Расейскія войскі прасунуліся на асобных участках у Данецкай вобласці. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 770-х содняў поўнамаштабнай вайны ва Украіне, распачатай Расеяй. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскі вайсковец
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсковец, 2024 год.
Фота: 53 ОМБр ім. князя Володимира Мономаха / Генштаб ЗСУ / Facebookвайн

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Сітуацыя на купянскім кірунку цягам апошніх содняў заставалася адносна стабільнай: У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што войскі Расейскай Федэрацыі пры падтрымцы авіяцыі атакавалі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, але поспеху не дасягнулі.

Большая актыўнасць расейскіх вайскоўцаў фіксуецца на суседнім ліманскім кірунку, дзе яны атакавалі ў ваколіцах Цернаў і Спірнага, прычым каля першага сяла – не менш за 10 разоў.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што ў ваколіцах Цернаў ЗСУ, абараняючыся, знішчылі тры танкі, дзве БМП і адну цяжкую агнямётную сістэму «Солнцепёк»

У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што самыя ўкраінцы таксама наступалі каля Цернаў, што ўказвае на сустрэчны характар баёў на гэтым участку. Таксама Збройныя сілы контратакавалі каля Белагораўкі на Луганшчыне.

Зменаў лініі сутыкнення не зафіксавана.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку асноўная наступальная актыўнасць Узброеных сілаў РФ засяроджаная на захадзе ад аднайменнага раённага цэнтру, адкуль расейцы спрабуюць выйсці да суседняга гораду Часаў Яр.

Ваенкор Сямён Пегаў распавядае, што УС РФ паступова прасоўваюцца на ўчастку паміж сёламі Багданаўка і Іванаўскае, адначасова з гэтым сам Часаў Яр актыўна абстрэльваецца авіяцыяй і артылерыяй. Пры гэтым адзначаецца, што ў перспектыве войскі РФ плануюць не толькі падысці да гораду з усходу, але і нанесці паралельныя ўдары з поўначы і поўдня.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – звяртае ўвагу на тое, што ЗСУ ўзвялі шматузроўневую сістэму абароны ў Часавым Яры, і таму гатовыя да абароны гораду.

Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што таксама расейцы змаглі прасунуцца ў Іванаўскім, заняўшы паўднёвы захад сяла.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» паведамляе, што таксама войскі РФ атакавалі каля сяла Клішчыеўка (на поўдні ад Бахмуту), але тут сілы абароны Украіны ўтрымалі свае пазіцыі.

«Говорять Снайпер» піша, што, нягледзячы на ініцыятыву расейцаў, сітуацыя на кірунку застаецца больш-менш стабільнай і кантраляванай.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе ад аднайменнага гораду ў ваколіцах населеных пунктаў Бэрдычы, Сямёнаўка, Танэнькае, Первамайскае і Невельскае. Генштаб ЗСУ фіксуе 14 безвыніковых атак праціўніка на гэтых участках фронту.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што войскі РФ маюць поспехі на кірунку. У прыватнасці, на захадзе ад Танэнькага УС РФ цягам апошніх дзён прасунуліся ў бок суседняга населенага пункту Уманскае на адлегласць да 1,5 кіламетра па глыбіні і шырыні. Пры гэтым ЗСУ контратакавалі з поўдня ад Уманскага, імкнучыся вярнуць пазіцыі, але былі загадзя выяўленыя і спыненыя.

Акрамя гэтага, паводле крыніцы, расейцы прасунуліся ў Бэрдычах на захад па вуліцы Казберава на адлегласць каля двух кіламетраў.

Тым часам у «Deepstate» прызналі адыход ЗСУ з сяла Вадзяное, пра што раней паведамлялі прарасейскія тэлеграм-каналы.

На навапаўлаўскім кірунку баі лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Праўкраінскі канал «Офіцер» піша, што ў першым сяле ЗСУ не даюць расейцам замацавацца і падцягнуць рэзервы. Пры гэтым сцвярджаецца, што асабовы склад войскаў РФ цалкам дэмаралізаваны і адмаўляецца праводзіць наступальныя аперацыі.

У Новаміхайлаўцы ўжо Збройныя сілы знаходзяцца ў цяжкім становішчы.

Сямён Пегаў заяўляе, што войскі РФ абыходзяць пазіцыі сілаў абароны ў сяле з поўначы і поўдня, што ў далейшым пагражае атачэннем.

«Рыбарь» удакладняе, што на поўначы расейцы ціснуць на дачны пасёлак «Машынабудаўнік» – цяпер ідуць баі за крайнія дамы. Адначасова з гэтым на поўдні войскі РФ прасунуліся на прыкладна 500 метраў да абарончых траншэяў украінцаў.

Hавiны
Зяленскі: Расея рыхтуе на чэрвень мабілізацыю 300 тысяч чалавек
2024.04.03 15:46

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку расейскія войскі наступаюць на так званым урэмеўскім выступе каля населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў).

У Мінабароны РФ прызнаюць, што ЗСУ контратакуюць каля Ураджайнага.

Пакуль істотных зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці, паводле звестак ўкраінскага камандавання, войскі РФ безвынікова атакуюць на ўчастку фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына (з поўдня ад гораду Арэхаў).

Канал «Два майора» піша, што самыя ЗСУ правялі выведку боем на паўночным захадзе ад Вэрбовага, кінуўшы ў бой пяхоту пры агнявой падтрымцы артылерыі і танкаў з закрытых пазіцыяў. Па словах крыніцы, украінцы былі спыненыя артылерыяй УС РФ. Таксама Збройныя сілы двойчы контратакавалі ў Работыне, але вярнуць раней страчаныя пазіцыі не здолелі.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на левым беразе Дняпра ў ваколіцах Антонаўскага моста і ў сяле Крынкі, дзе ЗСУ ўтрымліваюць невялікія плацдармы. Генштаб ЗСУ паведамляе, што цягам апошніх содняў расейцы восем разоў атакавалі на гэтых участках, але лінія сутыкнення засталася нязменнай.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Hавiны
«Няхай паспрабуе». Сікорскі пракаментаваў заяву Лукашэнкі пра падрыхтоўку Беларусі да вайны
2024.04.03 14:49

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Стужка навінаў