Эксперты: Улады намагаюцца перанесці свой страх на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць


Сілавікі, чыноўнікі, дзяржслужбоўцы ў Беларусі даволі часта выказваюць пагрозы палітычным апанентам і нават на заканадаўчым узроўні прымаюць захады, якія часта супярэчаць Канстытуцыі. Але такія словы і захады дэманструюць толькі адно: страх уладаў і жаданне гэты страх перанесці на грамадства, бо іначай рэалізаваць сваю ўладу яны не могуць. Такое меркаванне ў размове з «Белсатам» выказваюць не толькі праваабаронцы, але і псіхолагі, якія аналізуюць паводзіны ўладаў і грамадства.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 году. Mенск, Беларусь.
Фота: Белсат

Раней Мікалай Карпянкоў, былы кіраўнік ГУБАЗіК (цяпер – намеснік міністра ўнутраных справаў), а пазней дэпутат палаты прадстаўнікоў Алег Белаконеў выказваліся пра забойствы апазіцыянераў і іншадумцаў. Гэтыя словы і пагрозы гучаць таксама з боку дзяржаўных медыяў. У сваю чаргу ўсе буйнейшыя незалежныя медыі ў краіне на працягу году сталі экстрэмісцкімі. А ГУБАЗіК наагул прапанаваў пазбаўляць грамадзянства беларусаў, якія жывуць за мяжой і забіраць у іх маёмасць.

Пры гэтым афіцыйныя асобы прапаноўваюць свае ініцыятывы аформіць на заканадаўчым узроўні. Вядома, дэпутаты падтрымаюць гэтыя прапановы, нават нягледзячы на тое, што законы супярэчаць Канстытуцыі. У выніку атрымліваецца, што дзяржава афіцыйна змагаецца не з палітычнымі апанентамі, а са злачынцамі, тэрарыстамі. Але ў гэтым змаганні, як падкрэслівае адказны за пытанні юстыцыі ў Народным антыкрызісным упраўленні Міхал Кірылюк, відавочныя палітычныя матывы.

«Гэта дзіўна, што гучаць такія словы, нібыта ў нашай краіне вядзецца неаб’яўленая вайна. І гэта адзін з метадаў вядзення гэтай вайны. Што да пагрозаў пра канфіскаванне маёмасці і пазбаўленне грамадзянства, то паводле Канстытуцыі ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства. Але на жаль бачым, што галоўны закон не мае для гэтых людзей аніякага значэння», – кажа Міхал Кірылюк.

Аб’ектыў
ГУБАЗіК прапанаваў пазбаўляць «недабранадзейных» беларусаў грамадзянства і маёмасці
2021.11.24 22:25

Рэалізаваць пагрозы не хопіць рэсурсаў

Зрэшты, улады не ў стане рэалізаваць выкананне сваіх жа прынятых законаў. Цяпер у нашай краіне экстрэмісцкімі прызналі больш за 330 Telegram-каналаў і чатаў. Агульная аўдыторыя гэтых рэсурсаў складае больш за мільён грамадзянаў краіны. Міхал Кірылюк кажа, што ў сілавікоў няма фізічнай магчымасці пасадзіць у турму мільён асобаў.

«Відавочна, што яны маюць для гэтага падставы, паводле таго, што яны занатавалі ў заканадаўстве ў сваёй парадыгме мыслення. І гэта дэманструе нам, што яны разумеюць нетрываласць свайго становішча. Бо калі ты сапраўды лічыш, што за цябе прагаласавалі 80 % насельніцтва, то і няма сэнсу прызнаваць мільён асобаў тэрарыстамі, ці пагражаць забіць сотні асобаў. Гэта дэманструе іх страх і яны жадаюць гэты страх распаўсюдзіць на ўсіх беларусаў, бо без гэтага страху не змогуць рэалізаваць сваю ўладу», – кажа Міхал Кірылюк.

Артыкулы
«Мая краіна апускаецца на ўзровень тэрарыстаў». Юрыст НАУ пра завочныя суды над палітуцекачамі
2021.11.30 11:33

Але ў намаганнях перанесці страх на грамадства ў сілавікоў значна больш поспеху. Псіхолаг, які на ўмовах ананімнасці прааналізаваў захады сілавікоў і ўладаў у Беларусі, кажа, што сёння ў нашай краіне мільёны асобаў, прычым з абодвух бакоў супрацьстаяння, маюць посттраўматычны сіндром (ПТСР). І ўлады карыстаюцца гэтым, павялічваюць страх, бо ведаюць, што гэта базавая эмоцыя, якая забяспечвае нашую бяспеку.

«Няма адчування бяспекі, уключаецца страх, мы перастаем мысліць рацыянальна. Таму яны імкнуцца падтрымліваць гэты страх. Мы баімся за сябе, за дзяцей, за свае актывы, за сваю працу. Сітуацыя нагнятаецца штучна, каб выключыць у нас рацыянальнае і прымусіць нас рабіць нейкія неадэкватныя крокі. І гэта маніпуляцыя, але яна ў сілавікоў адзінае, што ёсць у арсенале, паколькі ўсе спробы падмануць, замяніць нашую рэальнасць у іх не атрымаліся», – кажа псіхатэрапеўт.

Аналітыка
Топ-10 дзікунскіх ініцыятываў рэжыму Лукашэнкі
2021.11.27 07:30

Замест гвалту фізічнага – гвалт псіхалагічны

Эксперт адзначае, што сілавікі пасля выбараў у жніўні мінулага году, каб стабілізаваць сітуацыю, павялічылі гвалт. Але гэта ўладам не дапамагло. Таму цяпер карыстаюцца псіхалагічным ціскам на грамадзянаў краіны.

«У сілавікоў засталася адзіная кропка маніпуляцыі, каб уключыць страх. А ў людзей з ПТСР да гэтага часу засталася трывожнасць, якая нікуды не дзелася і будзе захоўвацца, пакуль мы не адчуем сябе ў бяспецы. Таму трывожнасць таксама выклікае страх. Калі глядзець з пункту погляду псіхалогіі, яны дзейнічаюць абсалютна адпаведна сітуацыі. Ствараецца вір, пры якім кожнае затрыманне, кожны сюжэт толькі засмоктвае асобу. І калі за дапамогай прыходзіць чалавек, якога гэты вір паглынае, то ён ужо не ў стане глядзець рацыянальна на свет, прымаць нейкія рашэнні ў сваім жыцці. І ў чалавека складваецца нейкая карціна, якая не мае нічога агульнага з нашай рэальнасцю», – кажа псіхолаг.

Марш Міру і Незалежнасці. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

У існай сітуацыі псіхолагі раяць рацыянальна глядзець на сітуацыю, адкідваць эмоцыі і аналізаваць той жа страх. Эксперты кажуць, што трэба самому сабе ставіць пытанне, чаго менавіта мы баімся і што будзе далей. Напрыклад на тое, што баімся ўварвання сілавікоў, неабходна зразумець, што насамрэч нічога страшнага не адбудзецца, калі яны зламаюць дзверы і зойдуць, бо неба не ўпадзе на зямлю, калі паставяць тварам да сцяны, таксама нічога катастрафічнага не адбудзецца. Калі арыштуюць на 15 содняў, чалавек застанецца здаровым, выйдзе на волю ў хуткім часе. І калі прагаварыць такім чынам сітуацыю з пачатку і да канца, кожная эмоцыя пачынае зніжацца, кажа псіхолаг.

«Бо ў мадэляванні такой сітуацыі кропкі, дзе чалавек загіне – няма. А страх – гэта як раз пра тое, што я памру. І паступова трэба шукаць рацыянальныя спосабы кампенсаваць гэты страх, каб пра яго не думаць. Кожны мае сваё жыццё, справы, дзяцей, пра якіх трэба думаць у першую чаргу. Трэба вяртацца ў сённяшні дзень, праводзіць яго, планаваць свае справы. Адзін з найбольш распаўсюджаных страхаў – захварэць на невылечную хваробу. І варта паставіць чалавеку ўстаноўку, што а раптам ты захварэеш праз год, то з улікам гэтага, як можаш пражыць сённяшні дзень? І тут аналагічная сітуацыя з страхам, які выклікаюць сілавікі. Пра што ты, калі цябе раптам затрымаюць на 15 содняў, будзеш узгадваць, каб вяртацца да рэальнасці, каб разумець, што гэта толькі перыяд, ён хутка закончыцца», – адзначае суразмоўца belsat.eu.

Hавiны
Псіхолаг: Сілавікі цяпер на вайне, нават дзяўчына з кветкамі – для іх вораг
2021.11.20 14:00

РК belsat.eu

Стужка навінаў