Галоўнае за дзень: новыя санкцыі, Ціханоўская ў «Financial Times», «Оскар» і скаргі Макея


«Белсат» падводзіць вынікі чарговага дня сацыяльнага крызісу пасля выбараў прэзідэнта. Пра самае важнае чытайце ў нашым аглядзе.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская ўвайшла ў спіс «Жанчыны года 2021» паводле брытанскага выдання «Financial Times».

Святлана Ціханоўская выступае са зваротам на пленарнай сесіі Еўрапейскага парламенту. Страсбург, Бельгія. 24 лістапада 2021 года. Скрыншот: europa.eu

Выданне называе Святлану Ціханоўскую «заўзятаю лідаркай і палкай абаронцаю дэмакратыі».

Усяго ў рэйтынг увайшлі 25 самых уплывовых жанчын свету, у ліку якіх – спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі, прэзідэнтка Тайваню Цай Ін Ўэнь, тэнісістка Наомі Осака, генеральная дырэктарка «General Motors» Мэры Бара, акторкаСкарлет Ёгансан ды іншыя.

«Courage» ў лонг-лісце «Оскару»

Фільм беларускага рэжысёра Аляксея Палуяна «Courage» аб пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе кваліфікаваўся на прэмію «Оскар» у катэгорыю найлепшых дакументальных поўнаметражных фільмаў.

Стужка распавядае пра леташнія пратэсты ў Беларусі.

Артыкулы
Фільм рэжысёра Аляксея Палуяна пра беларускія пратэсты кваліфікаваўся на прэмію «Оскар»
2021.12.02 11:29

Апошні самалёт з мігрантамі

Мігранты падчас пасадкі ў менскім аэрапорце. 2 снежня 2021 года.
Фота: iraqi.airways.official / Facebook

Сёння, 2 снежня, Boeing-747 авіякампаніі «Iraqi Airways» здзейсніў апошні эвакуацыйны рэйс з мігрантамі, якія пажадалі вярнуцца на радзіму. Самалёт вылецеў з менскага аэрапорту ў накірунку сталіцы іракскага Курдыстана – гораду Эрбіль.

Усяго на рэйс зарэгістравана 427 пасажыраў. З іх 12 дзяцей да 2 год, паведамляе прэс-служба менскага аэрапорту.

Hавiны
Апошні самалёт з мігрантамі вылецеў з менскага аэрапорту ў Ірак
2021.12.02 14:33

Новыя санкцыі

Пад санкцыі патрапілі, сярод астатніх, начальнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Кручкоў і Анатоль Лапо, кіраўнікі памежных груп і атрадаў, суддзі, а таксама прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, выканаўчы дырэктар у фінансавых расследаваннях Дзяржкантролю Андрэй Пракапук, дырэктар у фінансавых расследаваннях Дзяржкантролю Ігар Маршалаў, кіраўнік тэлеканала АНТ Марат Маркаў.

Таксама у санкцыйны спіс патрапілі Belavia, турфірмы «Цэнтркурорт», «Оскартур», гатэлі «Менск» і «Планета», «Беларусьнафта», «ГорадняАзот», «Горадня Хімвалакно», «Белшына».

Фізічных і юрыдычных асобаў вінавацяць у датычнасці да міграцыйнага крызісу і ціску на Еўразвяз.

Злучаныя Штаты таксама пашырылі свае санкцыі яшчэ на 12 арганізацыяў і 20 фізічных асобаў, датычных да рэжыму Лукашэнкі.

Санкцыі сталі адказам афіцыйнаму Менску на міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЕЗ, а таксама на працяг палітыкі рэпрэсіяў унутры Беларусі. Санкцыйны спіс апублікаваны на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

У спіс фізічных асобаў патрапілі, сярод іншых, сын Лукашэнкі Дзмітрый, Міхаіл Бедункевіч ды Андрэй Паршын з ГУБАЗіКу, набліжаны да Лукашэнкі спартовец Дзмітрый Баскаў.

Макей у Стакгольме

У сталіцы Швецыі 2–3 снежня праходзіць паседжанне Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе. Беларусь там рэпрэзентуе Уладзімір Макей.

Уладзімір Астапенка, адказны за шматбаковую дыпламатыю ў Народным антыкрызісным упраўленні, распавёў:

«Я так разумею, што ён, з аднога боку, выслухае ад замежных калегаў шмат крытыкі. З другога боку, можа, будзе планаваць нейкія двухбаковыя сустрэчы: з казахамі, кіргізамі, партугальцамі, брытанцамі – не ведаю, што ў яго атрымаецца. Мяркую, што не так шмат будзе ахвочых з ім сустракацца. Хаця, зноў жа, можа, хтосьці захоча з ім спецыяльна сустрэцца, каб давесці глыбокую заклапочанасць пра сітуацыю з правамі чалавека».

Двухбаковыя сустрэчы падчас такой падзеі бываюць і публічныя, і непублічныя, дадае ён. Захоўваецца інтрыга, ці пойдзе Захад на кантакты з Макеем.

Hавiны
Што свеціць Макею ў Стакгольме? Кіраўнік МЗС прыляцеў на канферэнцыю АБСЕ
2021.12.02 18:19

Пра што казаў у сваёй прамове кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі, распавёў у студыі «Белсату» ўкраінскі палітолаг Мікола Валкоўскі які знаходзіцца ў сталіцы Швецыі.

«Макей скардзіўся, што Еўропа кепская, і што ЗША – кепскія, і што еўрапейскія палітыкі вядуць негатыўную палітыку супраць уладаў Беларусі. Нават успомніў пра тое, што кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Барэль назваў нібыта ЕЗ і ЗША валадарамі свету. І што яны такім чынам хочуць пабудаваць крэпасць…» – расказаў Мікола Валкоўскі.

Hавiны
«Еўропа – кепская, а Беларусь хоча міру». Пра што казаў Макей на саміце АБСЕ ў Стакгольме
2021.12.02 22:00

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў