«Мы станем гарой на абарону кожнага». Ціханоўская прадставіла Праграму падтрымання страйкоўцаў


У межах афіцыйнага візіту ў Польшчу Святлана Ціханоўская 3 чэрвеня правяла сумесна з прадстаўнікамі аб’яднанняў работнікаў брыфінг, дзе прэзентавала праект Праграмы падтрымання, на якую могуць разлічваць беларусы, якія далучаюцца да страйкавага руху і якія ўжо зазналі ціск за свой пратэст.

«Вельмі важна, каб мы зараз ядналі свае сілы для супольнага змагання, падрыхтоўкі да стачкі і абароны сваіх правоў. На гэты момант да «Рабочага руху» далучыліся больш як 14 500 чалавек, «Беларускае аб’яднанне работнікаў» таксама набірае абароты», – заявіла Святлана Ціханоўская на пачатку брыфінгу.

Яна адзначыла, што для падтрымання пратэстоўцаў ейная эканамічная каманда распрацавала праект Праграмы падтрымання ўдзельнікаў страйкавага руху, а таксама грамадзянаў і бізнесаў, пацярпелых ад рэпрэсіяў. Яна ўключае кампенсацыі штрафаў, адмены даўгоў па кантрактах, а таксама рэабілітацыю тых, хто пацярпеў, апынуўся ў турме і патрапіў пад рэпрэсіі за пратэсты.

Брыфінг Святланы Ціханоўскай, Алеся Аляхновіча, Юрыя Рававога і Сяргея Дылеўскага 3 чэрвеня ў Варшаве.
Фота: ЮШ / belsat.eu

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што гэта не папулізм, бо праграма прадугледжвае канкрэтныя крыніцы фінансавання. Напрыклад, частка Праграмы будзе фінансавацца за кошт Эканамічнага плану Еўразвязу для дэмакратычнай Беларусі

«Мы вядзем паслядоўную працу дзеля таго, каб на момант змены рэжыму ў нашай краіне мы былі гатовыя да правядзення доўгачаканых палітычных і эканамічных рэформаў», – заявіла лідарка беларускага пратэсту.

Якім будзе падтрыманне

Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у сферы эканомікі Алесь Аляхновіч падкрэсліў, што праект праграмы не канчатковы і прадугледжвае магчымасць зваротнай сувязі ды дапрацаванне праграмы. Ён прадугледжвае наступныя механізмы падтрымання:

1) вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітвязняў

2) аднаўленне ўсіх пратэстоўцаў на сваім месцы працы

3) калі людзі, звольненыя на палітычны загад, не захочуць вяртацца на сваё былое месца працы, іх чакае падтрыманне ў форме:

  • а) фінансавання адукацыйных праграмаў перападрыхтоўкі,
  • б) стымулявання працаўладкавання ў прыватным бізнесе праз вызваленне наймальніка ад выплаты падаткаў і збораў у ФСАН,
  • в) беззваротнага гранту на адкрыццё прыватнага бізнесу (да $ 10 тыс. на канкрэтны бізнес-праект),
  • г) выплаты розных фінансавых выдаткаў, якія людзі панеслі ў сувязі са зрывам кантракту.

4) аднаўлення звольненых студэнтаў;

5) адтэрміноўка па крэдытах для пацярпелых ад рэпрэсіяў;

6) кампенсацыя матэрыяльнай і нематэрыяльнай шкоды ад рэпрэсіяў;

7) падтрыманне прыватнага бізнесу, які пацярпеў ад рэпрэсіяў;

8) падтрыманне чыноўнікаў і сілавікоў, якія перайшлі на бок народу.

Брыфінг Святланы Ціханоўскай, Алеся Аляхновіча, Юрыя Рававога і Сяргея Дылеўскага 3 чэрвеня ў Варшаве.
Фота: ЮШ / belsat.eu

«Праграма прадугледжвае канкрэтныя крыніцы фінансавання. Яны дзеляцца на ўнутраныя і вонкавыя. Ужо на гэты момант спрабуем запоўніць Антыкрызісны фонд, фонды падтрымання прыватнага бізнесу. Таксама працуем з інвестарамі, каб арганізаваць пасля змены ўлады ў Беларусі канферэнцыю інвестараў, якія будуць гатовыя інвеставаць у Беларусь, у новы дзяржаўны доўг», – паведаміў Алесь Аляхновіч.

Праект праграмы апублікаваны на сайце Святланы Ціханоўскай.

Каардынацыя агульнанацыянальнага страйку

Юрый Рававы з «Рабочага руху» адзначыў, што такі праект праграмы паказвае тым, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, што яны атрымаюць канкрэтную дапамогу. Паводле яго, як і ў выпадку з польскім прафсаюзам «Салідарнасць», за працаўнікамі ў Беларусі моц. Для каардынацыі дзеянняў працаўнікоў і правядзення агульнанацыянальнага страйку і была створаная платформа «Рабочы рух», дадаў Юрый Рававы.

Сяргей Дылеўскі з «Беларускага аб’яднання работнікаў» падкрэсліў важнасць кожнаму беларускаму работніку разумець, «за што ён змагаецца і што ягонае працоўнае месца гарантавана застаецца за ім».

Брыфінг Святланы Ціханоўскай, Алеся Аляхновіча, Юрыя Рававога і Сяргея Дылеўскага 3 чэрвеня ў Варшаве.
Фота: ЮШ / belsat.eu

«Тыя матэрыяльныя страты і магчымыя маральныя пакуты будуць з лішкам кампенсаваныя ў будучыні», – заявіў ён.

Сяргей Дылеўскі таксама адзначыў, што і «Рабочы рух», і «Беларускае аб’яднанне работнікаў» створаныя для таго, каб эфектыўна змагацца з рэжымам:

«І мы станем гарой на абарону кожнага работніка, які выказвае сваю нязгоду з дзейным рэжымам».

«Рэжым не спраўляўся з эканомікай»

На завяршэнне Алесь Аляхновіч адзначыў, што ў дзейных уладаў краіны было 26 гадоў, «каб пабудаваць у Беларусі прыгожую і развітую краіну».

«Пасля 26-і гадоў яго кіравання Беларусь сёння мае самыя нізкія мінімальныя заробкі ў Еўропе, самыя нізкія сярэднія заробкі, адны з самых нізкіх пенсіяў і самыя нізкія дапамогі ў беспрацоўі. Гэта таксама паказвае, што яшчэ да ўвядзення эканамічных санкцыяў, да пратэстаў 2020 года гэты рэжым не спраўляўся з эканомікай і не забяспечваў працоўны рост», – заключыў ён.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў