У Расеі сталі дзіўным чынам адмаўляць, што ЗША папярэджвалі пра тэракт у «Крокусе»


Амерыканскія выданні «The New York Times» і «The Washington Post» расказалі са спасылкай на ўласныя крыніцы, што Злучаныя Штаты загадзя папярэджвалі Расею: тэрарысты рыхтуюць атаку менавіта на «Крокус Сити Холл». У Расеі гэта адмаўляюць, але дзіўным чынам.

Машыны «хуткай дапамогі» каля маскоўскай канцэртнай залі «Крокус Сіці Хол»
Машыны хуткай дапамогі каля маскоўскай канцэртнай залы «Крокус Сити Холл». Масква, Расея. 22 сакавіка 2024 года.
Фота: Новая газета / Telegram

«The Washington Post» пісала 2 красавіка, што да два тыдні да атакі тэрарыстаў на «Крокус Сити Холл», якая адбылася 22 красавіка, амерыканскі ўрад папярэджваў Расею, што менавіта гэтая канцэртная пляцоўка – патэнцыйная цэль тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы». Такім чынам, сцвярджае выданне, заявы Расеі пра «занадта агульную інфармацыю» непраўдзівыя, хоць паведамленне пра канкрэтную цэль – нетыповы выпадак, бо гэта ставіць пад пагрозу крыніцы інфармацыі.

«The New York Times» паведаміла 3 красавіка аб тым жа: у Цэнтральным выведным упраўленні ЗША папярэджвалі Расею менавіта пра «Крокус» як патэнцыйную цэль, хоць час нападу і не быў дакладны.

Абодва выданні спасылаюцца на неназваныя крыніцы ва ўрадзе ЗША.

Як звярнула ўвагу расейскае выданне «Агентство», на амерыканскія публікацыі адрэагавалі адразу тры найбуйнейшыя расейскія інфармацыйныя агенцтвы: «Интерфакс», «РИА Новости» і ТАСС. Яны 3 красавіка выдалі аднолькавыя навіны са спасылкамі на ананімныя крыніцы ва ўрадзе. Крыніцы заяўляюць, што інфармацыя амерыканскіх выданняў «не адпавядае рэчаіснасці», бо ЗША інфармавалі толькі пра тэрарыстычную пагрозу, «дадзеная інфармацыя мела агульны характар і ўтрымлівала інфармацыю аб магчымых тэрактах у месцах масавага збору людзей».

«Публічная заява праз ананімную крыніцу зніжае статус адказу, – заўважае «Агентство». – У выпадку, калі крыніца распаўсюдзіла недакладную інфармацыю, гэта не стане ўдарам па рэпутацыі канкрэтнага высокапастаўленага чыноўніка».

На паведамленні амерыканскіх выданняў адрэагавала таксама афіцыйная прадстаўніца Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава: яна параіла «атрымаць ад амерыканскага боку факталагічны матэрыял на гэтую тэму, то бок, калі, каму яны перадалі гэтую інфармацыю».

Hавiны
ЗША і іншыя краіны папярэджвалі пра магчымы тэракт за два тыдні да маскоўскага расстрэлу
2024.03.22 21:16

На сайце амбасады Злучаных Штатаў у Расеі 8 сакавіка з’явілася паведамленне пра магчымыя тэракты ў Маскве. Пазней падобныя папярэджанні выдалі Злучанае Каралеўства, Латвія, Канада, Нямеччына, Паўднёвая Карэя, Чэхія і Швецыя. У папярэджанні пра тэракт пісалі, што цягам наступных 48 гадзінаў – 8 і 9 сакавіка – неназваныя экстрэмісты плануюць атакаваць буйныя сходы ў Маскве, у тым ліку канцэрты. Ні 8, ні 9 сакавіка тэрактаў у Маскве не адбылося. Але «Новая Газета Еўропа» тады адзначала, што 8 сакавіка адным з буйных канцэртаў быў выступ праўладнага спевака Shaman у «Крокус Сити Холл», які атакавалі 22-га.

На папярэджанні Уладзімір Пуцін 19 сакавіка адказаў, што гэта «нагадвае шантаж і намер застрашыць, дэстабілізаваць грамадства». 22 сакавіка ў выніку тэракту загінулі не менш як 145 чалавек, у тым ліку трое грамадзянаў Беларусі. Падазраваных у тэракце затрымалі на наступны дзень у Бранскай вобласці Расеі.

Адказнасць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава». Але ў Расеі шукаюць у тэракце «ўкраінскі след». Пуцін сярод іншага заяўляў, што тэрарысты пасля нападу нібыта «рухаліся ў бок Украіны, дзе, паводле папярэдніх звестак, для іх з украінскага боку было падрыхтаванае акно для пераходу дзяржаўнай мяжы». Аляксандр Лукашэнка пазней зняпраўдзіў гэта: заявіў, што тэрарысты нібыта збіраліся ехаць у Беларусь, ды праз захады бяспекі ў Беларусі вырашылі павярнуць ва Украіну.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў