«Мяжу з Украінай прасцей перайсці». Беларускі памежнік пра мажлівасць змены шляху «міграцыйнага калідору»


Улады Кіева баяцца, што Лукашэнка перанясе міграцыйны крызіс на беларуска-ўкраінскую мяжу. Магчымасць такога развіцця падзей выклікае асаблівую трывогу ў сувязі з пагрозай расейскага ўварвання. «Белсат» пагутарыў з былым беларускім памежнікам, які з меркаванняў бяспекі папрасіў захаваць ананімнасць.

– Ці магчыма, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі перанясе міграцыйны ціск на мяжу з Украінай? І чым мяжа Беларусі з Украінай адрозніваецца ад мяжы з краінамі Еўразвязу?

– Я не палітолаг, таму мне цяжка казаць пра далейшае развіццё гэтага крызісу. Аднак магу сказаць, што ўкраінскую мяжу Беларусі перайсці нелегальна прасцей, чым польскую, літоўскую і латвійскую. Значна прасцей. Яна не так моцна абароненая агароджамі і камерамі.

Ёсць нават месцы, дзе ўвогуле адсутнічае інфраструктура аховы мяжы. Па палях бяжыць толькі КСП [кантрольна-следавы пояс – заўв. Белсат] – спецыяльна ўзараная паласа зямлі, на якой можна ўбачыць сляды. Яна ідзе праз лясы па прасецы шырынёй 30-50 метраў. Такіх месцаў на беларуска-ўкраінскай мяжы з-за яе працягласці – 1084 кіламетры – шмат. Гэта ўся паўднёвая мяжа Беларусі.

Беларуска-ўкраінская мяжа на ўчастку, які ахоўваецца Пінскім памежным атрадам.
Фота: gpk.gov.by

– Як яе ахову арганізоўвае Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі?

– Паўднёвую мяжу ў Берасцейскай вобласці ахоўвае Пінскі памежны атрад, а ў Гомельскай вобласці – Гомельская памежная група і створаная не так даўно Мазырская памежная група.

За апошнія 10-15 гадоў сурʼёзна ўзмоцненая ахова гэтай мяжы, ствараюцца новыя камендатуры і пасты. Бо раней там амаль нічога не было. Цяпер ёсць сілы і сродкі, каб закрыць гэтую мяжу, але ёсць яшчэ месцы, дзе можна ісці-ісці – і незаўважна ўвайсці ва Украіну. Я ведаю, што польска-беларуская мяжа ахоўваецца значна лепш. Наша мяжа з Украінай проста вельмі доўгая, і яе ўшчыльненне было б занадта дарагім.

– Ці ёсць месцы, дзе міграцыйны крызіс можа набыць сурёзны маштаб?

– Ёсць такое месца. На стыку Гомельскай і Берасцейскай вобласцяў знаходзіцца Мерлінскі палігон, дзе ў савецкія часы армія праводзіла нейкія выпрабаванні. Гэта вялізныя балоты і лясы, а бліжэйшыя беларускія населеныя пункты знаходзяцца за 30 кіламетраў ад мяжы. З украінскага боку, наадварот, вёскі амаль на мяжы.

Гэта вельмі дзікая мясцовасць – балоты, бездарожжа – якую цяжка кантраляваць. Але калі сюды прывязуць мігрантаў, ніхто не заўважыць. Сведкаў не будзе. Я кажу не пра памежнікаў, а пра простых людзей.

Але дабрацца туды было б вельмі складана, трэба было б выкарыстоўваць спецтэхніку. Восенню і вясной, калі быў высокі ўзровень вады, нават памежнікаў на пасты адпраўлялі верталётам. Але пешшу можна прайсці.

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». 21 снежня 2021 г.
Фота: MAXIM SHEMETOV / Reuters / Forum

– Ці змаглі б мігранты, у тым ліку сем’і з дзецьмі, пераадолець гэтыя балоты, калі б іх туды перавезлі? Ці перажылі б яны такую дарогу?

– Толькі з правадніком, які вельмі добра ведае мясцовасць. Самастойна там ніхто не пройдзе.

– Што звычайна робяць беларускія памежнікі на гэтым участку? Ці былі там нейкія кантрабандныя шляхі?

– Там заўсёды дзейнічалі кантрабандысты, асабліва ў раёне Дывіна. Але ў асноўным для патрэб мясцовых жыхароў. Яны перавозілі прадукты, калі на якім-небудзь з бакоў была вельмі вялікая розніца ў цэнах.

Зараз, магчыма, гэта ўжо не такая папулярная практыка, але 10-15 гадоў таму гэта было звычайнай з’явай. Асабліва гэта датычылася адзення, якое ва Украіне было вельмі танным, а ў нас дарагое. Людзі цягалі яго па лясах вялізнымі торбамі. З іншага боку, мне цяжка сказаць, што было б выгадна вывезці кантрабандай з Беларусі. Можа, толькі цыгарэты.

– Ці перавозілі кантрабандай таксама «больш сурʼёзны тавар»? Зброя, наркотыкі, алкаголь, людзі?

– Так, вядома. Як праз любую мяжу. Пакуль служыў, часта чуў, што затрымалі кагосьці з марыхуанай. Мы таксама затрымлівалі мігрантаў з Азіі, але не ў такіх маштабах, як цяпер на польскай і літоўскай мяжы.

– Калісьці Лукашэнка заявіў, што апазіцыя незаконна ўвозіць зброю з Украіны. На мяжы нібыта таксама затрымалі анархістаў з групы Аліневіча, якіх абвінавацілі ў кантрабандзе зброі з Украіны. Ці магчыма, што праз зялёную мяжу ў Беларусь трапляе зброя?

– Тэхнічна ўсё магчыма, толькі я не ведаю, ці мае гэта сэнс.

– Вы калі-небудзь затрымлівалі кантрабандыстаў зброі?

– Такія выпадкі былі, але я лічу гэта пастаноўкай у прапагандысцкіх мэтах. Яшчэ да мінулых выбараў была «спроба» перасячы памежны пераход на джыпе са зброяй. Я не бачу ніякага сэнсу перціся ўседарожнікам праз пераход. Нармальны чалавек ведае, што яго затрымаюць – калі не на мяжы, дык пазней. Сапраўдныя кантрабандысты паехалі б іншым шляхам.

З гэтай пастаноўцы смяяліся нават памежнікі, якія там служылі.

Мігранты ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі». Гарадзенская вобласць, Беларусь. Лістапад 2021 года.
Фота: Ян Марэцкі / Streenger

– Якія адносіны былі раней з украінскімі памежнікамі?

– Нармальныя. Калі мы сустракаліся на мяжы, то віталіся, размаўлялі. Паміж намі не было палітычных канфліктаў. Раней тут было спакойна, празрыста, чыста. Добра.

– Ці здолее Украіна ўшчыльніць мяжу, калі беларускія ўлады накіруюць міграцыйны ціск на поўдзень?

– Думаю, толькі шляхам накіравання сюды дадатковых людзей і тэхнікі, вайскоўцаў. Бо яны не змогуць нацягнуць калючы дрот па ўсёй мяжы. Сумняваюся, што нехта дасць Украіне грошы на будаўніцтва плота ці іншай пастаяннай інфраструктуры.

Hавiны
«План Б – шукаць іншы шлях у Еўразвяз». Што далей будзе з мігрантамі ў Брузгах?
2021.11.26 13:37

– Якраз на гэтым тыдні Дзяржаўная памежная служба Украіны абвясціла, што ў студзені атрымае ад ЗША амаль 25 мільёнаў долараў на закрыццё межаў з Беларуссю і Расеяй. Гэтыя грошы павінны быць выкарыстаныя ў тым ліку на беспілотнікі, камеры і патрульныя машыны.

– Я перакананы, што прынамсі частка гэтых сродкаў пойдзе не туды, куды павінна. Украіна падобная да Беларусі, там таксама не ўсё робіцца так, як павінна. Гэта не Еўропа.

– Ці магчыма, што ўкраінцы закрыюць памежныя пераходы з Беларуссю ў выпадку абвастрэння палітычнай сітуацыі?

– Тэхнічна, абсалютна. Але мне цяжка сказаць, што павінна здарыцца, каб іх закрылі.

– Напрыканцы нашай размовы я хацеў бы папрасіць вас вызначыць рэгіён, у якім можа адбыцца міграцыйны крызіс.

– Мяжа на Пінскім участку ў значнай ступені праходзіць па водах Дняпра [уключаючы зону адсялення пасля Чарнобыльскай катастрофы – «Белсат»], таму я лічу, што калі і будзе міграцыйны крызіс, то толькі на Мазырскім ці Пінскім участках.

***

З канца траўня тысячы мігрантаў з Афрыкі і Блізкага Усходу трапілі ў ЕЗ праз мяжу з Беларуссю. Хоць рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмаўляе сваю датычнасць да міграцыйнага крызісу, доказы і сведчанні мігрантаў пацвярджаюць, што да яго арганізацыі маюць дачыненне афіцыйны Менск. На думку ўладаў Польшчы, Літвы і Латвіі, гэта помста за санкцыі Захаду, гібрыдная атака, скіраваная на аслабленне адзінства ЕЗ.

Паводле крыніцаў украінскай і амерыканскай выведкі, Расея стварыла магутную вайсковую сілу ў памежных з Украінай рэгіёнах, і ў пачатку новага году можа адбыцца маштабнае ўварванне. Паколькі Менск зʼяўляецца найбліжэйшым саюзнікам Масквы і эканамічна ад яе залежыць, Кіеў баіцца канфлікту і на мяжы з Беларуссю. Адной з яе формаў можа стаць масавы прыток нелегальных мігрантаў.

Hавiны
Украіна не выключае, што міграцыйная плынь з Беларусі можа павярнуцца ў яе бок
2022.01.02 13:23

ПЯ belsat.eu

Стужка навінаў