Галоўнае палітычнае дасягненне для Беларусі ў 2022-м – забітая ідэя пра нейтралітэт

Беларусь не можа быць нейтральнаю. Гэта не добра і не дрэнна, а папросту геаграфічна немагчыма.

Мы месцімся паміж агрэсіўнай, буйной, добра ўзброенай Расейскай Федэрацыяй і Еўрапейскім Звязам. І добра, каб расейская агрэсія зыходзіла толькі ад Пуціна. На жаль, паводле ўсіх даступных звестак, большасць расейцаў таксама яе падтрымлівае. А да ўсяго большасць расейцаў падтрымлівае агрэсіўную палітыку Расеі не першы год і не апошнія восем гадоў, а апошнія стагоддзі. Пра гэта можна пачытаць хоць бы ў рамане «Вайна і мір», дзе Леў Талстой апісвае настроі тагачаснага расейскага грамадства ў час вайны з Напалеонам. Таму ні смерць Пуціна, ні замена яго на нейкага новага кіраўніка не пазбавіць Беларусі стабільнай пагрозы для суверэнітэту. Як нам захоўваць нейтралітэт з такім суседам?

Вёска Свабодная ў Валнавахскім раёне Данецкай вобласці перайшла пад кантроль «ДНР». 9 сакавіка 2022 г.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Фінляндыя і Швецыя планавалі захоўваць нейтралітэт, але пасля 2022-га хутка адмовіліся ад гэтых фантазіяў. Хіба мы мацнейшыя за Швецыю ці Фінляндыю?

Нейтралітэт, гаворачы пра Беларусь, – гэта не больш як проксі-слова, каб прыкрыць залежнасць да Расеі.

Пра нейтралітэт найчасцей кажуць русафільскія прапагандысты. Мы ж не чакаем ад іх, што яны будуць адкрыта пісаць, што беларускія землі патрэбныя Расеі як зручная пляцоўка для нападу на Украіну і пагрозы Літве і Польшчы?

Ці мы хацелі б пачуць ад іх, што «незалежны» голас Беларусі патрэбны Расеі як дэманстрацыя саюзніка ў міжнародных арганізацыях кшталту ААН?

Ці мы спадзяваліся прачытаць, што «незалежная» Беларусь апошнія амаль дзесяць гадоў патрэбная расейскай эканоміцы як асобная юрысдыкцыя для абыходу санкцыяў?

Дарэчы, Беларусь ніколі і не была нейтральнаю. Пагроза з Усходу для нас узнікла не ўчора. Мы былі ў звязе з літоўцамі і ўкраінцамі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Мы былі ў звязе з палякамі ў Рэчы Паспалітай, пакуль разам не былі акупаваныя Масквой у 1795-м.

Святлана Ціханоўская выказалася вельмі проста ў навагоднім віншаванні: альбо Беларусь будзе незалежнай у Еўропе, альбо загіне пад Расеяй. Гэта істотна не таму, што гэта пазіцыя палітыка, а таму, што гэта адлюстроўвае думкі беларускага грамадства. Усе сацыяльныя даследаванні паказваюць палярызацыю беларусаў у пытанні, з кім сябраваць – з Расеяй ці з Еўропаю.

Hавiны
Навагодні зварот абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай
2023.01.01 00:04

Быць саюзнікам Расеі для Беларусі цяпер – гэта выпраўляць сваіх грамадзянаў гінуць на чужой вайне. Гэта наклікаць на сваіх нашчадкаў дзесяцігоддзі рэпарацыяў. Быць незалежнай, маючы пад бокам Расею, для Беларусі можна толькі адным чынам: увайсці ў звяз, мацнейшы за Расею.

Беларусь можа застацца краінаю, толькі ўвайшоўшы ў ЕЗ і NATO. Гэта цяпер выглядае як фантастыка, але цалкам рэальна ў бліжэйшыя гады. Амаль ніхто не прадказваў нападу Расеі на Украіну ў 2021-м, і цяпер ніхто не можа прадказаць наступстваў паразы расейцаў на фронце.

Беларусь у сённяшнім выглядзе – падкантрольная расейскім войскам буферная зона – уяўляе сабою пагрозу краінам ЕЗ і NATO. Правакацыі з мігрантамі ў 2021 годзе ператварыліся ў ваенныя правакацыі ў 2022-м. Напэўна, першы раз з 1945 года беларусы сустракалі Новы год, сур’ёзна баючыся пачатку вайны. І ніколі яшчэ беларусы не сустракалі Новага года, баючыся стацца закладнікамі агрэсіі са сваёй тэрыторыі. Упершыню з намі такое. Краінам Еўропы, як і беларусам, патрэбная Беларусь, якая будзе цывілізаванай, мірнай і вартай даверу краінаю на ўсходняй мяжы Еўразвязу.

А для нас гэта не пытанне эканомікі цяпер, гэта пытанне знікнення народу і краю. Нейтралітэту больш няма.

Агляд
Навагодняя «бавоўна»: Украіна забіла сотні расейцаў. Магчыма, абстраляла расейскія гарады
2023.01.03 18:30

Міхаіл Кірылюк belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў