Праваабаронцы «Вясны» ацанілі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за красавік: улады працягвалі актыўна стасаваць крымінальны пераслед грамадзянаў з палітычных матываў.
Са звестак ПЦ «Вясна», за месяц суды агучылі выракі ў дачыненні прынамсі 98 чалавек – у палітычна матываваных крымінальных справах. Маніторынг судовых працэсаў, які праводзіцца валанцёрамі і юрыстамі ПЦ «Вясна», засведчыў шматлікія парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разбору і працэсуальных правоў і гарантыяў абвінавачаных.
Усяго, паводле звестак Генеральнай пракуратуры, за перыяд са жніўня 2020 года распачалі больш за тры тысячы крымінальных справаў за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і акцыяў пратэсту.
Цяпер за кратамі застаюцца 360 чалавек, прызнаныя палітвязнямі. Іх колькасць працягвае павялічвацца.
Таксама працягваюць затрымліваць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і грамадзянаў за выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі, у тым ліку ў прыватным жыллі і на прыватных тэрыторыях. ПЦ «Вясна» валодае інфармацыяй аб затрыманні з красавіку 304 чалавек, з іх 253 – у Менску. Вынесена больш за 210 судовых пастановаў: у 131 выпадку накладзены адміністратыўны арышт, у 68 – штраф.
У красавіку працягваўся ціск на праваабаронцаў: праходзілі ператрусы і затрыманні прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацыяў, а таксама актыўныя следчыя дзеянні ў дачыненні сябраў ПЦ «Вясна».
Таксама ў праваабаронцаў выклікаюць занепакоенасць шматлікія факты жорсткага абыходжання: наўмысна створаныя адміністрацыяй ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрымання для арыштаваных з палітычных матываў расцэньваюцца экспертамі ПЦ «Вясна» як катаванні.
Агулам праваабаронцы адзначаюць, што цягам красавіка сітуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца.
АД, belsat.eu