Суд Жлобінскага раёну асудзіў 17-гадовага Віталя Прохарава на 2 гады пазбаўлення волі за пабітае шкло аўтазака. Абвінавачванне сцвярджала, што хлопец кінуў у спецаўтамабіль камень. Сам Віталь на судзе віны не прызнаў.
З 15 красавіка падлетак адбывае пакаранне ў Бабруйскай выхаваўчай калоніі. У зняволенні 3 траўня сустрэне сваё паўналецце. Напярэдадні дня народзінаў палітвязня «Белсат» паразмаўляў з ягонаю маці. Спадарыня Алеся распавяла нам, што хацела падарыць сыну і як прыйшлося шукаць варыянты перадаць віншаванне ў калонію, каб хлопец дакладна яго атрымаў.
Віталя затрымалі ўвечары 10 жніўня. Як распавяла ягоная маці спадарыня Алеся Прохарава, юнак не хадзіў мэтанакіравана на пратэсты, увогуле не цікавіўся палітыкаю дый у выбарах яшчэ ні разу не браў удзелу. Віталь захапляўся скейтамі.
У Жлобіне каля Палацу культуры металургаў ёсць адмысловая пляцоўка, куды падлеткі прыходзяць катацца на роварах, самакатах, вучацца рабіць трукі. Акрамя таго падлеткі там граюць на гітарах, проста размаўляюць. Гэтая пляцоўка – месца збору амаль усёй моладзі Жлобіна. Віталь таксама хадзіў туды штовечар.
– Там у іх і свая іерархія была – скейтары, BMX-ары [аматары трукаў на адмысловых роварах – BMX. – Белсат] і самакатары, – распавядае маці, якая нядрэнна разбіраецца ў хобі сына. – На самакатах – самыя малодшыя, на скейтах – старэйшыя, на роварах BMX – розных узростаў.
Віталь, паводле спадарыні Алесі, «хадзіў са скейтам, але марыў пра BMX, як у малодшага брата», з якім яны часта разам хадзілі трэнавацца. 10 жніўня, калі ў горадзе пачаліся хваляванні, падлеткі заставаліся нейкі час на сваёй пляцоўцы адно з цікаўнасці, кажа нашая суразмоўца.
– Дзеці там проста рабілі трукі, калі пачалася вайна, – адзначае спадарыня Алеся.
Віталь вяртаўся дамоў каля 22:30, ішоў адзін. Паводле аповеду маці, у нейкі момант хлопец заўважыў, што побач едзе белы мікрааўтобус. Раптам бус спыніўся, з яго выбеглі невядомыя ў балаклавах, павалілі падлетка на зямлю, збілі, потым павезлі ў аддзяленне міліцыі, завялі ў падвал, паставілі на калені. Калі Віталь сказаў, што ў яго баліць нага, яго пасадзілі на стул і прывязалі.
– З яго здзекаваліся дзве гадзіны, вучылі жыць, абражалі, пагражалі, што пасадзяць у турму, – распавядае маці. – Ударылі кулаком у вока. У яго ўся спіна потым была ў слядах ад дручкоў, ногі ў ранах, было падбітае вока, шышкі на галаве, гематомы па ўсім целе. Кульгаў на абедзве нагі.
У такім стане Віталя пабачыў айчым, калі забіраў яго з міліцыі. Мужчыну патэлефанавалі толькі праз дзве гадзіны пасля затрымання Віталя, хоць хлопец адразу казаў, што ён няпоўнагадовы. Айчыму падлетка не патлумачылі, чаму Віталя схапілі на вуліцы. Працаўнікі міліцыі, якія былі ў масках, не назваліся. Асабістых рэчаў Віталя не перапісалі. Калі яго адпусцілі, не вярнулі чахла для тэлефона і панамы. Усё відэа, што было ў хлопца ў смартфоне, кажа спадарыня Алеся, міліцыянты заладавалі сабе на камп’ютары і выдалілі з тэлефона.
Айчым адразу павёз Віталя на медычную экспертызу, напісаў заяву пра збіццё ў Следчы камітэт. Спадарыня Алеся зазначае, што фотаздымкі ўсіх слядоў збіцця, а таксама заключэнне судова-медычнае экспертызы былі ў тэлефоне Віталя, але ўсё гэта працаўнікі, якія пазней канфіскавалі тэлефон падлетка, выдалілі.
Перад тым як адпусціць, на Віталя склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП РБ – удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Пасля разгляду пратаколу на камісіі ў справах няпоўнагадовых падлетку далі штраф 29 рублёў. Але гэтым усё не скончылася. У тэлефоне хлопца знайшлі відэазапіс, які паказваў, як сілавікі страляюць у людзей гумовымі кулямі.
– Віталік тады яшчэ званіў айчыму і прасіў забраць яго, бо яму страшна, – згадвае спадарыня Алеся паслявыбарчыя падзеі.
Адначасова ў «Тэлеграме» знайшоўся відэазапіс, на якім Віталь казаў, што разбіў лабавое шкло ў аўтазаку. На судзе хлопец патлумачыў, што насамрэч ён нічога не разбіваў, камянёў не кідаў, а сказаў гэтак і папрасіў сябра запісаць і выкласці запіс у сацыяльныя сеткі, каб «папіярыцца».
– Мне не зразумела, чаму ён запісаў гэтае відэа, – кажа маці палітвязня. – Але ў кожны разе, нават калі б Віталік і разбіў шкло, крымінальнае справы тут распачынаць няма за што – максімум можа быць арт.17.1 КаАП – дробнае хуліганства.
Аднак датычна Віталя распачалі крымінальную справу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: ч. 1 арт. 342 – арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і арт.364 – гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў.
Пракурор сцвярджаў, што Віталь браў удзел у акцыі пратэсту ў цэнтры Жлобіна 10 жніўня і кінуў у аўтазак як мінімум адзін камень, у выніку чаго «учыніў матэрыяльную шкоду спецаўтамабілю на 820 беларускіх рублёў» – разбіў шкло. У аўтазаку нібыта былі вайскоўцы. Потым высветлілася, што яны былі побач з аўтамабілем.
Сведкі на судзе казалі, што дакладна не бачылі моманту, калі Віталь нібыта кідаў камень, а таксама, што было цёмна, таму яны няўпэўненыя, быў гэта менавіта камень ці нешта іншае.
Алеся Прохарава мяркуе, што праз прысуд Віталю сілавікі могуць помсціць ёй, бо яна з самага пачатку не маўчала, звярнулася ў медыі. Жанчына распавяла, што таксама адседзела трое содняў, датычна яе спрабавалі распачаць адміністратыўную справу паводле арт. 23.34, але на відэа, якое міліцыянты прыводзілі ў якасці доказу, быў іншы чалавек, а не яна.
Да суда Віталь быў на волі. Пад варту яго ўзялі пасля агучвання прысуду 8 лютага. 9 лютага беларускія праваабаронцы прызналі Прохарава палітвязнем.
Пакуль ішло абскарджанне, падлетак заставаўся ў Гомельскім СІЗА. Там на пачатку красавіка ім з маці далі сустрэцца. Каб пабачыць сына, жанчыне давялося займаць чаргу а 2-й гадзіне ночы.
– Там заўсёды шмат ахвочых трапіць на сустрэчу, – распавядае жанчына. – Днём раней я прыехала а 6:40 раніцы, і мне ўжо месца не хапіла. Акрамя таго, у нашай справе ішлі 15 «супольнікаў», а ім сустрэчаў у адную змену не даюць. Таму мы з блізкімі іншых абвінавачваных у гэтай справе дамаўляліся загадзя, каб не трапіць разам, у адную змену.
Віталь, паводле маці, трымаецца добра:
– Толькі першыя дні Віталік быў вельмі сумным. Цяпер ён усміхаецца. Я не ўбачыла ў ім нейкага напружання або страху.
Гомельскі абласны суд пакінуў вырак Жлобінскага раённага суда без зменаў, і 15 красавіка Віталя Прохарава этапавалі ў Бабруйскую выхаваўчую калонію № 2. Пра ўмовы на новым месцы зняволення падлетак напісаў, што яны нашмат лепшыя, чым у СІЗА.
«У мяне ўсё ок, – піша хлопец у лісце маці. – Кормяць тут як мінімум у тры разы больш, чым у СІЗА, і разоў у дзесяць лепш, даюць яблыкі, сыркі, амлет, запяканкі, булачкі, сок і да т. п. Працаўнікі ВК-2 добрыя, прышпільныя, тут як міні-армія, карацей. Выдалі рэчы (кшталту пінжака, новы), нагавіцы (новыя), кеды, чаравікі (новыя), кепку (новую), шкарпэткі і майткі. Пакуль што я на каранціне, усё добра, чакаю ліст!».
Да ўзяцця пад варту Віталь вучыўся на слесара-рамонтніка ў Слаўгарадзе. Юнаку заставалася некалькі месяцаў да сканчэння каледжу. Таксама мусіў здаць экзамен на правы. Паводле спадарыні Алесі, Віталь піша, што пасля калоніі хоча пайсці вучыцца на праграміста ў Менск. Жанчына кажа, што распавядала сыну аб Праграме Каліноўскага, пыталася – мо за мяжу? Але пакуль хлопец хоча застацца ў Беларусі і вучыцца тут.
– Я ні на чым настойваць не буду, ён сам будуе свой лёс, – кажа маці. – Я не маю права кіраваць ягоным жыццём, магу толькі прапаноўваць варыянты, даваць парады і дапамагчы матэрыяльна. Але выбар ён мусіць зрабіць сам.
Сёлета спадарыня Алеся хацела падарыць сыну вандроўку ў Барсэлону.
– Віталь не любіць адпачынку «ўсё ўключана», – кажа маці палітвязня. – А гэта мусіла быць такая цалкам самастойная вандроўка, без мяне.
Як варыянт спадарыня Алеся разглядала трукавы ровар, пра які даўно марыць Віталь, – Custom BMX.
– Мне нават цяжка дакладна сказаць, што б Віталік выбраў – Іспанію ці BMX, – зазначае маці.
Але замест вандроўкі і ровара давялося прыдумляць, як перадаць віншаванне за краты. Родныя і сябры Віталя падрыхтавалі для яго супольную паштоўку і даслалі яе з розных адрасоў.
– Каб дакладна дайшла, – кажа спадарыня Алеся.
Агучваць публічна пажаданні сыну на 18-годдзе маці не хоча – кажа, што напісала іх у паштоўцы і што Віталь будзе дакладна задаволены, калі прачытае.
Хуткага вяртання Віталя дамоў чакаюць усе ягоныя родныя, у тым ліку 11-гадовы брат Мацвей, і котка Яся.
Падлетка можна падтрымаць лістом: Выхаваўчая калонія № 2, вул. Генерала Батава, д. 4, 213807, г. Бабруйск.
Ганна Ганчар belsat.eu