У менскай радзільні памерла немаўля. Маці мяркуе, яго можна было ўратаваць


У Менскай радзільні № 5 ад цяжкай асфіксіі памерла немаўля. Трагедыя здарылася 17 студзеня. Пра гэта ў сваім відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі апавяла маці памерлага дзіцяці Кацярына Сухарукава.

Жанчына адзначыла: яна не піла і не курыла ды агулам выконвала ўсе рэкамендацыі жаночай кансультацыі, прыйшла ў радзільню ў прызначаны дзень – 15 студзеня. Паказанняў для кесарава сячэння не было, «нягледзячы на буйны плод, 4130, і зялёныя воды».

«Аргумент для адмовы ў кесаравым сячэнні – КТГ у парадку, няма пагрозы жыццю дзіцяці, усе паказнікі і аналізы ў парадку», – сказала Кацярына Сухарукава.

Жанчына адзначыла, што ў радзільні УГД ёй не рабілі, а шыйка маткі да родаў была не гатовая. Стымуляцыя яе таблеткамі не спрацавала. У выніку 17 студзеня ёй «без якогасьці кансіліуму» прапанавалі стымуляваць радавы працэс спецыяльным гелем, на што яна пагадзілася, але пасля пашкадавала. Пачаліся актыўныя сутычкі, ад чаго нават КТГ запісвалі «з цяжкасцю, ад сілы хвілін дзесяць».

«Я дакладна памятаю, што ў малой была тахікардыя. Мне казалі, што гэта нармальна пры патугах, але па факце ў немаўляці таксама не было магчымасці адпачыць, бо яны былі пастаянныя», – сказала Кацярына.

Роды праходзілі амаль без анестэзіі. Дзіця спрабавалі апусціць у радавыя шляхі, у тым ліку націскаючы на жывот. Але гэта не працавала «практычна да самага канца родаў».

«Прыблізна а 17:30–18:30 былі выяўленыя зялёныя воды. У кесаравым сячэнні зноў адмовілі – КТГ добрае, але ў мяне асабіста ёсць пытанні да таго, як яго запісвалі. Патугі паступова сталі згасаць. У выніку дзіця цягнулі вакуумам. Выцягнулі хутка, дзіця не заплакала», – сказала Сухарукава.

Дзіця сталі адразу рэанімаваць. «Малая паспела расплюшчыць і заплюшчыць вочкі. А трэцяй уначы мне паведамілі пра крывацёк у лёгкім, пазней спынілася сэрца, але яго ўдалося запусціць. Другога спынення сэрца яна, на жаль не перажыла», – расказала жанчына.

На думку Кацярыны, калі б ёй зрабілі кесарава сячэнне, «дзіця было б жывое». У відэазвароце яна папрасіла разабрацца ў сітуацыі і ў выпадку нядбаласці медыкаў прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Мінздароўя стварыла камісію

У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што ўжо працуе адмысловая камісія ў пытанні трагедыі ў Менскай радзільні № 5. З бацькамі дзіцяці сустрэўся міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў.

«Ён прынёс глыбокія спачуванні пары, апавёў, што якасць надання медычнай дапамогі працаўнікоў радзільні, а таксама працу камісіі Камітэту аховы здароўя Менскага гарвыканкаму ацэніць Лячэбна-кантрольны савет пры Міністэрстве аховы здароўя», – заявілі ў ведамстве.

Нагадаем, што ў Салігорску таксама ў студзені ў выніку «нядбалага стаўлення і поўнай адсутнасці медычнай этыкі і дэанталогіі» пры родах пацярпела немаўля, якое з трэцяю ступенню дыхальнай нястачы, ацёкам мазгоў і кефалагематомаю трапіла ў рэанімацыю. Каб разабрацца з сітуацыяй, у Цэнтральную раённую больніцу Салігорску таксама скіроўвалі адмысловую камісію Міністэрства аховы здароўя.

Hавiны
«Крыкі аб дапамозе былі праігнараваныя». Салігорскую радзільню правярае спецкамісія
2024.01.17 12:07

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў