Шэсць гадоў за данат палку Каліноўскага і паказальнае затрыманне ў каледжы. Рэпрэсіі 3 красавіка


У Беларусі амаль чатыры гады не спыняюцца палітычныя рэпрэсіі, суды і затрыманні. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 3 красавіка.

Паказальнае затрыманне
Паказальнае затрыманне за падпал дзяржаўнага сцяга ў гарадзенскім каледжы. Горадня, Беларусь. 3 красавіка 2024 года.
Скрыншот: Ctv.by

У Горадні перад навучэнцамі каледжу паказальна ўзялі пад варту дзвюх дзеўчын, якія, як сцвярджаецца, у ноч на 1 красавіка падпалілі дзяржаўны сцяг на адным з адміністрацыйных будынкаў, расказала «Вясна» са спасылкай на дзяржаўныя медыі. Адна з дзеўчын – навучэнка каледжу, у якім правялі працэс, другая – беспрацоўная. Затрыманым 22 і 23 гады.

У Ваўкавыску затрымалі Андрэя Васільчука, які, як сцвярджаецца, пакінуў у TikTok каментар «мінус адзін» пад ролікам аб смерці супрацоўніка Дзяржаўнай аўтаінспекцыі. Сілавікі паказалі «пакаяннае відэа» з мужчынам.

З іншага «пакаяннага відэа» стала вядома пра затрыманне супрацоўніка наваполацкага «Нафтану» за заклікі ў чатах да ўдзелу ў пратэстах і непаважлівае выказванне пра колішняга кіраўніка ГУБАЗіК Мікалая Карпянкова.

Дзяржаўны тэлеканал АНТ распавёў пра ранейшыя рэйды, скіраваныя супраць праваабаронцаў, якія «гулява бадзяліся па судах» і гэтым дапамагалі праваабарончаму цэнтру «Вясна», якую назвалі «экстрэмісцкім фармаваннем». Сярод затрыманых, пра якіх казала АНТ, Аляксандр Вайцешык, Аляксандр Рамановіч (прапагандысты паказалі фрагмент ягонай відэаразмовы з, як сцвярджаецца, карыстальніцай Telegram пад нікам @LidiyaYaya) і Віталь Чопік. З сюжэту выглядае, што затрыманых вінавацяць у супрацы з «экстрэмісцкім фармаваннем», але падкрэсліваюць: раз суд адкрыты, то гэта не значыць, што туды можа прыйсці хто заўгодна (што няпраўда).

Hавiны
У школах Беларусі ўводзяць факультатыў «Азбука маральнасці»
2024.04.03 08:57

У Менскім абласным судзе 1 красавіка да шасці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за ахвяраванні палку Каліноўскага і BYSOL асудзілі 57-гадовага Аляксандра Верасовіча, даведалася «Вясна». Справу з 19 сакавіка разглядаў Справу з 19 сакавіка разглядаў Уладзімір Арэшка.

У судзе Маскоўскага раёну Менску 6 сакавіка за ўдзел у трох паслявыбарчых Маршах у 2020 годзе да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») асудзілі 49-гадовую бухгалтарку Наталлю Хлызову. Справу разглядала суддзя Юлія Варакса.

У судзе Чыгуначнага раёну Гомля разглядалі справу за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» супраць супрацоўніка праектнага інстытуту «Гомельгірпазем» Андрэя Варуева, піша «Гомельская вясна». Вынік суду невядомы, а вядома толькі, што справу разглядаў суддзя Яраслаў Парэмскі.

Палітвязня Ігара Чарнавусава, якому вынеслі прысуд 1 сакавіка, зноў пачнуць судзіць. Раней яго судзілі за «Экстрэмісцкае фармаванне» і за «Абразу Лукашэнкі» (вынік суду невядомы), а 10 сакавіка маюць пачаць судзіць за «Распальванне варожасці», «Паклёп на Лукашэнку» і зноў жа «Абразу Лукашэнкі». Справу ў Гомельскім абласным судзе мае разглядаць суддзя Анатоль Сотнікаў.

У судзе Свіслацкага раёну 2 красавіка пачалі судзіць за «Абразу Лукашэнкі» Мікіту Дзяніса, суддзя – Дзмітрый Ціўнчык.

Навучэнка Вольнага беларускага ўніверсітэту расказала «Вясне», як яе спрабавалі завербаваць супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Сярод іншага яна расказала, што падчас ператрусу ёй заламалі руку і прыціснулі тварам да канапы, пасля гэтага прымусілі пераапранацца пры сілавіках, бо як яны сказалі, «да цябе няма больш даверу».

Беларускія суды амаль ніколі не апраўдваюць абвінавачаных, асабліва калі супраць іх выступаюць «сведкі-міліцыянты». Але зрэдку здараюцца цуды. У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 18 сакавіка спынілі справу, у якой мужчыну абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтаў, палічыўшы довады сілавікоў непераканаўчымі.

У расейскім Сыктыўкары за «Дэманстрацыю экстрэмісцкай сімволікі» аштрафавалі на 2000 расейскіх рублёў (каля 70 беларускіх) былога кіраўніка «Гарадскіх праектаў у Комі» Дзмітрыя Махава, расказвае расейскі канал «Sota». Забароненай сімволікай палічылі лагатыпы палка імя Кастуся Каліноўскага (фармавання беларусаў, якія ваююць за Украіну) і «Легіёну Свабода Расеі» (фармавання расейцаў, якія ваююць за Украіну). Пры тым выявы не былі ўнесеныя ні ў якія спісы забароненай сімволікі. Спачатку паведамлялася, што прычынай затрымання мужчыны стаў бел-чырвона-белы сцяг на фота ў сацсетцы «УКантаеце».

У Беларусі штрафы за беларускую нацыянальную сімволіку ў разы большыя. Так, жыхарку Іўя нядаўна аштрафавалі за фота бел-чырвона-белага сцяга на Facebook на 60 базавых велічыняў – 2400 беларускіх рублёў.

А ў лік «экстрэмісціх фармаванняў» 3 красавіка ўнеслі ініцыятыву Politzek.me – онлайн-платформу падтрымкі палітвязняў.

У сувязі з рэпрэсіямі бываюць і забаўныя навіны. «Еўрарадыё» 3 сакавіка заўважыла, што ў онлайн-краме «Менч первого» прадаюць байку з надпісам «Кусь за Беларусь» і чырвона-зялёным сцягам на фоне – і гэта пры тым, што байку з надпісам «Кусь за Беларусь», але без чырвона-зялёнага сцяга, раней залічылі ў «экстрэмісцкія матэрыялы». Прапагандыстам давялося апраўдвацца: пісалі ў Telegram, што той акаўнт, які прадаваў байку, – не афіцыйная крама рэчаў з цытатамі Аляксандра Лукашэнкі, а толькі «мімікруе» пад краму фанатаў Лукашэнкі.

Абноўлена
Беларусам у Літве сталі рассылаць ананімныя пагрозы забойствам і заклікі з’ехаць
2024.04.03 19:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў