Дэпартацыя ізраільцянаў і адказнасць за «дармаедства». Навіны рэпрэсіяў 3 лютага


«Белсат» працягвае адсочваць факты рэпрэсіяў у дачыненні да беларусаў за іх палітычную і антываенную пазіцыю, а таксама іншыя парушэнні канстытуцыйных правоў грамадзянаў і госцяў Беларусі.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У Менскім гарадскім судзе 15 лютага пачнецца працэс над намеснікам камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай працы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнікам Антонам Чарамных. Афіцэра абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве асобай, на якую распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага» (ч. 2 арт. 356 КК РБ) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК). Па гэтых артыкулах мужчыне пагражае ад 10 да 20 гадоў зняволення. Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць Сяргей Кацар. Чарамных утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1 у Менску з пачатку лютага 2023 года.

Стала вядома, што 16-гадовага Арцёма Вайцяховіча, брата адміністратара канала чыгуначнікаў Сяргея Вайцяховіча, прыгаварылі да 3 гадоў калоніі з адтэрміноўкай. Падлетка асудзілі па артыкуле аб вымагальніцтве – ён нібыта патрабаваў грошы ад іншага вучня. Хлопца затрымалі ў студзені 2023 года, калі яму было 15 гадоў. У траўні стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Сяргей Вайцяховіч расказваў, што «супрацоўнік КДБ» абяцаў адпусціць ягонага брата ў абмен на выдаленне канала і спыненне любой актыўнасці.

Затрыманую 23 студзеня каталіцкую верніцу і былую журналістку catholic.by Аксану Ючкавіч узялі пад варту паводле крымінальнай справы. Яе вінавацяць паводле арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак ці актыўны ўдзел у іх»). Яна цяпер у Следчай турме № 8 Жодзіна.

Трох грамадзянаў Ізраілю затрымалі ў менскім аэрапорце пасля прылёту. Сілавікі забралі ў затрыманых тэлефоны і пасля таго, як знайшлі там фотаздымкі жаўнераў Арміі абароны Ізраілю Цагаль, адправілі мужчынаў у ізалятар аэрапорту. У ізраільцянаў канфіскавалі багаж, яны два дні правялі ў ізалятары амаль без вады і ежы. Раніцай 3 лютага іх дэпартавалі назад у Дубай, адкуль яны і прыляцелі.

Hавiны
«Увесь вольны час аддаю маляванню». Як жыве палітзняволеная Наталля Хершэ пасля беларускай турмы
2024.02.03 15:46

Сілавікі затрымалі трансгендарную дзяўчыну за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». На відэа затрыманая расказала, што ў чэрвені 2023 года яе збіў украінец за сцяжок Украіны побач са сцяжком ЛГБТ+ на заплечніку і пашкодзіў палец. Затрымалі дзяўчыну за перасланае паведамленне з «экстрэмісцкага рэсурсу». Таксама беларуска паведаміла, што ў яе жыў украінец, у якога выйшаў тэрмін 90-дзённага знаходжання ў Беларусі. За гэта на затрыманую склалі пратакол.

Часовая экспазіцыя да 100-годдзя пісьменніка Васіля Быкава адкрылася ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску 25 студзеня. Яе планавалі паказваць да 5 траўня, аднак ужо 5 лютага выстава будзе згорнутая. «Самі думалі, што будзе даўжэй, але так выйшла», – адказалі ў музеі чытачу «Нашай Нівы» на пытанне пра закрыццё выставы.

Тым часам міліцыя прапануе вярнуць у Адміністратыўны кодэкс пакаранне за «дармаедства». Пра гэта паведаміў начальнік УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Дзмітрый Разянкоў. Ён такім чынам плануе «прымусіць людзей працаваць, прыносіць карысць у першую чаргу сабе і сваёй сям’і, а па-другое – грамадству». Адзначым, што шмат беларусаў былі звольненыя за свае палітычныя погляды, пасля чаго ім фактычна забаранілі ўладкоўвацца на працу ў дзяржаўным сектары.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў