«Стараецца з усіх сіл усё гэта выносіць». Як пачуваецца за кратамі журналістка Кацярына Андрэева


Былая палітзняволеная распавяла, як маецца нашая калега, журналістка «Белсату», Кацярына Андрэева. Ейныя словы перадае праект пра гісторыі палітзняволеных беларусак «Палітвязынка».

Кацярына Андрэева ў судзе. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Каці з самага пачатку вельмі цяжка было. Яе размеркавалі ў прэс-атрад, праз які прайшлі шмат якія палітзняволеныя дзяўчаты. Цяпер там Соф’я Сапега, і яе вельмі жорстка прэсуюць ужо працяглы час. Яе і Паліну Шарэнду-Панасюк выклікалі на «гутарку» да начальніка калоніі.

Каця вельмі чулая. І на яе аказваецца маральны ціск з боку маргінальных асобаў. Каці забаранялі нават падыходзіць да палітычных. А калі ўдавалася ёй перакінуцца з намі словамі, было відаць, што яна стараецца з усіх сіл усё гэта выносіць. Каця цяпер вярнулася ў калонію з дадатковым тэрмінам. Яе перавялі ў лепшы атрад, але на фабрыцы ёй забаранілі нават глядзець на палітычных. Каця моцна напакутавалася, але вельмі годна праходзіць гэты шлях, як бы цяжка ёй ні было», – перадае былая палітзняволеная.

Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву затрымалі 15 лістапада 2020 года падчас стрыму з плошчы Пераменаў. Разам з журналісткаю Дар’яй Чульцовай яе асудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі. Сёлета Кацярыне выставілі новае абвінавачанне – у «здрадзе дзяржаве». 13 ліпеня Гомельскі абласны суд даў ёй 8 гадоў і 3 месяцы калоніі агульнага рэжыму паводле сфабрыкаванага абвінавачання.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. На падставе якіх падзеяў паўстала гэтая справа, дасюль не вядома. У судзе заявілі, што Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве».

Падтрымаць палітзняволеную журналістку можна паштоўкаю ці лістом на адрас: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Кацярына Андрэеўна Бахвалава.

Гісторыі
«Я нібыта разблакавала апошні ўзровень у складанай гульні». Год з жыцця Кацярыны Андрэевай
2022.11.02 08:33

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў