news
Разбор
Як бяспечней вывезці вялікія сумы грошай з Беларусі? Законны шлях для шмат каго рызыкоўны
Банк, багажнік, брокер і крыптавалюта – усё мае свае мінусы.
08.12.202307:31

Уявім сабе сям’ю беларусаў, якая сабралася перабрацца за мяжу і прадала кватэру. Як пераправіць грошы? Ёсць чатыры шляхі – і кожны мае свае рызыкі, расказаў «Белсату» праваабаронца Аляксей Лявончык, якому даводзілася перапраўляць у Беларусь нямала грошай у межах ініцыятывы «BY_help».

Шлях № 1. Перавезці праз мяжу, задэклараваўшы

Тэарэтычна беларусы маюць права перавозіць праз мяжу якія заўгодна сумы грошай. Ёсць толькі адно абмежаванне: пры сумах больш за 10 тысяч долараў у эквіваленце (паводле курсу на дзень пераходу мяжы) грошы трэба дэклараваць На гэтым этапе могуць узнікнуць праблемы.

Дэклараваць грошы – значыць, паведамляць пра іх дзяржаве, якой цяпер «не да законаў». Аляксей Лявончык засцерагае: былы палітычны вязень, блізкі палітычнага вязня або любы, на каго сістэма ўжо звяртала ўвагу, – у зоне рызыкі. Сілавікі могуць «не паверыць», што чалавек атрымаў грошы з продажу кватэры, і падумаць, што «атрымаў за экстрэмісцкую дзейнасць». Паводле Лявончыка, «BY_help» ведае некалькі менавіта такіх выпадкаў затрымання на мяжы за дэклараваныя грошы.

Hавiны
Беларуса асудзілі на канфіскацыю 10 тысяч еўраў за няправільны крок на мяжы
2023.11.06 15:39

Калі ж незадэклараваныя грошы адшукаюць, то cканфіскуюць усё, што перавышае 10 тысяч долараў, і накладуць штраф. Сканфіскаваць грошы могуць нават тады, калі зрабіць на мяжы некалькі няправільных крокаў у пошуку кансультацыяў.

Шлях № 2. Перавесці праз банк ці плацежныя сістэмы

Большасць банкаў Беларусі ўсё яшчэ працуе з найбольш папулярнымі картамі – «Visa» і «MasterCard», усё яшчэ пераводзіць грошы на замежныя рахункі, у тым ліку праз сістэму SWIFT. Праблема не толькі ў тым, што за гэта возьмуць камісію 1–2 % ці нават больш (асабліва калі суму ў беларускіх рублях трэба сканвертаваць у замежную валюту).

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Пераводы ва ўмовах санкцыяў яшчэ і небяспечныя, бо могуць не прайсці. Замежны банк можа пастанавіць, што працаваць з беларускім банкам небяспечна з якой-небудзь прычыны. Або нават калі беларускі банк не пад санкцыямі, банк-карэспандэнт можа аказацца падсанкцыйным. Грошы могуць вярнуць за выняткам камісіі, а могуць проста замарозіць – вось прыклад, як іх размарожваць.

Агляд
Якія карты працуюць у Беларусі і як перавесці грошы з-за мяжы
2023.10.26 11:27

Акрамя таго, калі ў Беларусі пакласці на рахунак вялікую суму, ва ўладаў можа паўстаць пытанне пра паходжанне грошай. Як кажа Лявончык, у Беларусі ўжо «не ўжываецца прэзумпцыя невінаватасці»: можна як заўгодна даказваць, што грошы з продажу кватэры, а сілавікі возьмуць і «прышыюць фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці», бо так захочуць, асабліва калі «патрэбная будзе зорачка на пагоны». Асабліва гэта пагражае тым, у каго сілавікі могуць знайсці здымак з пратэстаў ці каментары з крытыкай уладаў. Дый астатнім Лявончык не раіць такім шляхам прыцягваць да сябе ўвагу.

Шлях № 3. Знайсці брокера

«BY_help» не раз прапаноўваў сябе ў якасці брокера для сўопаў: чалавек, які хоча вывесці з Беларусі вялікія грошы, перадае іх прадстаўніку фонду ў Беларусі, а фонд ужо за межамі Беларусі пераводзіць адпаведную суму на замежны рахунак або аддае наяўнымі. Лявончык казаў, што такімі сўопамі пераводзіў «прамысловымі аб’ёмамі» грошы ў Беларусь на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсіяў, пры гэтым не браў адсоткаў (хіба пры пераводзе грошай на замежны банкаўскі рахунак пэўны адсотак возьме банк).

«Гэтая сістэма не новая, – расказвае Лявончык. – Яна паўстала ў Іране, калі краіну ў пачатку 1980-х адключылі ад SWIFT. Яна сама наладжваецца: калі ў цябе няма фізічнай магчымасці вывезці вялікую колькасць грошай, сістэма брокераў паўстае спантанна».

Ды фонд не можа перавесці такім чынам грошай усім ахвочым: колькасць запытаў перавышае патрэбы фонду. Патрэбы ў грошах на дапамогу беларусам у Беларусі засталіся прыблізна ранейшыя, а зваротаў па сўопы стала адчувальна больш, адзначае Лявончык. Звяртацца можна, але можа гэтак стацца, што ў гэты момант грошы ў Беларусі будуць патрэбныя для выплатаў ахвярам рэпрэсіяў, давядзецца чакаць.

«BY_help» не адзіны брокер у Беларусі. Але праблема ў тым, што брокерам трэба давяраць: калі аддаць грошы ў Беларусі, трэба мець упэўненасць, што за мяжой іх вернуць. Да таго ж брокеры могуць браць вялікія адсоткі за паслугі, бо такая неліцэнзаваная дзейнасць рызыкоўная. Лявончык падказвае: можа, ёсць сваяк ці сваяк сваяка, які можа зрабіць такі абмен.

Шлях № 4. Перавесці ў крыптавалюту і назад

Грошы можна пераводзіць, абыходзячы банкі і любыя межы, калі канвертаваць іх у крыптавалюту. У Беларусі за такія пераводы не трэба плаціць падаткаў за дзеянні з крыптавалютаю прынамсі да 2025 года. Незаконна хіба расплочвацца крыптавалютамі за тавары і паслугі.

Ды з гэтым дзве праблемы. Першая – курсы крыптавалютаў абсалютна непрадказальныя, могуць залежаць ад шмат якіх фактараў, у тым ліку ад тўітаў Ілана Маска, скокнуць у нявыгадны бок за вельмі кароткі час.

Другая – грошы трэба неяк канвертаваць у крыптавалюту і назад. За гэта могуць браць адчувальныя камісіі. Лявончык папярэджвае: калі трансакцыя адбываецца праз расейскія ці беларускія крыптабіржы, сілавікі пры жаданні могуць дабрацца да звестак, хто і колькі грошай канвертаваў. Да таго ж, у Беларусі сілавікі ўжо хваліліся канфіскацыяй грошай з крыптагаманцоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu