Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі восьмага дня


«Белсат» падводзіць вынікі восьмага дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі чацвярга, 3 сакавіка, чытайце ў нашым аглядзе.

Горлаўка пасля абстрэлу, Украіна. Хто дакладна атакаваў населены пункт, які знаходзіцца на кантраляванай праз «ДНР» тэрыторыі, сказаць цяжка: абодва бакі падаюць супрацьлеглую інфармацыю і перакладваюць адказнасць адзін на аднаго. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Ва Украіне

Мільён украінцаў вымушаныя былі пакінуць сваю краіну за сем дзён ад пачатку ўварвання Расеі ва Украіну. Гэта ацэнка кіраўніка агенцтва ААН да справаў уцекачоў Філіпа Грандзі.

На поўначы і паўночным захадзе Кіеўскай вобласці надзвычай складаная абстаноўка. Украінскія ўлады фіксуюць сцягванне расейскіх войскаў, адбіваюць групы дыверсантаў.

У Кіеве адбылося некалькі выбухаў каля Цэнтральнага чыгуначнага вакзалу.

Дарадца кіраўніка Офісу Прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што на харкаўскім напрамку расейская армія нясе «катастрафічныя страты ў тэхніцы і ў асабовым складзе».

У саммм Харкаве ад абстрэлаў пацярпеў Успенскі сабор. На шчасце, абышлося без пацярпелых. У храме выбіты вокны і вітражы, пашкоджаны царкоўныя рэчы. Таксама ў горадзе гарэў будынак СБУ. У выніку апошніх бамбаванняў знішчана некалькі школаў і будынак абласной адміністрацыі.

У выніку авіяўдару ў Ізюме на Харкаўшчыне ў прыватным доме загінулі чацвёра дарослых і двое дзяцей.

У Чарнігаве пасля ранішняга абстрэлу расейскімі войскамі гарэла нафтабаза на тэрыторыі ДП «Камбінат Астра». Таксама былі абстраляныя жылыя дамы ў цэнтры гораду.

У Херсоне расейскія вайскоўцы захапілі тэлевышку. Старшыня Херсонскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Генадзь Лагута папярэдзіў, што цяпер расейцы могуць распаўсюджваць дэзынфармацыю. Таксама Лагута паведаміў, што будынак абласной адміністрацыі Херсона заняты расейскімі войскамі.

Украіна вярнула сабе кантроль за часткай мяжы ў Сумскай вобласці. Аляксандр Данілаў, сакратар Рады НБА, адзначыў факт адкідання расейскіх войск да мяжы з Украінай у сваім Фэйсбуку. Ён таксама заявіў, што Расея ажыццяўляе масавыя абстрэлы дзясяткаў украінскіх гарадоў: жылых кварталаў і аб’ектаў інфраструктуры.

Буча, горад з амаль 40 тысячным насельніцтвам, вернуты пад кантроль Украіны. Над горадам, які з’яўляецца адміністрацыйным цэнтрам Кіеўскай вобласці, лунае ўкраінскі сцяг і адноўлена энергазабеспячэнне. Горад вядомы зацятымі баямі з войскамі Кадырава.

У порце Мікалаева ў выніку трапляння расейскай ракеты ў замежнае судна загінуў адзін марак.

Марыупаль застаецца пад кантролем Украіны. Мінабароны Расеі ў сваю чаргу заяўляе, што звузіла кальцо блакады вакол гораду і заявіла таксама пра надыход гуманітарнай катастрофы ў гэтым горадзе.

ВІДЭА
Восьмы дзень вайны ва Украіне. Мільён чалавек просіць NATO закрыць украінскае неба. ОНЛАЙН
2022.03.03 10:24

У Расеі

Прынятае рашэнне аб ліквідацыі радыёканалу і сайту «Эха Москвы», якія ўваходзіць у склад холдынгу Газпроммедыя. За ўсю гісторыю вяшчання, радыёстанцыю спрабавалі адключыць толькі падчас путчу ў 1991 годзе.

Тэлеканал «Дождь» часова прыпыняе сваю працу. Пра гэта паведаміла генеральная дырэктарка канала Наталля Сіндзеева.

У Расеі працягваюцца масавыя затрыманні дэманстрантаў, якія выйшлі на вуліцы супраць вайны ва Украіне.

Hавiны
Расейскі тэлеканал «Дождь» прыпыняе працу
2022.03.03 17:31

У Беларусі

У Віскулях адбыўся другі этап перамоваў паміж дэлегацыямі Украіны і Расеі. Паводле дарадцы кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіла Падаляка, у выніку бакі дамовіліся стварыць гуманітарныя калідоры для эвакуацыі мірнага насельніцтва, з магчымасцю часовага спынення агню падчас правядзення эвакуацыі. Таксама паведамляецца, што неўзабаве адбудзецца трэцяя сустрэча.

Hавiны
У Белавежская пушчы адбыўся другі раўнд перамоваў паміж Украінай і Расеяй
2022.03.03 21:43

«Рэйкавая вайна» у Беларусі працягваецца, пракуратура ў адказ пагражае арганізатарам пажыццёвым тэрмінам ці смяротным пакараннем. У выніку хакерскай атакі сайт чыгункі ляжыць ужо два дні, на вакзалах утвараюцца вялізныя чэргі, таксама пашкоджаная інфраструктура на чыгунцы. Рэйкавыя партызаны заяўляюць, што вядуць сваю дзейнасць «у знак салідарнасці з украінскім народам» і каб прыпыніць рух расейскай васковай тэхнікі праз нашую краіну. Следчы камітэт заяўляе, што гэтыя «акты тэрарызму» здзяйсняюцца з мэтай учыніць катастрофу ды гібель людзей. Як вынік – генеральны пракурор узбудзіў крымінальную справу аб «акце тэрарызму, учыненым арганізаванай групай» па частцы 3 артыкулу 289 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь», пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае нават пажыццёвае зняволенне, або смяротнае пакаранне.

Hавiны
Амапаўцы ў Менску затрымалі жанчын, якія маліліся за мір
2022.03.03 21:14

Жанчын затрымалі пасля малітвы за мір ва Украіне ў менскім Кафедральным саборы. Вядома пра трох затрыманых.

На грошы, сабраныя беларусамі, набытыя два рэанімабілі для Украіны. Пра гэта паведаміў Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонду дапамогі BYSOL. Дзве машыны хуткай дапамогі адправяць у Першы добраахвотны мабільны шпіталь ім. Міколы Пірагова. Рэанімабілі будуць ратаваць жыцці абаронцаў Украіны. У планах у BYSOL закуп яшчэ 10 эвакуацыйных джыпаў для медыкаў.

У Свеце

39 дзяржаваў падалі звароты ў Міжнародны Крымінальны Суд у Гаазе з патрабаваннем раскрыць злачынствы здзейсненыя Расеяй падчас вайны ва Украіне. Пра гэта заявіў Карым А. А Хан, Галоўны Пракурор Міжнароднага Суду.

Германія распячатвае запасы зброі на тэрыторыі былой ГДР. Немцы перададуць Украіне 2700 пераносных зенітна-ракетных комплексаў «Страла-2».

Спартоўцам Расеі і Беларусі забаранілі выступаць на Параалімпійскіх гульнях у Кітаі.

Урад Чэхіі прыняў рашэнне аб спыненні выдачы візаў беларускім грамадзянам, за выключэннем выпадкаў гуманітарнага характару.

Hавiны
Чэхія не будзе выдаваць беларусам візаў, акрамя гуманітарных
2022.03.03 19:41

Урад Эстоніі забараніў жыхарам краіны ваяваць на баку Расеі і Беларусі. За гэта можна пазбавіцца грамадзянства або віду на жыхарства. А вось на баку Украіны ваяваць дазваляецца.

Сейм Латвіі прыняў пастанову, якая дазваляе жыхарам ваяваць на баку Украіны ў якасці добраахвотнікаў ці служыць ва УСУ. Да гэтага грамадзянам Латвіі служыць ва Узброеных сілах замежнай дзяржавы было забаронена.

Кіраўнік МЗС Брытаніі заявіла, што ўхваліла б выбар брытанцаў, гатовых быць добраахвотнікамі. Аднак на сайце МЗС Вялікай Брытаніі нагадваюць аб адказнасці за ўдзел у баявых дзеяннях. Тым не менш, ужо як мінімум 100 брытанцаў накіраваліся ва Украіну.

Данія таксама дазволіць сваім добраахвотнікам удзельнічаць у ваенных дзеяннях на баку Украіны.

Палегчаць умовы паступлення на службу ў замежны легіён Украіны і грамадзянам Польшчы. Па законе, для службы ў замежнай арміі грамадзяне Польшчы мусяць атрымліваць дазвол у МУС.

ПраСвет
Беларускія добраахвотнікі ратуюць гонар Беларусі. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2022.03.03 21:40

ВК belsat.eu

 

Стужка навінаў