Былы рэдактар «Nexta» Ян Рудзік пра завочны прысуд: Гэта добрая ацэнка нашай працы


Былы рэдактар тэлеграм-каналу «Nexta» Ян Рудзік пракаментаваў «Белсату» прысуд, вынесены 3 траўня яму, Сцяпану Пуцілу і Раману Пратасевічу. Паводле яго, тэрміны, на якія іх асудзілі, – «добрая ацэнка нашай працы».

Святкаванне Дня Волі у Варшаве, Польшча. На здымку (у цэнтры) – Ян Рудзік. 25 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Мы [«Nexta». – Рэд. Belsat.eu] сапраўды з 2019 года шмат мабілізавалі людзей праз сацыяльную тэму. Мы працавалі з той аўдыторыяй, з якой дагэтуль дэмакратычным сілам не ўдавалася працаваць. Потым мы яе палітызавалі, бо пачалі асвятляць палітычную кампанію», – сказаў Ян Рудзік.

Паводле яго, гэтага суда не павінна было быць, «як не павінен існаваць рэжым Лукашэнкі». Рудзік адзначыў, што на суддзю ўзялі «самага адмарозка» – Вячаслава Тулейку, які выносіў і смяротныя прысуды, і судзіў анарха-партызанаў. Абскарджваць прысуду Рудзік не плануе, але «хацеў бы абскардзіць існаванне Лукашэнкі».

Пратасевіч «у перадынсультным стане»

Пракаментаваў Рудзік і рэакцыю Рамана Пратасевіча, які адзіны з трох рэдактараў «Nexta» прысутнічаў у судзе. Нагадаем, што яго затрымалі, прызямліўшы ў 2021 годзе самалёт «Ryanair», што пралятаў над тэрыторыяй Беларусі. Пасля затрымання журналіст пайшоў на супрацу з рэжымам.

«Ён, наколькі я бачыў, быў здзіўлены. Магчыма, яму да апошняга казалі, што ўсё будзе добра. Але пакуль яго не ўзялі пад арышт і адпусцілі дадому. Таму пакуль не вядома, што будзе з ім», – адзначыў Рудзік.

Ён заявіў, што паводле рэакцыі Пратасевіча было відаць, што ён «у перадынсультным стане». І агулам, «выглядае, што ён паедзе» адбываць пакаранне ў калонію.

Абноўлена
Вынесеныя прысуды ў справе «Nexta»: Пратасевіч – 8 гадоў, Рудзік – 19, Пуціла – 20
2023.05.03 13:51

3 траўня ў Менскім абласным судзе вынесеныя прысуды чальцам рэдакцыі звышпапулярнага падчас пратэстаў 2020 года тэлеграм-каналу «Nexta» Раману Пратасевічу, Яну Рудзіку і Сцяпану Пуцілу. Іх абвінавацілі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

Паводле абвінавачання, фігуранты справы ў розны час з 2020 года, будучы пераважна ў Польшчы, «выконваючы агульны план змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам, рэалізуючы ролі і задачы ўстойлівай групы, якую яны ўзначальваюць, публікавалі ў сетках каналаў «Nexta» і «Беларусь галаўнога мозгу» інфармацыйныя матэрыялы, якія маюць дэструктыўныя мэты. Акрамя таго, абвінавачаныя заклікалі пратэстава настроеных грамадзянаў здзяйсняць акты тэрарызму».

У выніку чальцы рэдакцыі прызнаныя вінаватымі ў «публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады, актаў тэрарызму, у абразе прэзідэнта, распаўсюджванні заведама ілжывых звестак аб Беларусі і іншых злачынствах». Пратасевіч атрымаў 8 гадоў зняволення, Рудзік і Пуціла – адпаведна 19 і 20.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская, каментуючы прысуд, заявіла, што ён «яшчэ і праверка для ўсіх нас».

«Бо каштоўнасці, на якіх будуецца дэмакратычны рух, такія:

– ніхто не павінен быць асуджаны з палітычных матываў;

– ніхто не павінен праходзіць праз катаванні;

– нічыё жыццё не павінна быць прадметам гандлю», – сказала Ціханоўская.

Абраная прэзідэнтка Беларусі звярнулася да «кожнага беларуса і кожнай беларускі» з просьбаю: «Паглядзіце на сябе, ці засталіся вы верныя сваім каштоўнасцям? Бо без іх мы рызыкуем стаць падобнымі да помслівага, бесчалавечнага рэжыму. Я прашу вас заставацца людзьмі».

Аналітыка
Ледзь жывая «Белавія» і імідж Кадафі. Што яшчэ дало рэжыму затрыманне Пратасевіча
2023.02.17 07:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў