«The Guardian»: Украіна рыхтуе новую атаку на Крымскі мост


Брытанскае выданне «The Guardian» перадала заявы ананімных украінскіх чыноўнікаў пра вайну ва Украіне. Паводле іх, у першай палове 2024 года мае адбыцца трэцяя атака дронамі на Крымскі мост, а Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны ўжо мае для гэтага большую частку сродкаў.

Крымскі мост пасля пажару 8 кастрычніка 2022 года.
Фота: відавочцы / Tsn24.ru

Паводле «The Guardian», высокапастаўленыя прадстаўнікі ўкраінскай вайсковай выведкі заяўляюць, што плануюць трэцюю атаку на Крымскі мост і што разбурэнне маста «непазбежнае». Як будзе зладжаная атака, незразумела, адзначае выданне, і дадае, што ёсць сур’ёзныя сумневы ў паспяховасці аперацыі праз абарону Расеяй відавочнай цэлі.

Адзін суразмоўца казаў пра атаку на Крымскі мост: «Мы зробім гэта ў першай палове 2024 года». Ён заявіў, што кіраўнік СБУ Кірыл Буданаў дзейнічае паводле плану мінімізацыі расейскай вайсковай прысутнасці ў Чорным моры, і гэты план ухвалены прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Суразмоўца сцвярджае, што Буданаў мае большасць сродкаў для таго, каб вывесці мост з ладу.

Прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Андрэй Юсаў сказаў, што каментаваць такую ананімную інфармацыю «не заўжды дарэчная справа». Але нагадаў, што прадстаўнікі ўкраінскага сектару бяспекі і абароны ўжо неаднаразова рабілі заявы наконт Крымскага маста, які ёсць «незаконным аб’ектам і вайсковай цэллю, якая падлягае знішчэнню». Паведамленні пра планы атакаваць мост, заявіў ён, не можа нашкодзіць, бо ў Расеі пастаянна рапартуюць, што «ўсе захады бяспекі дакладна ўжытыя».

«The Guardian» адзначае, што за апошнія пяць месяцаў Украіна патапіла сем расейскіх дэсантных катараў і буйных караблёў, а на Крымскі мост рабілі ўжо дзве атакі, пасля якіх мост адрамантавалі, але вайсковыя грузы былі вымушаныя пусціць па дарозе праз акупаваны поўдзень Украіны. Акрамя таго, Украіна ў апошнія месяцы намагаецца знішчыць магутнасці Расеі ў нафтаперапрацоўцы, б’е па нафтавых аб’ектах на тэрыторыі Расеі, у тым ліку аж у Санкт-Пецярбурзе.

Зяленскі 3 красавіка казаў пра ўдары па расейскай інфраструктуры, якіх «не разумеюць» заходнія партнёры Украіны, а мусілі б падтрымліваць. Паводле Зяленскага, Расея «разумее толькі адно»: сілу.

Тым часам колішні высокапастаўлены расейскі сілавік Яўген Савасцьянаў, які ў 1990-х быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расеі, спрагназаваў, што Украіне ў аглядальнай перспектыве атрымаецца завалодаць прычарнаморскай зонай і, можа быць, нават часткай прыазоўскай зоны.

Hавiны
Зяленскі: Расея рыхтуе на чэрвень мабілізацыю 300 тысяч чалавек
2024.04.03 15:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў