Расейскі праваабаронца пра рэакцыю расейцаў на магчымую мабілізацыю і ўдзел украінцаў у парадзе 9 траўня


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 9 траўня можа аб’явіць Украіне сапраўдную вайну, а не «спецаперацыю», а таксама абʼявіць усеагульную мабілізацыю, паведамляе канал «CNN». Іншым сцэнарам можа стаць анексія захопленых тэрыторый на ўсходзе Украіны. У студыі «Белсату» заснавальнік праекту «Gulagu.net» Уладзімір Асечкін распавёў пра рэакцыю расейцаў на магчымую мабілізацыю, радыкалізацыю пратэстаў у Расеі і магчымы ўдзел украінскіх ваеннапалонных у парадзе.

Заснавальнік праекту «Gulagu.net» Уладзімір Асечкін.
Фота: gulagu-net.ru

Паводле слоў Уладзіміра Асечкіна, цэлы шэраг крыніц паведамляе аб тым, што падзеі 9 траўня сапраўды могуць развівацца незвычайным чынам і Уладзімір Пуцін мае шанец выкарыстаць ваенны настрой і парад для аб’яўлення ўсеагульнай мабілізацыі.

У сувязі з гэтым «Gulagu.net» правёў даследаванні сярод дзясяткаў тысяч расейцаў і больш за 90% чалавек выказаліся супраць мабілізацыі. Таксама большасць не гатова браць у рукі зброю і ваяваць з Украінай.

Праваабаронца расказвае, ужо зараз людзі ў Расеі разумеюць, што прагулкамі па Маскве і мірнымі акцыямі пратэсту сітуацыю не змяніць. Сітуацыя пагаршаецца і ідзе да катастрофы, пратэсты радыкалізуюцца і людзі гатовы ісці «вызваляць Крэмль».

«Іншы бок медаля – гэта настроі ўнутры войска. Сёння ў мяне была гадзінная гутарка з адным з генералаў Міністэрства абароны, і ён доўга тлумачыў пазіцыю прафесійных вайскоўцаў унутры войска. Яны лічаць гэтую вайну катастрофай і гіганцкай памылкай. І найперш правалам самаго галоўнакамандуючага Пуціна, які давёў сітуацыю да вайны», – распавядае Асечкін.

Падпалы ў Расеі

Паводле інфармацыі праваабаронцы, серыям выбухаў і пажараў, якія зараз адбываюцца ў Расеі, ёсць некалькі прычын. Першая – гэта радыкалізацыя пратэстаў:

«Вельмі шмат людзей спачуваюць Украіне і так ці інакш дапамагаюць падрываць нападаючую здольнасць расейскага войска: падрываюцца тыя масты, па якіх узбраенне ідзе ў бок Украіны. І гэта не толькі групы ўкраінцаў, якія пранікаюць на тэрыторыю Расеі, а ўнутры самой краіны ёсць людзі, гатовыя рабіць усё магчымае, каб спыняць чыгуначныя саставы з расейскай тэхнікай і не даваць ім заходзіць на тэрыторыю Украіны».

У той жа час гэтую сітуацыю актыўна выкарыстоўваюць і высокапастаўленыя карупцыянеры, якія самі здзяйсняюць сурʼёзныя падпалы, заяўляе Асечкін: «Мы ведаем, што каля тыдня таму адбыўся вельмі буйны пажар, больш за 20 чалавек загінула ў ваенным НДІ, дзе была знішчана вялізная колькасць дакументацый і схаваны маштабныя крадзяжы. Вельмі шмат зараз можна спісаць на гэты пажар. Яшчэ цэлы шэраг пажараў узнікаюць у вайсковых частках, на складах, і ёсць падставы меркаваць, што частка гэтых пажараў была арганізавана тымі, хто мае дачыненне да крадзяжоў. Падазроным чынам пажары здараюцца там, дзе сёлета запланаваны рэвізіі і дзе могуць быць раскрыты шматмільённыя крадзяжы і карупцыйныя схемы».

Палонныя ўкраінцы ў Расеі

Па словах праваабаронцы, зараз з цэлага шэрагу ўстаноў ФСВП, Следчых ізалятараў і памяшканняў, якія функцыянуюць у рэжыме СІЗА, паступае інфармацыя аб тым, што турэмныя ўстановы перапрафіляваныя ў ваенныя канцлагеры. Туды сцягнуты сілы спецназа ФСВП з розных рэгіёнаў. Таксама паведамляецца аб прымяненні катаванняў і збівання ўкраінцаў.

На сайце «Gulagu.net» створаны раздзел «Канцлагеры», куды ў рэжыме онлайн дадаецца новая інфармацыя аб тым, у якіх установах знаходзяцца ўкраінцы, у першую чаргу ваеннапалонныя.

«Гэтыя людзі знаходзяцца на тэрыторыі Расеі незаконна, іх вывезлі прымусова супраць іх волі з грубым парушэннем міжнароднага заканадаўства. Палонных водзяць на допыты, дзе ідзе актыўны збор нейкіх матэрыялаў для будучага трыбунала, які Пуцін плануе прадставіць свету ў процівагу магчымым міжнародным расследаванням па злачынствах расейскай арміі ва Украіне», – кажа Асечкін.

Адзін з дзеючых супрацоўнікаў ФСВП паведаміў праваабаронцу, што ваеннапалонных невыпадкова размяшчаюць ва ўстановах каля Масквы, таму што разглядаецца варыянт нейкую частку палонных, больш спакойных і зломленых, правесці па Краснай плошчы 9 траўня. Паводле інфармацыі крыніцы, рашэнне аб гэтым будзе прынята 6 траўня.

Аналітыка
Эксперты: Вайна ва Украіне не завершыцца, пакуль адзін з бакоў не падпіша капітуляцыі
2022.05.03 21:31

АД belsat.eu

Стужка навінаў