Спявалі «Магутны Божа» і «Тры чарапахі». Новыя катаванні, спробы вербавання і супраціў на Акрэсціна


ЦІП на Акрэсціна
Кот на плоце ізалятару на вуліцы Акрэсціна, зняты падчас вызвалення журналістаў, якія правялі за кратамі трое содняў. 4 верасня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З рэдакцыяй «Белсату» звязаўся чалавек, які паведаміў, што нядаўна выйшаў з менскага ізалятару на Акрэсціна. Ён адбываў арышт у межах адміністратыўнай справы за ўдзел у пратэстах. Суразмоўца распавёў пра дэталі свайго ўтрымання і новыя формы катавання, з якімі сутыкаюцца вязні. Мы ведаем ягонае імя, але дзеля бяспекі захаваем у сакрэце.

Суразмоўца быў на Акрэсціна ў красавіку.

«Мы зайшлі ў Акрэсціна, і людзі ў балаклавах нам адразу сказалі: «Ну што, бл…і польскія! Цяпер у гэтых сценах у вас правоў няма. Будзеце вы…цца – будзеце сядзець у карцарах. Зразумела?» – перадае словы супрацоўнікаў былы вязень.

Тым, хто не адказаў адразу, некалькі разоў ударылі па лытках. Паводле суразмоўцы, білі «цярпіма», бо «калі прымалі, білі мацней».

Хлёрка – штодня

Спачатку зняволеным пад відэакамерамі выдалі прасціны, каб накрыць матрацы, але перад уваходам у камеру бялізну забралі. Тым, хто абураўся, прыгразілі карцарам.

У камеры на чатыры ложкі было 18 чалавек. Людзі спалі на падлозе, але перадусім стаялі, бо месца ўсім не хапала. Калі частка спала, частка стаяла, каб даць паспаць іншым. Не было ні матрацаў, ні падушак.

Падлога, падобная да той, якая была на Акрэсціна. 12 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Вязням амаль не давалі спаць. Увесь час – і ўдзень, і ўночы – было ўключанае святло. А кожныя 1,5–2 гадзіны, у тым ліку ноччу, іх змушалі называць прозвішча, імя, імя па бацьку. Таксама штодня ўлівалі адзін тазік хлёркі, каб вучыліся «Ціханоўскай лецішча мыць».

«Калі хтосьці ўдзень спаў на падлозе, і яны гэта бачылі, адчынялі камеру і адразу вылівалі тазік хлёркі», – распавёў суразмоўца.

«У змагароў усё добра»

Чалавеку з эпілепсіяй на ягоныя скаргі доктарка сказала, што «ў змагароў усё добра». За ўвесь час медычную дапамогу яму надалі толькі адзін раз: калі здарыўся прыпадак, і пайшла пена з роту, яму далі таблеткі. Шпіталізаваць адмовіліся, кажа суразмоўца.

Паводле яго, насупраць была камера «палітычных» жанчын, таксама перапоўненая. Калі яны пачалі скардзіцца на антысанітарыю, ім у камеру кінулі бяздомную. Жанчыны пачалі крычаць, і ім вылілі тазік хлёркі, але бяздомнай не вывелі.

«Каб падтрымаць дзяўчат, мы ўсёй «хатай» сталі спяваць «Магутны Божа», «Тры чарапахі». Нас вывелі на расцяжку і самых актыўных сталі збіваць. Пасля некаторых паслалі ў карцар», – апавёў былы вязень.

Тым, каго моцна збілі, хацелі дадаць яшчэ содняў арышту, каб сінякі паспелі сысці.

З усіх перадачаў, што давалі сваякі, вязнем аддавалі толькі па дзве-тры торбы на тыдзень, «каб не здохлі з голаду».

У непалітычных жа ў гэты час былі і матрацы, і перадачы.

Спробы вербавання

Суразмоўца адзначае, што з супрацоўнікаў Акрэсціна найбольш агрэсіўнымі былі тыя, хто насіў балаклавы – каля дзесяці чалавек. Але нават сярод іх вылучаўся маёр у балаклаве, на якога нават нельга было глядзець. За інтэрв’ю для медыяў па выхадзе з вязніцы абяцалі пасадзіць.

Поза, у якой трэба стаяць падчас ранішняй паверкі. 12 сакавіка 2021.
Фота: ТК / Белсат

Толькі адзін супрацоўнік адкрываў кармушку ў дзвярах, каб у камеру заходзіла хоць якое свежае паветра. Але рабіў, пакуль не бачыла начальства.

Падчас зняволення вязняў па адным выклікалі да аператыўнікаў, якія спрабавалі іх завербаваць.

«Ты даседжваеш содні. Прыходзіш да нас. Мы даем табе сцяжок, трафарэцікі, укліньваем у сакрэтны чат. Ты праходзіш праверкі, уступаеш, ходзіш некалькі разоў на мітынг, знаёмішся, а на трэці-чацвёрты раз выклікаеш нас. Табе за гэты будуць плюсікі», – перадае суразмоўца словы аператыўнікаў.

Выйшаўшы з вязніцы, мужчына даведаўся, што ў ягоных акаўнтах у сацсетках нехта днямі быў онлайн. Кантроль над імі страчаны.

Артыкулы
«Робяць усё, каб ты не хацеў туды вярнуцца». Што кажуць «палітычныя» пра ўмовы на Акрэсціна
2021.04.22 08:00
Артыкулы
Дзевяць чалавек у двухмясцовай камеры. Як сядзіць на Акрэсціна Юлія Міхайлава, якую з сям’ёй затрымалі за БЧБ-парасоны
2021.04.21 11:14
Гісторыі
«Сістэма руйнуецца знутры». Размова з мужчынам, які, нягледзячы на арышты, выходзіць на маршы
2021.03.12 16:25

МГ belsat.eu

Стужка навінаў