Сябар Баскава ўзначаліў менскую СДзЮШАР БФСТ «Дынама»


Арцём Каркоцкі з з Фазэлем і Баскавым.
Фота: Арцём Каркоцкі/Instagram

Арцём Каркоцкі стаў дырэктарам менскай хакейнай школы, да гэтага на запрашэнне Дзмітрыя Баскава ён працаваў у Федэрацыі хакею Беларусі.

Яны пасябравалі цягам спартовай кар’еры, калі разам гулялі ў ХК «Віцебск» і «Берасце». Каркоцкага, як і Баскава, цяжка назваць паспяховым хакеістам, хоць ён паспеў пагуляць адразу за дзве нацыянальныя зборныя: спачатку за Беларусь, а потым за ААЭ. У Беларусі форвард пагуляў ледзь не за палову камандаў краіны: Наваполацк, Берасце, Віцебск, Гомель, Салігорск. Потым ён паездіў па не самых вядомых клубах Казахстану, Латвіі і Кітаю, пакуль добра не ўладкаваўся ў Арабскіх Эміратах. У 64 гульнях у ААЭ Арцём закінуў 111 шайбаў, і стаў гульцом мясцовай зборнай.

У 2020 годзе Каркоцкі вярнуўся на радзіму і стаў выступаць за каманду Лукашэнкі і суправаждаць у розных паездках Баскава – у прыватнасці, яны разам ездзілі ў Берасце на акумулятарны завод, які часткова належыць Баскову і супраць якога тры гады пратэставалі берасцейцы.

А падчас візіту былога кіраўніка Міжнароднай федэрацыі хакею Рэнэ Фазэля ў Менск Каркоцкі выклаў у свой Instagram фота з чырвона-зялёным сцягам на аватары, на якім ён быў разам з Фазэлем і Баскавым. Гэты здымак выклікаў мегаскандал, і хоць Каркоцкі паспеў яго выдаліць, ён каштаваў міжнароднай карʼеры і Фазэлю, і Баскаву. Нагадаем, што сёння Баскаў трапіў пад амерыканскія санкцыі.

Hавiны
Былы кіраўнік Федэрацыі хакею Дзмітрый Баскаў прызначаны сенатарам
2021.09.14 14:45

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў