Летнія маразы. У Езярышчы зафіксавалі тэмпературны рэкорд чэрвеня


У Езярышчы Віцебскай вобласці мінулай ноччу тэмпература апусцілася да мінус 0,9 градуса. Для паселішча гэта тэмпературны рэкорд – ніколі ў чэрвені там не было так холадна. У Менску пабіты рэкорд, што трымаўся 95 гадоў, піша выданне «Позірк».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pvproductions / Freepik

У Езярышчы на поўначы Віцебскай вобласці ўначы 3 чэрвеня тэмпература апусцілася да мінус 0,9 градуса. Так холадна ў чэрвені ў гэтым паселішчы не было ніколі. Папярэдні мінімум месяца трымаўся 41 год: 11 чэрвеня 1982 года там зафіксавалі 0,3 градуса марозу. А самая халодная ноч менавіта 3 чэрвеня была ў Езярышчы ў 2001 годзе: +1,6.

У Менску пабіты 95-гадовы рэкорд. Мінулай ноччу ў сталіцы пахаладала да +2,2. Папярэдні мінімум (+2,7 градуса) быў зафіксаваны ў Менску 3 чэрвеня 1928 года.

Новыя лакальныя рэкорды перапісаныя таксама ў Мар’інай Горцы (1,2 градуса цяпла) і Сянно (+3,4).

Самая марозная ноч у першы летні месяц была ў Беларусі 11 чэрвеня 1982 года, калі ў Воршы тэрмометры паказалі мінус 2,3 градуса. Такі ж мінімум паўтарыўся 1 чэрвеня 2001 года на метэастанцыі «Палеская» у Лунінецкім раёне Берасцейшчыны.

Тым часам Белгідрамет выпусціў штармавое папярэджанне на наступную ноч.

«Уначы 4 чэрвеня месцамі па краіне і ў наваколлях Менску чакаюцца замаразкі ад нуля да мінус двух», – гаворыцца ў паведамленні.

Заўтра днём будзе ад 16 да 22 цяпла.

Hавiны
У Менску абноўлены рэкорд 1917 года ў нізкай тэмпературы
2023.05.07 18:21

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў