Украіну, нават калі хочам міру больш за ўсіх у гэтай залі».

Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка адказаў міністру абароны Інданезіі, што «паміж Украінай і Расеяй няма спрэчных тэрыторыяў, каб там праводзіць рэферэндумы». Нікаленка падкрэсліў, што Крым, часткі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў – гэта акупаваныя Расеяй тэрыторыі, на якіх расейская армія здзяйсняе злачынствы супраць чалавечнасці.

«Расея павінна пакінуць украінскія тэрыторыі, а Украіна – аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасць у міжнародна прызнаных межах. Альтэрнатыўных сцэнароў быць не можа», – зазначыў прадстаўнік украінскага дыпламатычнага ведамства.

Раней Бурэль называў план Зяленскага адзіным шляхам вырашэння ўкраінскага крызісу. Зяленскі агучваў свой план у лістападзе 2022 года на саміце G20. Ён складаецца з 10 пунктаў і прадугледжвае вызваленне ўсіх палонных, вывад расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі, спыненне баявых дзеянняў і аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў