У Польшчы прыпынілі следства аб збіцці палякаў у Менску падчас пратэстаў-2020


Следства ў справе збіцця трох грамадзянаў Польшчы ў Менску ў жніўні 2020 года – пасля выбараў-2020 – зайшло ў тупік і было прыпыненае, піша польскае выданне «RMF24». Улады Беларусі адмовіліся супрацоўнічаць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі падчас разгону мірных пратэстаў. Менск, Беларусь. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Карэспандэнт выдання даведаўся, што расследаванне прыпынілі з прычыны «працяглых перашкодаў, што робяць немагчымым правядзенне такога расследавання». Паводле выдання, улады Беларусі больш як два гады не адказвалі на зварот польскай пракуратуры наконт спрыяння расследаванню.

Справа тычыцца незаконнага пазбаўлення волі і катавання трох грамадзянаў Польшчы, затрыманых пасля 9 жніўня 2020 года. Ахвяры – Кацпэр, Вітальд і Ролянд – былі схопленыя амапаўцамі ў цэнтры Менску. Паводле іх словаў, сілавікі паклалі іх тварам на зямлю і пагражалі выбіць усе зубы, наступная змена сілавікоў прымусіла іх стаяць тварам да сцяны некалькі гадзінаў, яшчэ адная змена – стаяць на каленах ілбом у зямлю. Увесь час іхныя рукі былі скаваныя кайданкамі за спінай. Іх білі дручкамі, калі яны прасілі вады, а таксама падчас допытаў і складання пратаколаў. Білі нават да страты прытомнасці.

Мужчынаў вызвалілі пасля 72 гадзінаў затрымання, яны вярнуліся ў Польшчу 14 жніўня 2020 года. У іх зафіксавалі шматлікія траўмы галовы, каленных суставаў, запясцяў, рэбраў, жывата.

Агляд
Звыш 136 тысяч беларусаў пацярпелі ад рэпрэсіяў з траўня-2020. Даследаванне «Justice Hub»
2023.07.27 16:28

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў