Вызваленне палітвязняў, дапамога Украіне і перамовы з Вальфовічам. Галоўнае з прэс-канферэнцыі Пераходнага кабінету


Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў далі 2 снежня прэс-канферэнцыю ў Варшаве. «Белсат» вёў жывую трансляцыю. Сцісла пераказваем, што расказалі прадстаўнікі кабінету.

2 снежня ў Аб’яднанага пераходнага кабінету адбылася рэдкая вочная сустрэча – звычайна выходзіць сустракацца онлайн, расказала Святлана Ціханоўская. На сустрэчы былі «канструктыўныя спрэчкі» і прапановы па абноўленай стратэгіі кабінету. Стратэгію яшчэ ўдакладняць і дапоўняць перад тым, як абнародаваць.

Вынікі працы яшчэ не падводзяць

Святлана Ціханоўская згадала, што Кабінет ствараўся перадусім як адказ на запыт беларусаў на аб’яднанне. Аб’яднаць зусім усе дэмакратычныя сілы не ўдалося, але Ціханоўская заклікала ўсіх каардынаваць працу між сабой і працаваць з прадстаўнікамі кабінету. Рэальныя вынікі працы Кабінету збіраюцца падвесці праз паўгода па заснаванні – у лютым 2022 года. Чакаецца, што тады справаздачы прадстаўнікоў заслухае рэфармаваная Каардынацыйная рада.

Разбор
Хто будзе выбіраць Каардынацыйную раду, ці трапяць туды людзі з Беларусі і як правераць кандыдатаў?
2022.10.27 12:55

Павел Латушка адзначыў, што Кабінет ухваліў стратэгію сваёй працы прыблізна на 90 %, і гэтая стратэгія мае публічную і непублічную часткі. Пра вынікі аўдыту працы свайго Офісу Ціханоўская пакуль не ведае, абяцала расказаць пра гэта пазней.

Адказу на пытанне «як найхутчэй вызваліць палітвязняў» няма

Ціханоўская сказала, што хацела б пачуць прапановы, бо пакуль не бачыць рычагоў уплыву на беларускія ўлады, каб тыя вызвалілі людзей. Стратэгія вызвалення – пазбавіць улады рэжым Аляксандра Лукашэнкі, ціснуць на рэжым. Але ў міжнародным ціску ёсць праблема ўвагі іншых дзяржаваў – увага сканцэнтраваная на Украіне, дзе людзі літаральна гінуць сотнямі штодня.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету: Аляксандр Азараў, Валерый Сахашчык, Павел Латушка, Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі зладзілі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Латушка расказаў пра інструменты ціску: персанальныя і сектаральныя санкцыі, інструменты міжнароднай крымінальнай адказнасці. У супрацы з BYPOL, «Беларускім расследавальніцкім цэнтрам» і іншымі ўстановамі плануюць стварыць адмысловы санкцыйны камітэт, каб уносіць скаардынаваныя прапановы замежным партнёрам.

Валерый Сахашчык у сваю чаргу сказаў, што чыста сілавога шляху вызвалення палітвязняў няма. Ён нагадаў, што ў гісторыі былі шматлікія спробы вызвалення палонных з іншых дзяржаваў, але далёка не ўсе былі паспяховымі, бо такія аперацыі надзвычай складаныя.

У прыярытэце – дапамога Украіне і беларускім ваярам ва Украіне

На думку Паўла Латушкі, найлепшай дапамогай Украіне будзе вызваленне Беларусі.

Паводле Сахашчыка, вялізных поспехаў на ўкраінскім кірунку яшчэ няма, бо пачынаць даводзілася практычна з нуля. Але справа з дапамогай беларускім добраахвотнікам ва Украіне ідзе – так, ужо арганізуюць сістэму дапамогі беларускім ветэранам вайны ва Украіне, ёсць дамоўленасць са шпіталем у Варшаве на сістэмную медычную дапамогу, ідзе фармальная рэгістрацыя аб’яднання ветэранаў, ідзе праца з Офісам прэзідэнта Украіны па кожным выпадку праблемаў беларускіх ваяроў (якія, напрыклад, засталіся без належнага забеспячэння).

Валерый Сахашчык.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сахашчык рэзюмаваў адносна беларускіх ваяроў, што ўжо «можам глядзець у вочы гэтым хлопцам». Таксама, паводле яго, шмат робіцца, каб Узброеныя сілы Беларусі не бралі ўдзелу ў гэтай вайне, бо іначай будуць вялізныя чалавечыя страты, а замест «плану Маршала» – рэпарацыі.

Ва Украіне ствараюць беларускую вайсковую частку

Адзін з крокаў – стварэнне «нашай вайсковай часткі» ва Украіне, расказаў Валерый Сахашчык, але на прэс-канферэнцыі ён не расказваў падрабязнасцяў пра тое, што гэта за частка.

Абноўлена. Пасля канферэнцыі Сахашчык расказаў «Белсату», што вайсковая частка – не нейкае «віртуальнае» аб’яднанне, а сапраўдны фізічны аб’ект са сваім вайсковым мястэчкам, базай. У частцы будуць служыць не толькі беларусы. Хоць пераважна яна будзе камплектавацца беларусамі, камандаванне будзе ўкраінскім – іначай у Збройных сілах Украіны быць не можа. Таксама будзе служыць нейкая невялікая колькасць грамадзянаў іншых краінаў.

Таксама Сахашчык удакладніў, што дапамога ветэранам у Польшчы пакуль будзе толькі медычнай – і гэтае пытанне ўжо вырашанае. Што да іншых відаў дапамогі ветэранам, як то псіхалагічнай ці фінансавай, ён пакуль не атрымліваў запытаў. Але і гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца. Сахашчык дадаў, што ўжо прапанаваў ветэранам варыянты працаўладкавання адпаведна стану здароўя. Пакуль жа запыты былі ў медычнай дапамозе і рэгістрацыі аб’яднання ў Польшчы, дапамозе ў аднаўленні парушаных правоў ва Украіне.

У перамозе Украіны ў Кабінеце не сумняюцца

Але Аляксандр Азараў заявіў, што ў планах дзеянняў Кабінету няма чакання перамогі Украіны, а ёсць арыентаванне на тое, што трэба рабіць, каб наблізіць тую перамогу. Прадстаўнікі Кабінету разглядаюцца ўсё сцэнары таго, што можа быць да перамогі Украіны. Напрыклад, калі ў Беларусі будзе абвешчаная мабілізацыя, разглядаецца магчымасць стварэння «зялёных калідораў» для ўцёкаў тых, хто не захоча ваяваць.

Калі беларускія войскі пойдуць на тэрыторыю Украіны ў складзе беларуска-расейскай групоўкі, то іх павінны сустрэць таксама беларусы – тады вялікі шанец, што вайскоўцы «пяройдуць на бок справядлівасці». Сахашчык адзначыў, што план на гэты выпадак ёсць, хоць рэсурсаў на гэты план мала.

Аляксандр Азараў.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Полк імя Кастуся Каліноўскага вядзе сваю палітычную гульню

Сахашчык не стаў спрачацца з фармулёўкай з боку журналістаў, што полк Каліноўскага мае ўласныя палітычныя планы. Але адказаў, што гэта не мае значэння для Кабінету, бо галоўная задача – зрабіць усё, каб зберагчы жыццё кожнага ваяра, аказаць пасільную дапамогу ўсім структурам незалежна ад палітычных поглядаў і мэтаў. Людзі, якія ваююць, перадусім думаюць пра выкананне вайсковай місіі, падкрэсліў ён. А непаразуменні калі і ёсць, то «аднабаковыя», сказаў Сахашчык: са свайго боку ён робіць усё магчымае для супрацы, спадзяецца на збліжэнне пазіцыяў і поўнае паразуменне.

Галоўная задача Кабінету цяпер – абараніць незалежнасць Беларусі

Як адзначыў Валер Кавалеўскі, Расея пашырае ваенную прысутнасць у Беларусі, узмацняе інструменты кантролю над дзяржаўнай палітыкай і эканомікай, а міжнародная супольнасць часам гэтага не бачыць. Таму ў замежных паездках Кабінет нагадвае, што абавязак міжнароднай супольнасці – бараніць незалежнасць Беларусі. Гэтымі днямі, дадаў ён, адкрываецца беларуская місія ў Бруселі, таксама прадстаўнікі Кабінету прысутнічаюць у Празе, Талліне і Кіеве. На наступны год дапамога ад Еўразвязу для дэмакратычнай Беларусі будзе павялічаная, дапамагаць будуць таксама ЗША, Вялікая Брытанія і іншыя краіны.

Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Аліна Коўшык дадала, што без абароны нацыянальнай ідэнтычнасці, беларускай культуры і мовы не абараніць незалежнасць, таму за мяжой, дзе цяпер вымушана знаходзіцца большая частка культурных дзеячаў, ствараюцца прафесійныя супольнасці, трывае праца з выдаўцамі кніг і нават стварэннем Інстытуту беларускай кнігі.

«Мы заявілі права на ўладу, таму што ў Беларусі няма легітымнай улады на сённяшні дзень», – растлумачыў Латушка.

«Ёсць функцыянальнае ўтрыманне ўлады на чале з нелегітымным Лукашэнкам, – працягнуў Латушка. – Гэты ўрад і Лукашэнка ажыццяўляюць дзяржаўны тэрарызм. Яны ажыццяўляюць злачынства, якое доўжыцца на працягу ўжо некалькіх гадоў, калі мы разглядаем перыяд са жніўня 2020 года. У нас няма самамэты прыйсці да ўлады. Але мы ставім гэтую мэту абсалютна ў якасці прыярытэту дзеля таго, каб аднавіць закон і права ў нашай краіне. І ў нашай стратэгіі вельмі дакладна прапісана, што нашай задачай з’яўляецца правядзенне новых дэмакратычных выбараў – і пасля гэтага ўжо функцыянуе ўрад, які будзе створаны адпаведнымі легітымнымі структурамі ўнутры Беларусі».

Ці магчымае вызваленне Беларусі ўзброенымі беларусамі з-за мяжы?

Тут меркаванні падзяліліся. На думку Сахашчыка, беларускія палкі ва Украіне – гэта не сіла, якая пойдзе на Менск, бо ніводная краіна не дасць дазволу стварыць на сваёй тэрыторыі штосьці дзеля агрэсіі супраць іншай дзяржавы. Але гэткая сіла можа паўплываць і без гвалту: яшчэ ў 2020 годзе, калі «былі кветачкі і шарыкі», быў бачны страх у вачах сілавікоў, але для пералому сітуацыі чагосьці не хапіла. Латушка ж мяркуе, што «гісторыя мае варыянты» вызваленых арміяў, якія рыхтаваліся за межамі, таму не выключае варыянту, калі беларусы з Украіны пойдуць вызваляць Беларусь.

Агляд
Паспалітае рушэнне, план «Перамога», полк Каліноўскага і полк «Пагоня» – чым яны адрозніваюцца?
2022.10.01 16:40

План «Перамога» чакае ўзрушэння ў Беларусі

BYPOL рыхтуе групы спецыяльных аперацыяў і харугвы Паспалітага рушэння, дзе ўжо падрыхтаваныя людзі змогуць навучаць маладых беларусаў. З планам «Перамога» чакаюць зручнага моманту: трэба, каб у Беларусі ўзрушылася грамадства, распавёў Аляксандр Азараў. Напрыклад, такое можа здарыцца, калі абвесцяць масавую мабілізацыю або калі пашлюць войскі ва Украіну.

Каб запусціць план «Перамога», трэба, каб людзі выйшлі на вуліцы. Калі гэта будзе, невядома, але трэба не сядзець і чакаць, а рыхтавацца, сказаў Азараў і запэўніў, што падрыхтоўка трывае. Таксама BYPOL арганізаваў верыфікацыйны цэнтр (напрыклад, каб Украіна спраўджвала, ці можа адкрываць рахункі канкрэтным беларусам, а Чэхія – ці можа даць працягваць навучанне канкрэтным беларускім студэнтам).

Акрамя таго, BYPOL стварыў базу звестак пра злачынствы рэжыму Лукашэнкі, перадаў яе ў Арганізацыю аб’яднаных нацыяў, дапамагае ААН шукаць доказы і працягвае ўласныя расследаванні.

Кабінет шукае новых прадстаўнікоў, «міністра фінансаў» могуць зрабіць непублічным

У скандале з Таццянай Зарэцкай Ціханоўская не пабачыла канструктыўнай крытыкі, а бачыла штосьці больш падобнае да атакі. Наратывы, мяркуе яна, былі закінутыя сілавікамі. Функцыю «міністра фінансаў» хочуць зрабіць закрытай, каб абараніць прадстаўніка ад атакі рэжыму. Магчыма, у будучыні Кабінет падзеляць функцыі «міністра фінансаў» і «міністра эканомікі». Новых прадстаўнікоў шукаюць, але людзі разумеюць небяспеку – «чэргаў не стаіць».

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і Павел Латушка.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У Кабінеце зʼявіўся адказны за візавыя пытанні і легалізацыю беларусаў за мяжой

Валер Кавалеўскі расказаў, што праца з візавым пытаннямі працягваецца, Кабінет разумее, што сотні тысяч беларусаў апынуліся за мяжой і часам трапляюць у складаныя юрыдычныя сітуацыі. Найперш праца ідзе з урадамі краінаў, дзе апынулася найбольш беларускіх уцекачоў. Але таксама ідзе праца з Еўрапейскай камісіяй, каб палепшыць працэдуры легалізацыі грамадзянаў Беларусі, і з працэсам выдачы візаў у Беларусі.

Ідэя альтэрнатыўнага «пашпарту незалежнай Беларусі» не фантастычная, «ёсць перспектывы» вырашэння праблемы з пашпартамі, праз пэўны час пра гэта змогуць расказаць больш падрабязна.

Выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская і чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Валерый Сахашчык і Аляксандр Азараў зладзілі прэс-канферэнцыю ў варшаўскім «Музеі Вольнай Беларусі». Варшава, Польшча. 2 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сахашчык звярнуўся да колішняга блізкага сябра – дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча

Напрыканцы прэс-канферэнцыі Валерый Сахашчык заклікаў дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча да адкрытай размовы ў жывым эфіры, бо ад іхных дзеянняў залежаць жыцці вялікай колькасці людзей.

Паводле Сахашчыка, у іх з Вальфовіча «разышлося разуменне таго, што такое дабро і зло». Але Сахашчык нагадаў, што ўсе войны сканчаюцца перамовамі, таму лепей не чакаць і пачынаць перамовы цяпер. Ён таксама нагадаў Вальфовічу, што ў прыватнай размове той прызнаваў – большая частка беларусаў патрабуе пераменаў.

Hавiны
Новая Беларусь: беларусам прапануюць стварыць свабодную дзяржаву ў смартфоне
2022.12.02 21:04

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў