На Тайвані адбыўся самы магутны землятрус за апошнія 25 гадоў


Ля ўсходняга ўзбярэжжа Тайваню адбыўся землятрус магнітудай 7,4. На востраве і ў суседніх краінах папярэджвалі наконт цунамі. Сейсмолагі кажуць, што гэта самы магутны землятрус на Тайвані за апошнія 25 гадоў.

Часткова разбураны землятрусам будынак у горадзе Хўа-Лень, Тайвань. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Way / UGC / AFP / East News

Эпіцэнтр, паводле звестак Геалагічнай службы ЗША, быў за 18 кіламетраў на поўдзень ад тайванскага гораду Хўа-Лень, на глыбіні 15,5 кіламетраў. Землятрус здарыўся а 07:58 раніцы паводле мясцовага часу (23:58 паводле Грынвічу). Пасля былі сама меней дзевяць паўторных штуршкоў магнітудай ад 4 і вышэй.

У горадзе Хўа-Лень шмат будынкаў абвалілася, там працуюць ратавальнікі. Дамы моцна трэсліся і ў сталіцы Тайваню Тайбэі.

Пакуль вядома пра гібель адной асобы ў нацыянальным парку недалёка ад Хўа-Лень, паведаміла тайванскае Нацыянальнае пажарнае агенцтва. Яшчэ трое асобаў там жа былі параненыя, многіх заблакавала ў пячорах.

Абноўлена. Загінулі прынамсі 9 чалавек, параненыя звыш 900, зніклі не менш за 50.

Чальцы пошукава-выратавальнай каманды разбіраюць завалы пасля землятрусу ў Хўа-Лень, Тайвань. 3 красавіка 2024 года.
Фота: Taiwan’s National Fire Agency / AP / East News

Па ўсім востраве фіксуюцца адлучэнні электрычнасці і збоі інтэрнэту.

У Японіі і на Філіпінах неўзабаве пасля землятрусу было абвешчана папярэджанне наконт цунамі. Японскае Метэаралагічнае агенцтва пазней знізіла ўзровень небяспекі, аднак адзначыла, што паўторныя штуршкі пасля землятрусу такой магутнасці могуць працягвацца яшчэ да тыдня, і насельніцтву варта захоўваць пільнасць.

Ціхаакіянскі цэнтр папярэджання пра цунамі праз дзве гадзіны пасля землятрусу абвесціў, што пагроза ўжо прайшла.

Hавiны
У Казахстане адбыўся моцны землятрус
2024.03.04 09:53

Кітайскія дзяржаўныя СМІ паведамілі, што падземныя штуршкі таксама адчуваліся ў мацерыковай правінцыі Фуцзянь на паўднёвым усходзе краіны.

«Землятрус пачаўся блізка да сушы, на малой глыбіні. Ён адчуваўся па ўсім Тайвані і на суседніх астравах. Ён наймацнейшы за апошнія дваццаць пяць гадоў», – заявіў кіраўнік Тайбэйскага цэнтру сейсмалогіі  Ўу Чэнь Фу.

У глыбіні востраву рэльеф вельмі гарысты. Мяркуючы з кадраў у сацыяльных сетках, землятрус выклікаў там вялізныя апоўзні. Аднак маштаб наступстваў пакуль не вядомы.

У верасні 1999 года Тайвань перанёс землятрус магнітудай 7,6, які разбурыў больш за 5 тысяч будынкаў і забраў жыцці 2400 асобаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў