У Крычаве сілавікі затрымалі дырэктара шыфернага завода і яго намеснікаў


Пракуратура Крычаўскага раёну завяла крымінальную справу на дырэктара крычаўскага прадпрыемства і двух яго намеснікаў з-за продажу прадукцыі з завышанай нацэнкай. Справа заведзена па артыкуле аб злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Аб гэтым паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. 

Стары цэментны завод у Крычаве.
Фота: krichevlive.by

Паводле матэрыялаў справы, на прадпрыемстве па вырабе шыферу пры вызначэнні адпускных цэн на прадукцыю не выконвалі максімальны нарматыў рэнтабельнасці. Ён уключаецца ў адпускную цану ў памеры 15 працэнтаў да планавага сабекошту вытворчасці і рэалізацыі.

Як сцвярджае пракуратура, кіраўніцтва прадпрыемства ўстанаўлівала нацэнку на шыфер у памеры ад 20 працэнтаў да 107 працэнтаў да планавага сабекошту. Каб схаваць гэта, яшчэ з ліпеня 2022-га кіраўнікі абмяркоўвалі, што трэба ў бухгалтарскім уліку павысіць планавы сабекошт на ўжо прададзены тавар. Пасля зʼяўлення дырэктывы «Аб недапушчальнасці росту цэн», фігуранты справы пачалі 11 кастрычніка актыўна ўпісваць у «1С-Бухгалтэрыя» павялічаны планавы сабекошт ужо прададзенага тавару, адмянілі ўведзеныя ў праграму таварна-транспартныя накладныя, унеслі фіктыўныя дадзеныя аб выдатках.

«Усяго было сфальсіфікавана больш за 1500 дакументаў», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Акрамя таго, прадпрыемства не мела сертыфікатаў на частку прадукцыі.

Пракуратура паведамляе, што дырэктар і два намеснікі затрыманы ў парадку арт. 108 КПК па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў злачынстве. Пры гэтым адзін з траіх ужо ўзяты пад варту.

Пракуратура не прыводзіць назву прадпрыемства поўнасцю, толькі ў скарочаным выглядзе: ТАА «К.». Па меркаванні выдання «Зеркало», хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб ТАА «КМБ-Усход». Гэта прыватнае прадпрыемства, якое працуе з 2017 года і вырабляе розныя віды шыферу. На ім працуе каля 130 чалавек. У жніўні 2022-га «КМБ-Усход» выкупіла ў дзяржаўнага ААТ «Крычаўцэментнашыфер» частку старога цэментнага заводу, якую раней арандавала.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў